Са студзеня па сакавік гэтага года польскую мяжу перасякло больш нелегальных імігрантаў, чым за ўвесь 2011 год. “Да мяжы Польшчы і адначасова Еўрасаюза іх падводзяць беларускія памежнікі”, — сцвярджае газета са спасылкай на жыхароў памежных раёнаў Польшчы, якім пра гэта расказваюць нелегалы.

Польскія памежнікі таксама расказваюць, што іх беларускія калегі пачалі па-іншаму паводзіць сябе. Раней, калі палякі затрымлівалі нелегалаў, то інфармавалі пра гэта беларускі бок, потым супольна аналізавалі сляды, месца пераходу мяжы, а нелегалы вярталіся ў Беларусь, бо адтуль прыбылі. Цяпер палякі таксама інфармуюць беларусаў, але апошнія сцвярджаюць, што нічога падазронага, у тым ліку слядоў, не заўважылі. А нелегалы застаюцца ў Польшчы ў спецыяльных цэнтрах.

Аляксандр Лукашэнка не аднойчы палохаў Еўропу тым, што праз Беларусь можа пайсці паток нелегалаў. Між тым, Еўропа ў значнай ступені сама фінансуе ахову мяжы. Па інфармацыі прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску, за апошнія 10 гадоў Еўракамісія на ажыццяўленне праектаў у гэтай сферы выдзеліла больш за 50 мільёнаў еўра. У бліжэйшыя гады на гэтыя мэты плануецца выдаткаваць яшчэ каля 40 мільёнаў еўра. Калі пацвердзіцца інфармацыя пра тое, што Беларусь пачала наўмысны шантаж Еўропы нелегаламі, то Беларускі пагранічны камітэт можа пазбавіцца ўсіх сродкаў, якія выдзяляліся па лініі Еўропы.

Поделиться ссылкой: