Маці Вані Алена Мазоль не можа стрымаць слёз:

 – Цяпер я хаця б ведаю, што самае страшнае не здарылася. А так гэта нейкі кашмар. Мой Ваня быў разам з іншымі дзецьмі ў класе, калі туды зайшоў бацька яго аднакласніка. Звычайна ў гэты час дзеці збіраліся на вуліцу, каб гуляць у футбол. Высветлілася, што некуды падзеўся мячык. А мячык той належаў Лёшу.  Мужчына спытаў: “Дзе мяч?!” і Лёша паказаў на Ваню. Мужчына схапіў Ваню за майку і з усяго маху штурхануў яго з лесвіцы. “А ну, давай шукай!”. Калі Ваня быў у школьным двары, збіў яго з ног і пачаў біць нагамі па нырках. Дзеці потым казалі, што Ваня так крычаў, што ўсе выбеглі з будынка на вуліцу. Майму сыну ўдалося падняцца і ён пабег у школу. За ім той здаровы мужык. Дагнаў на лесвіцы, там працягваў збіваць, а потым у калідоры схапіў і штурхануў з усёй моцы. Ваня паляцеў па падлозе і ўдарыўся ў батарэю. Мужчына падбег, падняў яго за каўнер, куды патрапіў і крыжык, кінуў на падлогу і яшчэ некалькі разоў ударыў па спіне. Вось дагэтуль след застаўся на шыі. Крыжык быў на вяроўцы… На крык выбегла настаўніца і ўратавала майго сына. Мая мама пабегла за Ваней у школу, калі мне на працу патэлефанавала знаёмая, якая там працуе ў буфеце, і сказала, што Ваня збіты.
   
Медыкі хуткай адразу забралі хлопчыка ў шпіталь. Там у яго выявілі шмат вадкасці ў жываце. Былі сумневы, ці гэта не згусткі крыві і таму Ваню адвезлі ў дзіцячы хірургічны цэнтр.

Алена працягвае:

Там вырашалі рабіць аперацыю, ці – не. Нарэшце, зрабілі выснову, што гэта вадкасць утварылася ад пабоеў і таму можна хірургічнага ўмяшальніцтва пазбегнуць. Ваню шпіталізавалі. Я не магла з ім застацца на ўсю ноч, бо, паводле правілаў, калі яму больш за пяць гадоў, то мусіць быць адзін без мамы. Дык ён не спаў усю ноч. Размаўляў са мной па тэлефоне. Не мог і баяўся заснуць. Псіхіятар кажа, што ў хлопчыка вельмі моцны стрэс. Ён стаў баяцца заставацца адзін і баіцца пайсці ў школу. Запытвае ў мяне: “А раптам той мужык прыйдзе?”. Ён баіцца сустрэчы з ім. Разумееце? Ды не толькі Ваня. Усе дзеці напалохаліся. У мяне запытвалі: “Як там Ваня? Што з ім?”. А дактары спыталі ў мяне: “Як такое магло здарыцца сярод белага дня на вачах усёй школы?! Дзе былі дарослыя? Ахова? Як такое дапусцілі?”. Дзеці кажуць, што яны таксама крычалі. Настаўніца была на другім баку школы і адразу не пачула крыкаў.

У міліцыі знаходзіцца заява маці збітага хлопчыка. Можа быць распачата крымінальная справа. Спадар Сівакоў нарэшце патэлефанаваў Алене Мазоль.

 – Ён патэлефанаваў і сказаў: “Прывітанне. Гэта я. Прыміце мае прабачэнні”. Я сказала яму, што прабачэнні мне яго не патрэбныя. Ён збіваў дзіця як баксёрскую грушу. А потым прыязджала яго жонка. Яна прасіла мяне забраць заяву. Сказала: “Вы ж разумееце. Гэта ж жыццё”. А я не разумею. Пры чым тут жыццё? Атрымліваецца, што гэта нейкая звычайная драбяза, кшталту, штурхнулі ў тралейбусе. З кім не бывае. Лёша Сівакоў казаў свайму бацьку: “Тата, гэта не Ваня! Я памыліўся”. Дык ён бы тады іншага хлопчыка збіў і на  маім месцы была б іншая маці. Як гэта ўвогуле здаровы мужык збівае дзіця на вачах усёй школы?!”

Цяпер вырашаецца пытанне, ці будзе працаваць далей выхавальніца школьнікаў. Нягледзячы на тое, што яна літаральна сваім целам засланіла дзіця ад агрэсіўнага мужчыны, яна парушыла свае службовыя абавязкі. Калі б яна ад самага пачатку была побач з дзецьмі, то падобнай сітуацыі можна было б пазбегнуць.

Тое, што адбылося ў сталічнай школе, на жаль, не адзінкавы выпадак. Але настаўнікі не прыпомняць, каб дарослы мужчына збіваў малодшага школьніка. Бываюць адзінкавыя выпадкі, калі бацька таго ці іншага падлетка спрабуе з дапамогай фізычнай сілы “разруліць” канфлікт свайго сына ці дачкі з кімсці з аднакласнікаў.  

У панядзелак Ваню выпісалі са шпіталя. Псіхолагам яшчэ доўгі час давядзецца працаваць з хлопчыкам, каб ён змог пераадолець свой страх і нармальна вучыцца далей у сваёй школе. 

Поделиться ссылкой: