Дзіўная атрымоўваецца сітуацыя: шэраг партый галоўнай умовай свайго ўдзелу ў парламенцкіх выбарах называюць вызваленне палітвязняў, а калі гэтага не адбудзецца, збіраюцца аб’явіць выбарам байкот, у той жа час партыйцы, лідэр якіх – Мікалай Статкевіч — знаходзіцца за кратамі, ад байкота адмовіліся.

Цікава, што свае рашэнне аргкамітэт па стварэнні “Народнай грамады” абгрунтоўвае пазіцыяй свайго лідара, выкладзенай у лістах на волю, хаця невядома, ці маглі б прайсці турэмную цэнзуру лісты іншага зместу. Напэўна, маецца на ўвазе ліст Статкевіча, напісаны ў снежні мінулага года, дзе Статкевіч выкладае свае погляды на тое, як выйсці з таго тупіка, ў якім апынуліся беларускія дэмакраты.

“Дэмакратычныя партыі, некалі створаныя і падрыхтаваныя для ўдзелу ў сумленных выбарах, не ў стане аднаасобна вырашыць задачу дэмантажа рэжыму, — напісаў Статкевіч. — Але яны могуць стаць арганізатарам шырокага руху ўсіх слаёў грамадства, час якога наспеў. Бо толькі такі Рух здольны пераламіць сітуацыю ў бок дэмакратыі”.

Далей Статкевіч напісаў наступнае: “Дэмакратычныя партыі павінны не толькі выступаць каркасам Руху, але і выконваць свае класічныя функцыі. Маецца на ўвазе ўдзел у бліжэйшых парламенцкіх выбарах, які лічу абавязковым. Пры адсутнасці прагрэсу ў дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства задачамі ўдзелу дэмакратычных сіл у парламенцкай кампаніі павінны быць: карыстанне легальнымі магчымасцямі для агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі, правядзенне скаардынаваных акцый пратэсту па ўсёй краіне ў фармаце сустрэч з выбаршчыкамі, збор доказаў фальсіфікацыі выбараў. Няўдзел апазіцыі ў выбарах не з’яўляецца нагодай для іх міжнароднага непрызнання, гэтак жа, як удзел не з’яўляецца нагодай для іх прызнання”.

Працытаваўшы ў сваей рэзалюцыі апошні радок з ліста Статкевіча, ягоныя аднапартыйцы прынялі рашэнне ўдзельнічаць у выбарах. У рэзалюцыі гаворыцца:

“Зыходзячы з гэтага, маючы мэтай актывізацыю кампаніі за вызваленне Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў; павышэнне інфармаванасці грамадства; рост вядомасці і аўтарытэту БСДП (НГ):

Лічым абавязковым прыняць ўдзел у бліжэйшай электаральнай кампаніі, у тым ліку, у рамках кампаніі “За справядлівыя выбары 2012”:

2. Партыя прымае удзел у вылучэнні з ліку сябраў партыі прадстаўнікоў ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, а таксама, у арганізацыі сістэмы назірання за парламенцкімі выбарамі

3. Партыя вылучае кандыдатаў у дэпутаты ці падтрымлівае кампаніі кандыдатаў ад дэмакратычных сіл у асобных акругах.

4. Партыя выкарыстоўвае парламенцкія выбары для правядзення інфармацыйнай і мабілізацыйнай кампаніі  “За вызваленне Мікалая Статкевіча!”, павышэння вядомасці БСДП (НГ), прыцягнення новых сябраў і прыхільнікаў.

5. Кампанія павінна завершыцца ўсебаковым аналізам яе эфектыўнасці”.

Цікава, што адразу пасля з’яўлення гэтага паведамлення на сайце Статкевіча, да яго з’явіўся кароткі каментарый ад нейкага Улада: “Ганьба!”

Паспрачацца з інтэрнет-каментатарам, нібы Надзея Крупская за палітычную спадчыну Леніна, вырашыла жонка Статкевіча – Марына Адамовіч.

“Калі падтрымаць лідара, які і ў турме паслядоўны ў імкненні скарыстоўваць любыя легальныя магчымасці — ганьба, то што ж тады гонар?! Падтрымаць тых, хто збіраецца “змагацца за вызваленне палітвязняў” метадамі, якія галоўны з іх – Мікола Статкевіч – не ўхваляе?! Божа! Якая перавернутая свядомасць!!” – напісала Марына Адамовіч.

Сапраўды, нейкая перавернутая і незразумелая сітуацыя. Асабліва калі ўлічваць, што больш ні адзін іншы палітзняволены, акрамя Статкевіча, проста не меў магчымасці напісаць з-за кратаў якіх-небудзь палітычна-значных лістоў.

Поделиться ссылкой: