Жанну Літвіну пераабралі старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў (абноўлена)

5

Напярэдадні VIII чарговага з’езда ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” многія журналісты на электронныя скрыні атрымалі правакацыйныя лісты, у якіх невядомыя ў чарговы раз спрабавалі дыскрэдытаваць арганізацыю і яе кіраўнікоў. У лістах прыводзіліся нейкія лічбы, якія тычыліся фінансавай часткі правядзення з’езда. “Грошы велізарныя!” — ахалі аўтары паклёпніцкіх паведамленняў.

Насамрэч ніхто не рабіў таямніцы з таго, колькі сродкаў выдаткавана на правядзенне з’езду. Гэтую лічбы агучылі амаль з самага пачатку мерапрыемства — 15 з паловай мільёнаў (між іншым, гэта разам з арэндай памяшкання ў гатэлі “Мінск”).

Пра паклёпніцкую рассылку гаварыла ў сваім уступным слове і старшыня БАЖ Жанна Літвіна.

«Я не выключаю, што менавіта тая адкрытасць, з якой мы напярэдадні з’езда збіралі і размяшчалі на сайце самыя крытычныя заўвагі на адрас кіраўніцтва БАЖ, і справакавалі з’яўленне гэтай рассылкі — магчыма, гэта было ўспрынята як знак таго, што арганізацыю можна ўзарваць знутры… – сказала Жанна Мікалаеўна. — У гэтым я бачу своеасаблівую логіку: паўтара гады таму хваля дыскрэдытацыі «прайшлася» па палітычных апанентах улады. Наступны ўдар прынялі праваабарончыя арганізацыі (ахвярай гэтага наступу стаў і сябра БАЖ Алесь Бяляцкі, які дагэтуль знаходзіцца з кратамі). Магчыма, прыйшоў час для «цунамі», якое хоча накрыць БАЖ разам з усёй незалежнай журналістыкай…

Сябры, думайце! Якой заўтра будзе арганізацыя, залежыць сёння ад вас…»

Жанна Літвіна пераабраная старшынёй БАЖ, за яе прагаласавалі большасцю галасоў — яна была адзінай, хто ўстрымаўся.
Намеснікамі старшыні па-ранейшаму засталіся Андрэй Бастунец, Аляксандр Старыкевіч і Аліна Суравец. Новым намеснікам абралі шэф-рэдактара “Народнай волі” Святлану Калінкіну.

Для даведкі

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (далей па тэксце — БАЖ) —

добраахвотнае недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю альбо садзейнічаюць яе развіццю.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» дзейнічае з 1995 г. Зараз на ўліку ў арганізацыі 1030 чалавек, з іх 490 — у рэгіёнах, 540 — у сталіцы.

Грамадскае аб’яднанне мае 5 арганізацыйных структур (рэгіянальных філій): Брэсцкую, Гомельскую, Лунінецкую, Маладзечанскую і Наваполацкую, — якія пастаўлены на ўлік мясцовымі органамі ўлады.

БАЖ садзейнічае рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных, культурных і прафесійных правоў і законных інтарэсаў сябраў арганізацыі, іх творчаму самавыяўленню і росту прафесійнага майстэрства; стварэнню ўмоваў для забеспячэння свабоды слова і друку, права на бесперашкоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі; абароне правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафесійнай журналістыкі.

З 1997 г. БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў (IFJ). У 2003 г. Сусветная асацыяцыя газет (WAN) узнагародзіла БАЖ Залатым пяром Свабоды (Golden Pen of Freedom prize). У снежні 2004 г. Еўрапейскі парламент уганараваў БАЖ прэміяй імя А. Сахарава «За свабоду думкі». У 2011 г. арганізацыя атрымала ўзнагароду Свабоды Атлантычнай Рады.

Са справаздачай пра дзейнасць БАЖ можна азнаёміцца тут.


Няма запісаў для адлюстравання