Залы будуць насычаны тэхналогіямі, а пад дахам музея размесціцца сапраўдная тэхніка часоў вайны.

“Мы скончылі праектаванне, яшчэ прыкладна месяц нам патрэбны, каб скласці тэхзаданне, — распавёў “Народнай Волі” дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Азаронак. — Да 2014 года мы музей адкрыем цалкам. Безумоўна, хацелася б паспець да 9 Мая — так хоча кіраўніцтва, але мне бліжэй 3 ліпеня, усё ж такі гэта дата асабіста тычыцца Беларусі…”

Сумна, але факт: з кожным годам усё менш сярод нас тых, хто на ўласныя вочы бачыў жахі вайны і прайшоў праз яе выпрабаванні. Нават малалетнія вязні ўжо дасягнулі пенсіённага ўзросту. Таму на доўгія ваганні ў будаўнікоў і праекціроўшчыкаў новага музея часу няма.

Музей ВАЎ

“Безумоўна, тэрміны па здачы праекта вельмі сціслыя, але мы разумеем усю адказнасць, — распавёў Сяргей Іванавіч. — Сусветны вопыт будаўніцтва такіх музеяў паказвае, што толькі на праектаванне патрэбна 2–3 гады ў залежнасці ад плошчы. А ў нас яна дасягае 4 тысяч квадратных метраў! І яшчэ ад 5 да 7 гадоў звычайна адводзіцца на будаўніцтва. Для нас тэрмін у 10 гадоў проста непрымальны! Музей, канечне, ствараецца для народа, але нам вельмі хочацца, каб яго пабачылі ветэраны…”

У колькі абыдзецца такая “стаханаўская” будоўля? Ніхто і не ўтойвае — дорага. Мінкульт пільна сочыць, каб асвойваліся ўсе выдзеленыя грошы.
“На гэты год выдаткавана каля 15 мільярдаў рублёў, — агучыў Азаронак. — Якой будзе фінальная лічба? Зараз мы ўдакладняем суму: уключаем у спіс высокатэхналагічную “начынку”, дыярамы, рэстаўрацыю экспанатаў і стварэнне рэплік. Магу сказаць, што складанне экспазіцый для сучасных музеяў, асабліва такога тыпу, як наш, не танная справа. Напрыклад, музей ваеннай гісторыі Бундэсвера ў Дрэздэне каштуе 60 мільёнаў еўра…”
Няўжо мінскі музей будзе каштаваць не менш, чым яго нямецкі аналаг?  Сяргей Іванавіч падкрэсліў, што акрамя душы, ведаў і вопыту праекту проста неабходны сур’ёзныя грашовыя ўнёскі.

Музей ВАЎ

“У рэшце рэшт на фінальным рахунку будзе не адзін дзясятак мільярдаў рублёў, — рэзюмаваў дырэктар музея. — Адзначу, што экспазіцыя сучаснага музея ВАВ каштуе 35 мільярдаў рублёў”.

Ці вартая аўчынка вырабу, грамадскасць зможа зразумець зусім хутка — першая чарга будаўніцтва можа быць завершана ўжо 9 мая 2013 года. Усяго праз год на свята Перамогі мінчане і госці сталіцы змогуць прагуляцца па сімвалічнай “Дарозе вайны”.

“Перад галоўным адкрыццём мы марым “абкатаць” некалькі залаў, —  прызнаўся Азаронак. — Выставіць іх на суд гледачоў, бо тэма вельмі складаная”.

Поделиться ссылкой: