А менавіта – намесніка старшыні арганізацыі Міколу Дземідзенку, Зміцера Крамянецкага і Рамана Васільева. Актывістаў затрымалі ўчора, 14 мая. Днямі яны выйшлі на волю пасля адбыцця адміністрацыйнага арышта, якім іх пакаралі 27 красавіка. Тады маладафронтаўцаў затрымалі пасля “Чарнобыльскага шляху” і абвінавацілі ў дробным хуліганстве.
 
Сёння першым судзілі Міколу Дземідзенку. Стандартнае абвінавачанне – дробнае хуліганства. Толькі гэтым разам яму далі не 15, а 10 сутак арышту. На суд не пускалі ні сваякоў, ні журналістаў, ні сяброў. Толькі адвакаты затрыманых маглі прабіцца ў судовую залю.

Паплечнікі маладафронтаўцаў лічаць, што міліцыянеры і суддзі не хацелі, каб былі сведкі судовага працэсу. Наста Палажанка прыгадала працэс на Міколам пасля “Чарнобыльскага шляху” ў судзе Савецкага раёна Мінска. Тады Дземідзенку абвінавачвалі ў дробным хуліганстве, якое нібыта мела месца яшчэ падчас шэсця калоны каля універсама “Рыга”. Хаця само затрыманне адбылося некалькімі гадзінамі пазней.

Суддзя праігнараваў паказанні сведак, не задаволіў шэраг хадайніцтваў  адваката аб праглядзе адпаведных відэа-, фотаматэрыялаў, а таксама раздрукоўку тэлефонных перамоваў Дземідзенкі, якія б абверглі паказанні міліцыянераў. Паплечнікі Міколы казалі, што сапраўднай прычынай затрымання маладафронтаўца стаў плакат з надпісам: “Саша, ты дурак?”, які Дземідзенка разгарнуў падчас свайго выступу на мітынгу. Яны лічаць, што супрацоўнікі міліцыі своеасабліва зразумелі змест плаката і самі сябе паставілі ў пікантнае становішча.

Потым судзілі Рамана Васільева і Зміцера Крамянецкага. Змітра пакаралі 10 суткамі арышта, Рамана – 13 суткамі.

Поделиться ссылкой: