Вус просіць Пуціна дапамагчы вызваліць беларускіх палітвязняў

1

У лісце Дзмітрый Вус павіншаваў Уладзіміра Пуціна з абраннем і выкалаў сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі:

«У Беларусі 18 гадоў кіруе аўтарытарны рэжым сям’і Лукашэнкі А. Р. З усясветнай гісторыі вядома, што аўтарытарныя рэжымы ніколі ні з кім не інтэграваліся. Клан Лукашэнкі А. Р. рыхтуецца да чарговага падману кіраўніцтва Расіі, каб зноў і зноў неабмежавана браць рэсурсы і крэдыты.

Лукашэнка А. Р. увесь час правакуе шматлікія канфлікты (дыпламатычныя, газавыя, нафтавыя, малочныя, авія і г. д.) і ў трэці раз можа сарваць рэальны працэс інтэграцыі нашых краінаў.

За 18 гадоў эканамічная мадэль Беларусі не склалася. Сёння на 100% эканоміка нашай краіны залежыць ад Расіі. Сацыяльна-арыентаваная мадэль Беларусі і змест шматлікіх сілавых структураў поўнасцю залежаць ад таннай расійскай вуглевадароднай сыравіны і расійскага рынку.

Беларускі бюджэт у асноўным фарміруецца за кошт продажу нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, перапродажу газу, мытных плацяжоў і кантрабанды.»

Далей ў лісце былы кандыдат у прэзідэнты расказвае Ўладзіміру Пуціну пра «кантрабандныя схемы»:

«У краіны Балтыі з Беларусі пастаўляюцца мільёны тон нафтапрадуктаў (бензін, дызельнае паліва, мазут). Праз беларускую мытню яны ідуць як растваральнікі. Увесь усясветны рынак растваральнікаў да з’яўлення на ім Беларусі складаў 1,5 мільёна тон за год. А Беларусь за 2011 год вырабіла больш за 2 мільёны тон, з якіх 1,5 мільёна тон экпартавала ў Латвію. Толькі ў Латвіі афіцыйная статыстыка прыводзіць іншыя лічбы — ніякага росту імпарту з Беларусі ня было.  Атрымліваецца, што беларускія растваральнікі падчас перасячэння мяжы пераўтвараюцца ізноў у нафтапрадукты і з Балтыйскіх портаў накіроўваюцца ў Нідэрланды і Вялікабрытанію. Такая ж сітуацыя і з мазутай — Нямеччына і Францыя паставілі на экспарт столькі ж, колькі і ўся Беларусь».

Дзмітрый Вус сцвярджае, што «шкода, нанесеная расійскаму бюджэту за вываз з Беларусі ў Латвію і Літву бензіну, мазуты і дызельнага паліва, ад якога не сплачаны экспартныя мыты, склала каля 1 мільярда даляраў».

Яшчэ былы кандыдат у прэзідэнты даводзіць, што «за 18 гадоў многія заводы не мадэрнізаваліся і пераўтварыліся ў неканкурэнтаздольныя, тэхналагічна адсталыя вытворчасці. Сёння бачны сумны вынік праўленьня клану Лукашэнкі — каля 1 млн 300 тысяч грамадзянаў краіны працуюць у Расіі».

Прыканцы свайго звароту да Пуціна Дзмітрый Вус хадайнічае за вызваленне беларускіх палітвязняў:

«У Лукашэнкі да гэтага часу знаходзіцца ў турме ў закладніках самы галоўны сапернік, які атрымаў 6 гадоў калоніі строгага рэжыму, — Мікалай Статкевіч — і іншыя палітвязні. Мікалай Статкевіч — афіцэр, інтэлігентны, разумны, адважны і мужны чалавек, сапраўдны патрыёт Беларусі.

Вельмі прашу Вас дапамагчы ў вызваленні і поўнай рэабілітацыі Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў».

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!