Хлопец, што скочыў з 25-павярховіка, працуе каскадзёрам і не баіцца міліцыі – інтэрв'ю

2

«Нашай Ніве» ўдалося пагутарыць з экстрэмалам,відэаякога ўскалыхнула інтэрнэт.

Максім (імя не сапраўднае) распавядае пра скачок спакойна, як пра паход у краму. «Было пагодна, я ўзяў парашут у сябра. Пайшоў і скочыў».

Дзіва што: хлопец займаецца гэтым відам спорту з 2006 года. З самалёта скакаў разоў 200, каля сотні – з іншых аб’ектаў.

Па словах Максіма, канс’ержка дома №6 на вуліцы Нёманская за ім не гналася. Праўда, калі сказаў, што ідзе «да сябра», жанчына пацікавілася, ці не парашутыст ён. «Відаць, з гэтага дома скакаў не адзін я», — кажа хлопец. А вось калі ён прызямліўся, ашаломленая жанчына ад душы аблаяла яго.

«Насамрэч раён вельмі злы.

У той дзень я атрымаў зашмат негатыву. Калі прызямліўся, выбегла вахцёрка гэтага дома Ад яе столькі мацюкоў было!» — скардзіцца джампер.

Па словах Максіма, здымаць палёт на відэа ён не збіраўся. Аўтары нашумелага роліка апынуліся на даху побач з ім выпадкова. Гэта былі фатографы, якія ладзілі там фотасесію. Яны падышлі да парашутыста, узялі дазвол на здымку. А вось пра далейшае выкладанне відэа ў інтэрнэце размовы не было.

«Я абсалютна не думаў, што ўсю гэту фігню выкінуць на Ютуб ці кудысьці яшчэ. А потым навялі шуму».

Хлопец не баіцца міліцыі, бо ў сваіх дзеянняў не бачыць нічога супрацьзаконнага. «У чым злачынства? Зайшоў у дом, падняўся па лесвіцы, выйшаў на дах і проста спусціўся іншым шляхам».

Каб парашутыст выпадкова не прызямліўся на галаву мінакам, у двары дома «дзяжурылі» яго сябры.

Звычайна, кажа Максім, рэакцыя людзей у дварах на ягоныя скокі лепшая. А вось на Каменнай Горцы і ў каментах да артыкулаў пра ягоны ўчынак трапіліся «злыя людзі».

«Калі пачынаеш чытаць каментары на сайтах, разумееш, наколькі ўсё ў Беларусі запушчана», — скардзіцца экстрэмал.

Маўляў, сядзяць цэлы дзень перад тэлевізарам з бутэлькай піва і больш ім нічога не трэба. Усё новае выклікае страх і непаразуменне.

Хлапцу цяпер 21 год. Ён студэнт, паралельна працуе каскадзёрам.

З дзяцінства марыў стаць лётчыкам. Скакаць з парашута пачаў у аэраклубе ў Баранавічах. Потым былі скокі з вяроўкай. Так прыйшоў да бэйсджампінгу – скачкоў з розных аб’ектаў (дамоў, мастоў, антэнаў, скалаў).

У «бэйсе» няма запаснога парашута. Да таго ж, каб правільна скласці парашут, трэба ў 5 разоў больш часу.

«Не баіцца толькі вар’ят. Пры кожным скачку ёсць нейкі страх», — прызнае парашутыст.

Аднак ён упэўнены, што пры ўмовах выкананні «тэхнікі» рызыка мінімальная. Сярод яго знаёмых летальных зыходаў пакуль што не было.

* * *

Даведка НН:

Бэйсджампінг (ад англ. BASE jumping) – экстрэмальны від спорта, у якім выкарыстоўваецца спецыяльны парашут для скокаў з фіксаваных аб’ектаў. B.A.S.E. — акронім ад англійскіх словаў «building» (будынак), «аntenna» (антэна), «span» (перакрыццё, мост) і «earth» (зямля). Гэта пералік асноўных тыпаў аб’ектаў, з якіх выконваюцца скокі.

Каб стаць сапраўдным бэйсджамперам, ці бэйсерам, трэба скочыць з усіх чатырох тыпаў аб’ектаў. Лічыцца найбольш небяспечным відам скачкоў з парашутам. Чалавек, які даў назву гэтаму віду спорту, загінуў падчас скачка ў Нарвегіі.


Няма запісаў для адлюстравання