Freedom House: Беларусь у ліку 5 найгоршых ворагаў свабоды прэсы

4
У дакладзе «Свабода прэсы 2012: Глабальны агляд незалежнасці СМІ» адзначаецца, што з ліку 197 краінаў і тэрыторый, у якіх вывучалася свабода выказванняў, 66 (33,5%) належыць да катэгорыі «свабодных», 72 (36,5%) да катэгорыі «часткова свабодных» і 59 (30%) да катэгорыі «несвабодных».

Беларусь у гэтым рэйтынгу традыцыйна фігуруе сярод краін, дзе стан свабоды СМІ найгоршы — яна класыфікаваная на 193-м месцы з агульнага ліку 197 краін і тэрыторый. Горай са свабодай прэсы, чым у Беларусі, толькі ў Эрытрэі, Узбекістане, Туркменістане і Паўночнай Карэі.

Пра гэтыя краіны, названыя ў дакладзе «найгоршымі з найгоршых», аналітыкі Freedom House адзначылі:

«Восем найгоршых краін рэйтынгу, якія атрымалі балы ў прамежку ад 90 да 100, гэта Беларусь, Куба, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Туркменістан і Узбекістан. У гэтых дзяржавах незалежныя СМІ альбо не існуюць альбо ледзь могуць дзейнічаць, прэса з’яўляецца рупарам рэжыму, доступ грамадзян да аб’ектыўнай інфармацыі строга абмежаваны, а іншадумства здушанае пры дапамозе турмаў, катаванняў і іншых формаў рэпрэсій».

З постсавецкіх краінаў у склад «свабодных» патрапілі Эстонія (22-е месца), Літва і Латвія; у ліку «часткова свабодных» — Грузія, Малдова і Ўкраіна. Арменія, Кіргізстан, Таджыкістан, Азербайджан, Расія, Казахстан — як і раней згаданыя Беларусь, Узбекістан і Туркменістан — у ліку «несвабодных».

Крыстафер Ўокер, намеснік дырэктара Freedom House у пытаннях стратэгіі і аналізу, каментуючы сітуацыю са СМІ ў Беларусі, сказаў нашаму радыё:

«Калі больш за тры чвэрці ці нават 80% насельніцтва атрымлівае навіны і інфармацыю з тэлевізіі, дык гэта сапраўды цяжкая праблема для альтэрнатыўных СМІ ― перш за ўсё, для інтэрнэт-СМІ ― каб стварыць альтэрнатыву для медыяльнай гегемоніі ў такой краіне, як Беларусь».

Пра незалежную прэсу ў Беларусі Крыстафер Ўокер адзначыў:

«Перад друкаванымі СМІ стаяць велізарныя выклікі, што тычыцца  як магчымасцяў друку газетаў ― адзіных незалежных СМІ ў краіне ― так і спосабаў іх распаўсюджвання. У значнай ступені ўладам у Беларусі ўдалося маргіналізаваць друкаваныя СМІ».

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!