Беларусы не заўважылі, што сталі жыць лепш

2

Можа, людзі проста не хочуць заўважаць, што сталі жыць лепш, і па звычцы бурчаць і на ўрад, і на жыццё?

Жыццё стала больш прыгожым

Калі верыць статыстыцы, то ў першым квартале прамысловасць краіны спрацавала з рэнтабельнасцю продажаў 10,4%, сельская гаспадарка — 15,3%. «Такім чынам, палітыка закупачных цэн, маркетынгавая палітыка сведчыць пра тое, што эканамічны стан гаспадарчых суб’ектаў значна палепшыўся, — гаворыцца ў адным з нядаўніх паведамленняў прэзідэнцкай прэс-службы. — Што тычыцца эканомікі краіны ў цэлым, то, па статыстыцы, за студзень-люты бягучага года склалася станоўчае сальда ў памеры $ 838 мільёнаў. Гэтыя даныя ўключаюць не толькі гандлёвы абарот. Расце прыток валюты ў краіну — ён зараз перавышае яе адток крыху больш чым на 900 мільёнаў долараў.

Такім чынам, паляпшэнне эканамічнага становішча адзначаецца на ўсіх узроўнях: і на прадпрыемствах, і ў рэгіёнах, і ў цэлым па краіне. Павялічваецца і тавараабарот: у студзені бягучага года ён складаў 103,5% да досыць высокага ўзроўню першага квартала 2011 года, калі адзначаўся павышаны попыт на прадукцыю; у сакавіку павялічыўся яшчэ на 10,5%».

Хатняя эканоміка

Мінчанка Ірына Руткоўская адна выхоўвае 14-гадовую дачку. Працуе старшым менеджарам у адной з прыватных кампаній. У месяц зарабляе каля 6 мільёнаў. Да таго ж муж выплачвае аліменты — прыкладна 200 долараў штомесяц.

«Натуральна, мы не шыкуем, — распавядае Ірына. — Два разы на месяц — з зарплаты і авансу — я абавязкова набываю ў краме чырвоную рыбу, мяса (вяндліну або паляндвіцу), макароны, крупы, агародніну. У звычайныя дні мы купляем хлеб, ёгурты, сыр, кефір, прычым не ў бутэльках (ён даражэйшы), а ў пакетах. Выбіраю ўсё самае таннае. Пару разоў на месяц, калі не хочацца гатаваць, можам заехаць у “Макдоналдс”. Я абедаю на працы — нам заказваюць ежу ў офіс, часцяком прыношу дачцэ на вячэру адбіўныя ці курачку са свайго абеду, на снеданне ў мяне — толькі кава. Вячэра — салата, тварог, бутэрброд. Гэта наш звычайны рацыён. Як бачыце, нічога звышнатуральнага. Нават атрымліваецца нешта адкладваць на адпачынак — былы муж плаціць аліменты ў валюце, і мы яе не трацім».

Уладальнік двух гандлёвых павільёнаў на будаўнічым рынку ва Уруччы Сяргей перакананы, што жыць лепш апошнім часам ён не стаў адназначна.

“Раней са сваіх заробкаў я мог планаваць рамонт нядаўна набытай двухпакаёўкі, летні адпачынак у Турцыі і яшчэ шмат чаго, — гаворыць Сяргей. — У гэтым годзе магу дазволіць толькі адпачынак у Егіпце. Канечне, гэта няблага ў параўнанні з многімі іншымі катэгорыямі нашых грамадзян, але ж я і працую за дваіх-траіх”.

Пенсіянерка Таццяна Мікалаеўна і да крызісу не магла сабе дазволіць нават марыць пра Егіпет з Турцыяй, што ўжо казаць пра сённяшні дзень?!

“Я натуральна баюся хадзіць у краму, як і мае сяброўкі-пенсіянеркі. Мы і дагэтуль пераправяраем усе чэкі, якія нам выбіваюць прадавачкі, — скардзіцца Таццяна Мікалаеўна. — І даўно не купляем ніякіх далікатэсаў, усё толькі самае неабходнае. Пра сённяшнія кошты на прадукты гаварыць ужо надакучыла. Але чаму такія дарагія лекі?! Здараецца, даводзіцца выбіраць паміж наліпрэламам за 110 тысяч рублёў і варанай каўбасой за 45 тысяч за кіло…”.

Яшчэ адна мінчанка, Марыя, жыве разам з мужам. Яна зарабляе каля 5 мільёнаў, муж — 8. Абое ездзяць на машынах.

«Ікру мы, вядома, не купляем, але з ежы практычна ні ў чым сабе не адмаўляем, — кажа Марыя. — Што хочацца, то і купляем. У нашым рацыёне абавязкова прысутнічаюць кашы, агародніна, яблыкі, апельсіны, я часта вару супы. Без мужа, вядома, я не змагла б жыць так, як цяпер. Прыйшлося б сябе ва ўсім абмяжоўваць, але і муж, выходзячы з крамы, здавалася б, толькі з самым неабходным, кажа: «Быццам бы нічога не купілі, а пакінулі 400 000!» Дорага, але жыць усё роўна неяк трэба».

Мінскія маладзёны Алеся і Кірыл маюць агульны даход 7 мільёнаў. Выхоўваюць сына.
«Вопратку купляем даволі рэдка, — кажуць яны. — Практычна ўсе грошы ідуць на прадукты, “камуналку” і дзіця. Касметыку набываем беларускую. Перыядычна дапамагаюць бацькі: мама, напрыклад, кожны тыдзень купляе нам курыцу. Круцімся. Сёння многія так жывуць…».

ЭКСПЕРТЫЗА

«Яшчэ 3-4 гады такога існавання, і мы цалкам страцім кваліфікаваную рабочую сілу»

Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што лічбам, на якія спасылаецца прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, верыць можна.
“На макраўзроўні, па меншай меры, усё добра”, — гаворыць эксперт.

— Але некаторыя вашы калегі сцвярджаюць, што гэта часовая з’ява.

— Часовай яна можа быць толькі па палітычных прычынах. Зразумела, што людзі ў асн
оўнай масе незадаволены тым, што адбыўся фактычна дэмантаж сацыяльна арыентаванай дзяржавы, што і жыллёвыя пытанні ўжо практычна ніяк не будуць вырашацца, і зарплаты рэзка ўпалі. Як прынята казаць, мы цяпер жывём па сродках.

— Атрымліваецца кагнітыўны дысананс. З аднаго боку, усё быццам бы “ў шакаладзе”, а з іншага, калі браць бюджэт любой сям’і, усе скардзяцца: і тое дорага, і сёе, і звычайны паход у краму — катастрофа для бюджэту. Як так?

— Адно залежыць ад другога. Раней мы жылі такім чынам, што спажывалі больш, чым зараблялі. Гэта прывяло да дысбалансу ў эканоміцы і ў канчатковым выніку завяршылася крызісам. Зараз у эканоміцы сітуацыя збалансавалася, але атрымалася так, што тыя даходы, якія ў нас ёсць сёння, — гэта тое, што можа дазволіць сабе эканоміка.

— Ці можна чакаць у нас у абсяжнай будучыні новага крызісу, масавай незадаволенасці грамадзян?

— Масавай наўрад ці: калі яе не было год назад, то не будзе і цяпер. А што тычыцца крызісу… Гэта гледзячы, што ім называць. Калі нічога вострага не здарыцца — не будзе дэвальвацыі, рэзкай інфляцыі, — то такое “гніенне” будзе працягвацца.

— І ўва што ў рэшце рэшт усё выльецца?

— Зараз самае галоўнае пытанне ў тым, што пацыента, умоўна кажучы, вылечылі ад інсульту, а ўсе хранічныя хваробы ў яго засталіся. І далейшай стратэгіі няма.

Ніхто не разумее, як развівацца далей, як павышаць даходы. Дакладней, зразумела, што штучным чынам гэта зрабіць немагчыма, бо здарыцца новы крызіс. Значыць, трэба ствараць рынкавае асяроддзе, займацца прыватызацыяй і лібералізацыяй цэн і г.д. Гэта павінна быць зусім іншая эканамічная мадэль, у якой многія беларускія чыноўнікі сябе не бачаць.

А ніякай альтэрнатыўнай мадэлі няма. І пры ўсім тым, што ў нашых прадпрыемстваў і фінансавае становішча палепшылася, і ўсё быццам бы ў парадку, яны ўпершыню апынуліся ў сітуацыі, калі вымушаны жыць па сродках, ва ўмовах бюджэтных абмежаванняў, калі трэба вяртаць крэдыты. І атрымліваецца, што пасля таго, як адбылася стабілізацыя на макраўзроўні, патрэбны змены на мікраўзроўні.

Мы не пойдзем на вяртанне да старой мадэлі: яна цалкам дыскрэдытавана, але чыноўнікі не выберуць і рынкавую мадэль развіцця, таму што для іх гэта страшна і непрымальна. Значыць, будзем выбіраць нешта сярэдняе.

Але калі ёсць выбар паміж дзвюма альтэрнатывамі, то выбар нечага сярэдняга — гэта самае горшае. Таму мы будзем і надалей знаходзіцца ў такім “балотным” стане. А калі цяпер пакінуць усё як ёсць, то праз тры-чатыры гады такога існавання мы цалкам страцім кваліфікаваную рабочую сілу. І тады ў гэтай краіны наогул не будзе будучыні. Гэта, дарэчы, класічная, шматкроць апісаная ў эканамічнай літаратуры пастка беднасці, якая характэрна для афрыканскіх краін. Там нават знешняя дапамога не дапамагае, бо няма каму ствараць рост эканомікі, няма работнікаў таго ўзроўню, якія маглі б займацца прадукцыйнай працай. Яны жывуць за кошт ААНаўскай дапамогі. Такой будзе і наша будучыня, калі мы спынімся ў сваім развіцці.


Няма запісаў для адлюстравання