Выратаванне “Надзеяй”…

9

Дасталося найперш тым, хто жыў паблізу станцыі — у так званай “зоне адсялення”, у сумежных раёнах, асабліва дзецям… Першымі ўсвядомілі каласальную небяспеку для жыцця і здароўя нашых дзяцей… еўрапейцы. Разумеючы доўгатэрміновасць і глабальны характар наступстваў Чарнобыля, яны і падалі ідэю стварыць Цэнтр для аказання дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад катастрофы. Для ажыццяўлення гэтай задумкі 28 ліпеня 1992 года было заснавана Беларуска-германскае сумеснае дабрачыннае прадпрыемства “Надзея — ХХІ век”. Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як былі падпісаны статутныя дакументы. Што атрымалася ў выніку? Наколькі своечасовым, жыццядайным і эфектыўным аказаўся праект, народжаны людской салідарнасцю? Ці запатрабаваны ён сёння і ці мае перспектыву на будучае?..

Выратаванне “Надзеяй”...

“А вы ўдумайцеся ў лічбы, звычайныя сухія лічбы, за якімі лёсы тысяч дзяцей, — гаворыць дырэктар Цэнтра Вячаслаў Макушынскі. — За два дзесяцігоддзі праз рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр прайшлі 53 тысячы маленькіх грамадзян. І справа нават не ў лічбах… Хіба жыццё, здароўе вымераеш нейкімі лічбамі?! Кожны лёс унікальны, бо жыццё і здароўе кожнага дзіцяці — самае каштоўнае, што можа быць на свеце…

Усё пачыналася з суперажывання, з жадання дапамагчы малечы, якая апынулася закладнікам тэхнагеннай катастрофы. Чаму менавіта нямецкі бок першым і так актыўна ўключыўся ў дабрачынны праект, скіраваны на выратаванне, рэабілітацыю, аздараўленне нашых дзяцей?

Верагодна, а на самай справе так і ёсць, людзей зварушыла не толькі зразумелае кожнаму нармальнаму чалавеку суперажыванне, але й імкненне, якое назвалі потым “прымірэнчым працэсам”. Размова ідзе пра балючае мінулае, звязанае з Другой сусветнай вайной… Тут не варта тлумачыць, што нарабіла вайна на нашай зямлі. І хто быў акупантам — таксама вядома ўсім… Але прайшлі дзесяцігоддзі, у Германіі вырасла новае пакаленне людзей, краіна прынесла пакаянне… Усё гэта разам і падзвігла нямецкі бок дзейнічаць — у імя жыцця, а не войнаў, канфрантацый і недаверу. Простыя людзі з Нямеччыны ўспрынялі наш боль, як свой. Тут ніякага перабольшвання. Праект “Надзея — ХХІ век” — і канкрэтны, і сімвалічны адначасова. Людзі павінны прыходзіць на дапамогу адзін аднаму, незалежна ад таго, дзе і хто жыве, — гэта імператыў ХХІ стагоддзя…

Цэнтр “Надзея” ўсе мінулыя гады развіваўся па ўзыходзячай… Цяпер гэта самадастатковае ці амаль самадастатковае прадпрыемства. У чым яго непаўторнасць, унікальнасць?

— Калі ўсё толькі пачыналася, нямецкі бок схіляўся да таго, каб будучы Цэнтр не проста знаходзіўся ў чыстым прыродным асяроддзі, але і сам быў ідэальна чыстым у экалагічным плане. Нам даводзілі, што важна, каб уся матэрыяльная база, уключаючы пабудовы, інжынерныя камунікацыі, энергетыку, тэхналогіі, былі экалагічна бяспечнымі. Спачатку — скажу шчыра — мы ўспрынялі ўсё не зусім адэкватна. Але потым зразумелі, усвядомілі — гэта і ёсць стратэгічная мэта. Цяпер у любым месцы Цэнтра вы не знойдзеце нават куточка, які б не адпавядаў такому падыходу. Па-першае… Доўга шукалі месца, дзе б маглі заснаваць наш Цэнтр, — знайшлі паблізу Вілейскага вадасховішча, у прыгожай лясістай мясціне. Некалі тут была біялагічная база Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкупілі яе і пачалі рэканструяваць, канечне, пад наглядам нямецкіх спецыялістаў, цалкам вытрымліваючы экалагічныя параметры. Ведаеце, унікальнасць ужо ў тым, што натуральны фон у нас не перавышае 4,6 мікрарэнтгена ў гадзіну. Для параўнання: у Мінску такі фон на мяжы 20–22 мікрарэнтген. Далей… Сістэмы пажаратушэння, водаадлівы, цеплавога і энергетычнага забеспячэння, не кажучы ўжо пра мэблю, жыллё, вучэбныя пакоі, медыцынскія кабінеты і ўсё астатняе, абсалютна экалагічна бяспечныя.

Як прасоўваюцца справы ў дачыненні самой рэабілітацыі і аздараўлення дзяцей зараз? Хто і адкуль сюды прыязджае на аздараўленне?

— Як і раней, дзеці з забруджаных тэрыторый, дзе павышаны фон, дзе прадукты харчавання — з прысядзібных участкаў, дары лесу, садавіна — усё яшчэ ўтрымліваюць непажаданыя рэчывы. Мы прымаем дзяцей у складзе арганізаваных груп — цэлыя класы, школкі… За адну змену — 24 каляндарныя дні — тут адпачываюць, вучацца, набіраюцца здароўя 280 чалавек. За год — чатырнаццаць з паловаю тысяч…

Вядома, што да 85 працэнтаў радыенуклідаў паступаюць у арганізм дзіцяці з прадуктамі харчавання. Ці магчыма вывесці гэтыя радыенукліды за няпоўны месяц?

— Якасць прадуктаў харчавання ў нашым Цэнтры — архіважны прыярытэт. І тут, зноў жа дзякуючы нашым нямецкім сябрам, мы ў 2001 годзе стварылі (паралельна ўжо з цэнтрам “Надзея — ХХІ век”) яшчэ адну структуру — “Надзея-плюс”… Дзеля чаго? А дзеля вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў для сваіх мэт. Я не ведаю ў Беларусі ніводнай іншай арганізацыі, дзе б земляробства цалкам вытрымлівала высокія экалагічныя стандарты. Ніякіх пестыцыдаў, ніякіх хімічных угнаенняў… Цяпер маем 23 гектары зямлі. Ёсці і свая цяплічная гаспадарка, і свой палявы гароднінны севаабарот, і свая пчалярня, і свой сад. Калі зусім коратка, то сёння цэнтр забяспечвае свае патрэбы ў прадуктах харчавання — ідэальна чыстых ад радыенуклідаў, рознай хіміі — на 96–98 працэнтаў. Канечне, такое харчаванне — разам з медыцынскімі працэдурамі — садзейнічае поўнаму вывядзенню радыенуклідаў з арганізма. Гэта пацверджана медыкамі. Але наш клопат не толькі якаснае, здаровае харчаванне. Усё павінна быць у комплексе. Задача ў тым, каб прывучыць дзятву правільна ставіцца да ўласнага здароўя — на працягу ўсяго жыцця, якое ў іх толькі пачынаецца…”

— Даводзілася чуць, што ваш цэнтр “Надзея — ХХІ век” — ледзь не ўзор па энергазберажэнні. Наколькі праўдзівая інфармацыя?..

— Толькі пару лічбаў: удзельны расход электраэнергіі за мінулыя два гады паменшыўся на 13,8% і склаў 5 кВтг на чалавека ў суткі. Удзельны расход цеплавой энергіі (паліва) за 2005–2010 гады паменеў на 32,8% — да 3,7 кг умоўнага паліва на чалавека ў суткі. Адкуль такі вынік?

Мы ажыццяўляем цэлы шэраг практычных мерапрыемстваў, скіраваных на эканомію энергіі. Канечне, дапамога нямецкіх сяброў зноў-такі неацэнная… Прыкладам, мы напоўніцу выкарыстоўваем сонечную энергію для падагрэву вады (сонечныя калектары), таксама ўстанавілі хуткасныя воданагравальнікі, перайшлі з электрычнага падагрэву вады на цеплавы, устанавілі тэрмарэгулятары на прыборах ацяплення, якія рэагуюць на тэмпературу паветра звонку, і г.д. Пералічваць можна бясконца. Па вялікім рахунку, калі мець на ўвазе доўгатэрміновую перспектыву, мы павінны стаць самадастатковымі на ўсе 100 працэнтаў. У фінансава-эканамічным плане, зразумела… І зараз усё для гэтага робіцца. Але гэта тэма асобнай гаворкі…

Фота аўтара


Няма запісаў для адлюстравання