Ці будуць судзіцца Дзмітрый Усс і Віктар Івашкевіч?

5

Пра тое, што прадстаўнік рабочых хоча праз суд спагнаць з палітыка 2 мільёны рублёў за заклікі да Еўрасаюза ўвесці эканамічныя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў і такім чынам “правучыць тых, хто заклікае да санкцый”, паведаміў тэлеканал “Беларусь 1”.

Але Дзмітрый Усс лічыць, што суда можа і не быць. “Працягу гэтай тэмы няма. Быў толькі выклік у пракуратуру, дзе мне далі папярэджанне. Па-першае, улады не жадаюць, каб узгадваліся прозвішчы алігархаў, якіх яны самі стварылі і якія ім служаць. Ім не патрэбна, каб у судзе публічна гучала тэма “прыдворнага” бізнесу, а ціск Еўропы накіраваны менавіта на яго, а не на народ. Па-другое, думаю, што, можа, ніякага іску і не было. Той жа Емяльянчык мой зварот цалкам і не чытаў. Нават у пракуратуры я бачыў, што адну цытату вырвалі з кантэксту і вось толькі на яе падставе мне і далі папярэджанне. Калі ж зварот яшчэ раз прагучыць у судзе, то разумныя людзі мяне толькі падтрымаюць. Так што ўладам нявыгадна раскручваць гэтую тэму далей”, — патлумачыў палітык.

Пакуль такая ж сітуацыя з судовай перспектывай і ў Віктара Івашкевіча, супраць якога работніца мазырскага “Нафтана” Марына Цыбліенка падала іск у суд Савецкага раёна Мінска. У праграме “Панорама” паведамлялася, што жанчына патрабуе ад палітыка 500 тысяч беларускіх рублёў для кампенсацыі маральных страт, якія ёй асабіста нанеслі выказванні Івашкевіча. Пакуль жа далей папярэджання ад пракуратуры справа не пайшла. Віктар Івашкевіч сам наведаў суд і пакінуў усе свае кантакты, каб разгляд справы не адбыўся ў яго адсутнасць.

Тым часам палітык вырашыў звярнуцца да старшыняў прафсаюзных арганізацый Наваполацкага і Мазырскага НПЗ, каб яму далі магчымасць асабіста адказаць на ўсе пытанні рабочых.

У сваіх заявах Віктар Івашкевіч напісаў, што з задавальненнем сустрэнецца з працоўнымі калектывамі і сярод іншых адкажа на пытанні:

— Хто вінаваты ў тым, што “ўзнікла рэальная пагроза ва ўжыванні эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі” і як іх можна пазбегнуць?

— Хто “вядзе антынародную палітыку, якая закранае не толькі работнікаў прамысловых прадпрыемстваў, але і настаўнікаў, урачоў, студэнтаў, пенсіянераў, іншых грамадзян, якім патрэбна сацыяльная дзяржаўная абарона”?

— Як “трэба папярэдзіць сітуацыю” і што неабходна зрабіць, каб не дапусціць санкцый?

— Хто вінаваты ў штомесячным росце цэн на гарачую ваду і электрычнасць, на мяса і малако, на паліва і праезд у грамадскім транспарце?

— У чыю кішэню ідуць мільярдныя крэдыты, расійскія датацыі і даходы ад гандлю з Еўропай, мільярды долараў ад распрадажы нашых прадпрыемстваў расійскім алігархам і арабскаму бізнесу, а нашай зямлі — кітайскім каланістам?

— Чаму ад продажу “Белтрансгазу” і зніжэння цаны на расійскія газ і нафту для Беларусі заробкі ў нас не павялічыліся, а цэны не пайшлі ўніз?


Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!