Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

5
Яшчэ да пачатку мерапрыемства прэс-служба партыі БНФ распаўсюдзіла праект рэзалюцыі, якая будзе зачытана сення на мітынгу.

РЭЗАЛЮЦЫЯ Чарнобыльскага шляху-2012

Да 26-годдзя Чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы

СПЫНІМ ЯДЗЕРНЫ ГЕНАЦЫД БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ!

 
Больш за чвэрць стагоддзя таму назад адбылася страшная Чарнобыльская радыяцыйная катастрофа. Беларусь у найбольшай ступені пацярпела ад гэтай аварыі, яе наступствы будуць з’яўляцца прычынай хваробы і смерці беларусаў дзясяткі і нават тысячы гадоў. Аднак кіраўніцтва нашай краіны сёння аб’яўляе аб пераадоленні наступстваў Чарнобыля і хавае рэальную карціну. Жыхары Беларусі не могуць атрымаць дакладнай інфармацыі аб забруджанасці зямель і прадуктаў харчавання, а таксама сваіх арганізмаў чарнобыльскімі радыёнуклідамі. Беларуская дзяржава фактычна цалкам пазбавіла сваіх пацярпелых ад Чарнобыля грамадзян сацыяльнай абароны, а таксама не пытаючыся іх згоды, прыняло рашэнні аб вяртанні забруджаных радыенуклідамі зямель у абарот, і разгарнула будаўніцтва АЭС у курортнай зоне Беларусі. Другога і трэцяга Чарнобыля Беларусь і яе Народ не вытрымаюць!

Мы, удзельнікі мітынгу “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка 2012 года, патрабуем ад кіраўніцтва краіны:

1. Аднавіць дзеянне закона “Аб сацыяльнай абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”, прынятага ў 1991 годзе, а таксама прыняць рэальныя меры па яго ажыццяўленню.

2. Спыніць выкарыстанне забруджаных чарнобыльскімі радыенуклідамі зямель, прадуктаў вытворчасці і харчавання. Забяспечыць магчымасці для перасялення людзей з забруджаных тэрыторый.

3. Адмяніць ўсе рашэнні па будаўніцтве Астравецкай АЭС, а таксама звязаныя з гэтым пагадненні з Расеяй, як недэмакратычныя, антыканстытуцыйныя, якія парушаюць экалагічныя правы грамадзян Беларусі і міжнародныя экалагічныя канвенцыі, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны.

4. Адкрыць магчымасці грамадскасці для ўплыву на прыняцце экалагічна, эканамічна і сацыяльна-значных рашэнняў. Правесці дэмакратычныя пераўтварэнні сістэмы выканаўчай і заканадаўчай улады.

5. Вызваліць усіх палітвязняў і аднавіць іх ва ўсіх грамадзянскіх правах

6. Забяспечыць свабодную дзейнасць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, палітычных партый і грамадскіх арганізацый, забяспечыць свабоду правядзення сходаў і дэманстрацый.

7. Правесці свабодныя і празрыстыя выбары прэзідэнта і парламента з удзелам усіх палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Забяспечыць адкрыты і незалежны падлік галасоў.

У аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» сёлета ўвайшлі прадстаўнікі як зарэгістраваных, так не зарэгістраваных арганізацый:

– Партыі БНФ

– Руху «За свабоду»

– Беларускага руху

– АГП

– Партыі левых “Справядлівы свет”

– БХД

– Кампаніі «Гавары праўду»

– «Маладога фронту»

– Грамадскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь»

– грамадзкага аб’яднання «Экадом».

21.55

На станцыі метро “Маскоўская” затрыманы Мікола Дземідзенка. Відавочна, пакрыўдзіла праваахоўнікаў расцяжка, якую Дземідзенка расцягнуў падчас мітынгу. Яго павялі з метро ў  бок “Беларусьфільма”. Нікога з  паплечнікаў Дземідзенкі, якія яго  суправаджалі, чапаць не сталі.

21.50

На маладафаронтаўцаў  Рамана Васільева і Міхася Мусскага ў Цэнтральным РАУС склалі пратаколы  па арт.17.1 — Дробнае хуліганства. Спецназаўцы  абурыліся, што нехта забраў каляровыя  сцягі ў прадстаўнікоў  сэксуальных меньшасцяў і выкінуў іх. Чамусьці яны вырашылі пакараць за гэта Васільева і Мусскага. Шчыра кажучы, міліцыя ўпершыню дэманструе такую прыхільнасць інтарэсам гей-супольнасці.

21.20

Кася Галіцкая толькі што  паведаміла, што ей удалося збегчы, а Раман Васільеў, гледзячы па ўсім затрыманы. Паляванне ідзе і на аднаго з лідараў “Маладога фронту”  Міколу Дземідзенка, які падчас мітынгу  моўчкі развярнуў плакат “… ты дурак?” 

Мікола з групай палпечнікаў  спусціўся ў метро, а людзі  ў цывільным – за імі. Выдалі яны сябе тым, што па звычцы, вырашылі ехаць  бясплатна. А кантралеры прымусілі  дэманстраваць пасведчанні. 

21.05

Сталі вядомыя падрабязнасці  інцыдэнта з расійскімі “яблычнікамі”. Яны адмовіліся праходзіць праз металашукальнік  і вырашылі пакінуць мітынг, каб  ехаць на вакзал. На прыпынку грамадскага  транспарту іх і схапілі.

Пасля мітынгу ўжо былі затрыманы беларускія маладафронтаўцы  Кася Гліцкая і Раман Васільеў. Спецназаўцы проста абкружылі іх у кола і схапілі. Іншым актывістам удалося заскочыць у тралейбус, але паспелі і спецназаўцы. Ці скончыцца гэта паездка затрыманнямі – невядома.

20.53

Мітынг скончыўся і людзі пачалі разыходзіцца. Прысутным прапанавалі прайсці да каплічкі ў памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы, каб ускласці кветкі і запаліць свечкі.

20.52

Восем затрыманых знаходзяцца  ў Цэнтральным РАУС Мінска. Яны  ішлі ў хвасце калоны, калі асноўная частка мітынгоўцаў ужо прайшла  праз пераход у парк. Ці сапраўды затрыманыя з’яўляюцца расіянамі, пакуль невядома.

20.50

Мітынг падыходзіць да свайго заканчэння. Супрацоўнікі міліцыі паказваюць арганізатарам “Чарнобыльскага шляху” на гадзіннік: маўляў, ваш час скончыўся.

20.41

Выступілі прадстаўнікі незарэгістраванага “Маладога фронта” (зарэгістраваны ў Чэхіі), пасля чаго запусцілі ў неба ліхтарыкі.

Выступілі таксама Таццяна Новікава («Экадом»), Аляксей Янукевіч (БНФ) і Марына Хоміч («Маладыя хрысціянскія дэмакраты»). Яны падкрэсліваюць: пасля таго, што перажыла Беларусь ва ўладаў няма права будаваць АЭС у нашай краіне.

20.38

Як паведаміла праваабаронца Наста Лойка, міліцыянеры раптам выскачылі з аўтобусаў ля “Макдональдсу”, што непадалек ад Бангалор, і зацягнулі ў іх людзей. Нібыта, садзілі ў два мікрааўтобусы. Магчыма, гэта і былі маладзёжныя актывісты расійскага “Яблока”. 

20.35

Слова ўзяла адказны сакратар Грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС Таццяна Новікава, і яе выступ якраз і прысвечаны атамнай станцыі, што плануюць пабудаваць у Беларусі. Яна расказала, якую пагрозу сёння нясуць людзям атамныя электрастанцыі. Пасля гэтага выступіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

20.27

Па папярэдняй інфармацыі, затрыманы актывісты расійскага “Яблока”. Як паведамілі БелаПАН відавочцы, на прыпынку грамадскага транспарту да іх пад’ехаў мікрааўтобус з цемным шклом без нумароў. З яго выскачылі людзі ў штацкум і зацягнулі ўнутр пару чалавек.

20.23

Мітынг распачаў Юрый Хадыка. “Улада дазволіла мерапрыемства, але чамусці не дазваляе карыстацца гукаўзмацняльнай апаратурай, – сказаў ён. – Таму, прабачце, калі будзе дрэнна чуваць праз мегафон”. Спадар Хадыка ўзгадвае Чарнобыльскую трагедыю, моладзёжныя актывісты запалілі ліхтарыкі. Аб’яўлена хвіліна маўчання.

20.10

Яшчэ толькі трэцяя частка людзей прайшла кантроль, у хуткім часе распачнецца мітынг, пачатак якога, мяркуючы па ўсім, спозніцца на гадзіну.

20.05

Агляд праводзіцца даволі шчыльны, у некаторых правяраюць нават кішэні. Прайшоў кантроль старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

19.58

Анатоль Лябедзька здолеў прыехаць з Астраўца і паспець  на заканчэнне “Чрнобыльскага шляха”. Нагадаем, што сення Лябедзька  дзень правеў у Астраўцы, дзе плануецца  будаўніцтва першай беларускай АЭС.

Тым часам арганізатары паведамілі, што гукаўзмацняльнай апаратуры  ім не далі. Пасля мінулай акцыі  кіраўнік прадпрыемства, які даў  такую апаратуру ў арэнду, быў  звольнены. Мітынг пройдзе праз мегафоны.

19.50

Да ўдзельнікаў акцыі далучыўся лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін, які таксама накіроўваецца на месца правядзення мітынгу.

19.55

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

Дэманстранты ўжо ў парку Дружбы народаў. Сілавікі паставілі турнікеты, народ прапускаюць праз “рамку”, робяць агляд рэчаў, правяраюць сумкі. Гэта ўжо другая працэдура агляду тых, хто ўдзельнічае ў акцыі.

19.48

Падобна на тое, што некаторыя  ўдзельнікі шэсця ісці на Бангалор не збіраюцца. Падаецца, што людзей паменела.

Тым часам да плошчы падцягваюцца аўтазакі. Хаця пакуль ніякіх сутычак  дэманстрантаў з міліцыяй не заўважана.

19.42

Калона ўжо спазняецца да запланаванага пачатку мітынга  ў Парку Дружбы народаў. Людзі  ідуць вельмі і вельмі павольна. Шмат хто затрымаўся каля універсама “Рыга”, бо трэба пераходзіць вуліцу на светафор.

Нагадаем, што пачатак  мітынга быў запланаваны на 19.30.

19.35

Людзі скандзіруюць “Жыве Беларусь”, “Свабоду палітвязням”. Ніякіх заўваг да дэманстрантаў з боку супрацоўнікаў міліцыі няма, усё праходзіць спакойна.

19.28

Тым часам прадстаўнікі АГП  расказалі, што ў Астраўцы, куды сення  накіраваліся кіраўнікі партыі, прайшлі  ператрусы ў партыйных актывістаў Івана Крука і Міколы Уласевіча. Як толькі Анатоль Лябедзька з’ехаў – прыйшла міліцыя.

Абодва мясцовыя актывісты  вядуць актыўную кампанію супраць будаўніцтва  АЭС. Уласевіч, дарэчы, пра навіну даведаўся  ў Мінску, дзе прымае ўдзел у  “Чарнобыльскім шляху”.


19.25

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)



Калона падыходзіць да ўніверсама “Рыга”, яна рухаецца даволі павольна ў шчыльным атачэнні сілавікоў.

19.19

Удзельнікі шэсця заўважылі, што з акна дома дзяўчына падняла вялікі бел-чырвона-белы сцяг, такім чынам вітаючы тых, хто прымае ўдзел у “Чарнобыльчскім шляху”.

19.16

Прадстаўнікі грамадскага  аб’яднання “Экадом” начале з вядомай  прадстаўніцай “зяленых” Ірынай Сухій прыбылі адразу бліжэй да месца мітынгу – плоашчы Бангалор і тут чакаюць калону. Яны зрабілі пудзіла смерці з эмблемай радыяактыўнасці і вялікі плакат “Астравецкая АЭС? Дзякуй, не трэба!”

19.13

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

Да калоны далучаюцца новыя ўдзельнікі шэсця. Гэта прадстаўнікі экалагічнай арганізацыі “Экадом”, якія ідуць пад сваімі транспарантамі на тэму Чарнобыля. Галава калоны перасякла вуліцу Якуба Коласа.

19.08

Гэтым разам у ахове  мерапрыемства зноў задзейнічаны спецназаўкі-жанчыны. Праўда, паводзяць яны сябе не агрэсіўна. Хаця адзетыя ў форму, якая нічым  не адрозніваецца ад мужчынскай. Нават  берцы такія ж.

19.06

Галава калоны спынілася, чакаюць тых, хто запаволіў рух. Аўтамабілісты, якія праязджаюць, падаюць сігналы ў знак салідарнасці, аднак супрацоўнікі ДАІ не рэагуюць на гэта. Раней былі выпадкі, што такіх аўтааматараў ДАІшнікі спынялі.

19.04

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

“Чыноўнікі і прадстаўнікі суду шкодзяць здароўю горш за радыяцыю”. З такой расцяжкай, намаляванай у савецкім стылі – белымі літарамі на чырвоным палатне – прыйшлі на акцыю прадстаўнікі групы жанчын, якія ўжо шмат гадоў безвынікова дабіваюцца справядлівасці ў судах. Расцяжку трымае юрыст Тамара Сяргей, якая дапамагае жанчынам.

19.02

У калоне прысутнічаюць  інваліды, жанчыны з дзецьмі з плакатамі «Аднаго Чарнобыля хопіць».

19.00

Некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў  кампаніі “Гавары праўду! Начале з  Міхаілам Пашкевічам адмовіліся прымаць  удзел у шэсці. Яны звярнулі сцягі  ля Акадэміі навук. Ніякага альтэрнатыўнага  шэсця, па іх словах, не плануецца.

18.57

Людзі ідуць па чатыры чалавекі, таму калона расцягнулася па вуліцы Сурганава да праспекта Незалежнасці.

18.55

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

Гэтым разам “Чарнобыльскі  шлях” падаецца вельмі стракатым. Тут  і камуніст Калякін, і лідары БНФ  Янукевіч і Костусеў, і прадстаўнікі секс-меншасцяў. Пакуль няма анархістаў, якія раней у мерапрыемстве 

ўдзельнічалі. Але зараз іх лідары сядзяць у  турме.

18.50

Журналісты разыходзяцца ў ацэнках, колькі чалавек удзельнічае  ў акцыі. Прыблізна 1-1,5 тысячы чалавек. Гэты меней, чым на Дзень волі, хаця надвор’е спрыяе.  Міліцыя перакрыла праспект, каб калона магла прайсці яго  без перашкодаў.

18.45

Тым часам, калона ўжо падыходзіць да вуліцы Сурганава. Супрацоўнікі міліцыі спыняюць рух калоны, каб людзі пераходзілі толькі на зялёнае святло, а таксама сочаць, каб не выходзілі на праезжую частку.

18.42

У былога кіраўніка Партыі свабоды Сяргея Высоцкага адбыўся інцыдэнт з міліцыяй. Ен пачаў выступ і абвясціў, што ствараецца рух «Новая Беларусь супраць Астравецкай АЭС», але міліцыя спрабавала гэтаму выступу перашкодзіць. Прыхільнікі новай ініцыятывы апранулі на сябе жоўтыя накідкі. Высоцкага адбілі.

18.40

Каля плошчы Перамогі было заўважана не менш пяці аўтазакаў.

18.39

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

Калона дэманстрантаў пачала рухацца ад будынка Акадэміі навук у бок вуліцы Сурганава. У галаве калоны – звон. Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч нясуць ікону Маці Божай ахвяраў Чарнобыля. У наступных шэрагах маладыя людзі трымаюць расцяжку “Чарнобыль – наша боль”. Шмат людзей рухаецца па другім баку праспекта. Пакуль немагчыма дакладана ўстанавіць колькасць удзельнікаў акцыі.

18.33

Шэраг арганізацый выкарыстоўваюць  “Чарнобыльскі шлях” як арганізацыйна-агітацыйнае  мерапрыемства. Аргкамітэт па стварэнні  партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”  прапаноўвае запісвацца ў яе шэрагі, маладзевыя арганізацыі, якія нядаўна  абвясцілі кампанію “Ігнор” па байкоце парламенцкіх выбараў запісваюць жадаючых прыняць удзел у яе арганізацыі. Бачны сцягі расійкай партыі “Яблоко”.

18.30

На плошчы шмат сцягоў Еўрасаюза, кампаніі “Гавары праўду”, ёсць сцягі аргкамітэта па стварэнні БХД. Моладзь скандзіруе: “Жыве Беларусь!” Людзі ў цывільным здымаюць прысутных на відэакамеры. Народу становіцца больш, частка патэнцыйных удзельнікаў знаходзіцца на другім баку праспекта, каля кінатэатра “Кастрычнік”. Ідзе запіс у кампанію “Байкот”.

18.20

Чарнобыльскі шлях — 2012 (онлайн+фота+відэа)

На станцыі метро “Акадэмія навук” перасталі спыняцца цягнікі. Людзі дабіраюцца да месца збору пехатой. Моладзевыя актывісты паставілі на стол рагачоўскае згушчанае малако і побач надпіс: “Любишь сладкое? Попробуй на свой страх и риск”.

Ідзе збор подпісаў за адмену будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

18.05

Міліцыя падрыхтавалася на выпадак, калі нейкія групы надумаюць рушыць па несанкцыянаваным машруце. У раёне  плошчы Якуба Коласа назіраецца асаблівая  актыўнасць прадстаўнікоў сілавых  ведамстваў. За рэстаранам “Лідо” тры  аўтобусы са спецназам і шэраг  мікрааўтобусаў, вуліца Дарашэвіча –  дык увогуле забітая “спецтранспартам”. У тым ліку тут стаяць два аўтазакі.

18.00

Людзі пачалі збірацца ля Акадэміі навук. Спецназаўцы ўсталявалі агароджу і кожнага прапускаюць на пляцоўку пасля персанальнага агляду. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”. На некаторых сцягах чорныя жалобныя стужкі. Сярод тых, хто прыйшоў на акцыю, – Юрый Хадыка, Зміцер Бандарэнка з жонкай, Сяргей Законнікаў, актывісты моладзеваых арганізацый…


Няма запісаў для адлюстравання