У сераду, 18 красавіка, у шведскім парламенце дыскутавалі наконт магчымай адмены чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Беларусі. Ініцыятарам сустрэчы з’яўляецца Крысціян Хольм (на здымку справа), адказны за парламенцкую суполку па Беларусі, дэпутат парламента ад Партыі мадэратаў (кансерватары).

Агулам у ёй удзельнічалі каля 20 дэпутатаў, якія прадстаўлялі розныя палітычныя партыі, шведскія журналісты і карэспандэнтка Еўрарадыё. На паседжанне быў запрошаны Крыстэр Энглунд (Christer Englund, на здымку злева), старшыня Шведскай федэрацыі хакею, а таксама сябра кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі.

Падчас дыскусіі парламентары спрабавалі пераканаць спадара Энглунда ў тым, што чэмпіянат у Беларусі трэба адмяніць, што спорт і палтыка ў гэтым канкрэтным выпадку вельмі моцна звязаныя. Аднак кіраўнік федэрацыі хакею з гэтым не пагадзіўся. “Ва ўсіх свае паняткі пра дэмакратыю”, — сказаў ён.

Крыстэр Энглунд аб’явіў, што Міжнародная федэрацыя хакею будзе патрабаваць бясплатных візаў і ўмоваў для працы для ўсіх журналістаў, якія прыедуць у Беларусь асвятляць спаборніцтвы. Пасля гэтага Крысціян Хольм дадаў, што і для журналістаў беларускіх недзяржаўных СМІ таксама варта было б забяспечыць умовы свабоднай працы.

Вось як пракаментаваў Еўрарадыё сітуацыю Крысціян Хольм: “Маё меркаванне такое, што Беларусь павінна быць адхілена ад арганізацыі чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Лукашэнка неаднаразова парушаў правы чалавека… У краіне, дзе дэмакратыя з’яўляецца цалкам “па-за гульнёй”, не павінны ладзіць падобныя мерапрыемствы”.

Нагадаем, што ў канцы сакавіка дэпутаты Еўрапарламента заклікалі перанесці чэмпіянат 2014 года з Беларусі ў іншую краіну. За перанос таксама выступалі шматлікія еўрапейскія праваабаронцы і палітыкі,Беларуска-амерыканскае задзіночанне.

Аднак днямі выступіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэль, які сказаў, што чэмпіянат свету па хакеі-2014 пройдзе ў Беларусі. Праўда, ён агаварыўся, што калі нацыянальныя федэрацыі ўнясуць пытанне пераносу ў парадак дня кангрэсу, то яно будзе разгледжанае.

Поделиться ссылкой: