Ды так імкліва! Нават магілёўская “Бабушкина крынка” перастала выкідваць у гандлёвую сетку (з 11 красавіка) так званую сацыяльную прадукцыю. І хоць “Крынка” трымала абарону да апошняга, але і яна ўрэшце здала “сацыяльны рэдут”, то бок вытворчасць таннага малака. Яшчэ раней рынак сацыяльнай прадукцыі пакінулі Барысаўскі малочны камбінат, Слуцкі ды і ўсе астатнія… Чаму?.. І ці не сабатаж гэта ўрадавых пастаноў, якія — так выглядае — ігнаруюцца перапрацоўшчыкамі, гандлем і вертыкаллю на месцах?

Варта нагадаць кароткую гісторыю “сацыяльнага” малачка… Як памятаем, у лістападзе-снежні мінулага года Беларусь узарваў шалёны, стыхійны рост цэн. Больш за ўсіх цярпелі малазабяспечаныя, сацыяльна не абароненыя грамадзяне — найперш пенсіянеры. І тады, каб неяк падтрымаць і без таго збяднелае насельніцтва, урад Рэспублікі Беларусь прыняў (7 снежня 2011 г.) пастанову за нумарам 1655 “Аб унясенні зменаў у пастанову Савета Міністраў РБ ад 14 красавіка 2011 №495”. Гэтай пастановай дэклараваўся пашыраны спіс сацыяльна значных тавараў, у тым ліку і малака…

Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла: літаральна праз тры месяцы вытворцы і гандаль “забілі ў хамут”… Спачатку, як на Барысаўскім малочным камбінаце, скарацілі вытворчасць сацыяльнай прадукцыі, потым істотна скарацілі і, урэшце, перасталі выпускаць наогул… Як тут не пагадзіцца з праваабаронцам Алегам Мацкевічам, які лічыць, што спыненне вытворчасці 2-працэнтнага (па тлустасці) малака — не што іншае, як свядомы сабатаж урадавай пастановы ад 7 снежня 2011 года. Іншымі словамі, не выконваюцца пастановы Савета міністраў, скіраваныя на падтрымку малазабяспечаных слаёў насельніцтва…
Да ведама. Сацыяльна-значнымі прадуктамі лічацца тыя, кошты на якія ўстанаўліваюць улады. У нашым выпадку гэта малако без усялякіх біядабавак-вітамінаў тлустасцю не вышэй за 3,5 працэнта. Якраз такое малако і каштуе (каштавала) у 2–3 разы дзешавей. Вось яно і знікла практычна з усіх крамаў. Цяпер ужо і больш тлустае не кожны раз купіш…

Яшчэ зусім нядаўна дырэктар Барысаўскага камбіната Уладзімір Лапіцкі супакойваў гараджан, якія былі незадаволены тым, што з продажу знікла малако тлустасцю 3,2 працэнта: маўляў, у гандлёвую сетку дамо 2-працэнтнае малако ў поліэтыленавай упакоўцы. І вось на табе — ні таго, ні гэтага…
З 3 красавіка Слуцкі сыраробны камбінат таксама спыніў вытворчасць найбольш хадавых у Слуцку відаў малочнай прадукцыі — малака і кефіру па 3,2 працэнта тлустасці і 35-працэнтнай смятаны. Вытворцы, канечне, гнуць сваё: працаваць сабе ва ўбытак — які рэзон? Аляксандр Сагаловіч, начальнік аддзела маркетынгу слуцкага камбіната, давёў літаральна наступнае: “Завод ужо даўно купляе малако ў сельгасвытворцаў па кошце вышэй за 3 тысячы рублёў. А рэалізуе яго — пасля перапрацоўкі — па 2 тысячы рублёў. Прадпрыемства несла вялікія страты. У цэнавым складніку малака сыравіна займае толькі 60–70 працэнтаў, а дадайце сюды транспартныя выдаткі, заработную плату, электраэнергію, упакоўку, то і атрымліваецца, што сабекошт — не менш як 4 тысячы рублёў”. Па словах галоўнага маркетолага цяпер Слуцкі сыраробны будзе пастаўляць у гандлёвую сетку малако і кефір 3,6 працэнта тлустасці, смятану 26 працэнтаў тлустасці. І кошт прадукту, натуральна, пераўзыдзе ранейшы амаль у два разы. А вось паставак цэльнамалочнай прадукцыі сацыяльнай скіраванасці — больш не будзе. Не трэба быць вялікім разумнікам, каб зразумець простую, як граблі, рэч: з павышэннем цэн на малако і смятану абавязкова ўскочаць цэны і на сыры, і на тварог, і на вяршкі з маслам…

З 11 красавіка і магілёўская “Бабушкина крынка” перастала пастаўляць у гандлёвую сетку таннае сацыяльнае малако. Праўда, гарадская вертыкаль запэўніла гараджан, што вытворчасць такой прадукцыі не спыніцца цалкам — у дзіцячыя садкі, шпіталі, школы, іншыя закрытыя ўстановы сацыяльныя прадукты будуць пастаўляцца. Незразумела толькі, як успрымуць гэта акцыянеры — хіба што як сацыяльны заказ пад нейкія прэферэнцыі… Але вось што думае пра малочную праблему дырэктар ААТ “Бабушкина крынка” Ігар Кананчук:

“На сёння гэта проста безвыходнасць. І таму хочацца, каб сітуацыю зразумелі і нашы пакупнікі. Чаму? Калі і надалей усё пакінуць, як раней, то нашы прадпрыемствы папросту разваляцца. Тут жалезная эканамічная логіка: купляць сыравіну па цэнах, якія вышэй за тыя, што ў крамах, — ніяк нельга. А рэальнасць цяпер такая: цэны на сыравіну афіцыйна падвысіліся ў 2,5 раза, а кошт гатовай прадукцыі за той жа час узрос толькі на 30 працэнтаў. Сітуацыя абсурдная”.

Па словах дырэктара “Бабушкиной крынки”, да апошняга часу прадпрыемства неяк выходзіла са становішча, бо пакрывала фінансавыя страты за кошт экспарту. Але калі ў мінулым годзе 60 працэнтаў малочных прадуктаў “Крынки” ішло на экспарт і 40 працэнтаў разыходзілася на ўнутраным рынку, то зараз карціна адваротная: 40 працэнтаў — экспарт, і 60 — унутраны рынак. Эканоміка на мяжы, як кажуць, адмоўнага балансу… “Па краіне ўжо 44% прадпрыемстваў малочнай галіны працуюць з убыткам, — канстатуе дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства. — Канечне,  так далей нельга. Улічваючы, што цэны на сацыяльную прадукцыю рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, мы не можам іх павышаць. Значыцца, вымушаны шукаць іншыя варыянты — вырабляць малочную прадукцыю з вітаміннымі дабаўкамі, мікраэлементамі, карыснымі для здароўя людзей, і гэтак далей. У любым выпадку якасць на першым плане… Тут ніякіх адступак…”
Можа, яно і так, але пенсіянеру з яго мізэрнай пенсіяй — што ў лоб, што па лбе. Аднолькава балюча. Як ні тлумач, як ні абгрунтоўвай сваю пазіцыю — кожнаму зразумела: кінулі не толькі старых і нямоглых — усіх. Але хіба ўпершыню?.. І ці тое яшчэ будзе?..

Поделиться ссылкой: