Ліст з волі

0

Я неаднойчы пісаў вам з-за кратаў — з турмаў і калоній. Зараз ведаю, што гэтыя лісты да вас не даходзілі. У тых лістах я дзякаваў газеце за мужнасць, за прынцыповасць, за пазіцыю. Прасіў праз газету падзякаваць усім тым людзям у Беларусі, якія падтрымлівалі мяне і іншых палітвязняў, разгарнулі сапраўдную кампанію салідарнасці з намі, патрабавалі нашага неадкладнага вызвалення і самі падвяргаліся рэпрэсіям. Ды і сама “Народная Воля” была рэпрэсавана разам са мной: час ад часу ад мяне яе хавалі, калі там выходзілі вострыя артыкулы, а час ад часу “Народнай Волі” пазбаўлялі ўсю калонію — асабліва калі ў нумары друкаваліся матэрыялы аб праблемах асуджаных — не толькі палітычных. Таму свой першы ліст з волі я пішу менавіта вам.

У калоніях “Народную Волю” заўсёды чакаюць. Яна — адно з самых аўтарытэтных выданняў для тых, хто пазбаўлены волі. Многія толькі там яе пачынаюць чытаць і дзякуючы ёй асэнсоўваюць, што ў рэальнасці адбываецца ў Беларусі.

Гэта ў “Народнай Волі” я прачытаў віншаванні з Днём народзінаў ад маёй жонкі і быў крануты амаль да слёз. Вядома ж, я не атрымаў бы гэты нумар, але іншыя асуджаныя ведалі, што ён будзе скрадзены ахоўнікамі, і таемна перадалі мне газету, якая прыйшла да іншага падпісчыка. А нумар “Народнай Волі” за 21–23 снежня 2010 года ішоў да мяне амаль паўтара года — я атрымаў яго ўжо ў “Віцьбе”. Хтосьці з зэкаў захаваў яго і зрабіў мне такі падарунак. Толькі там я змог прачытаць “Трагічны шлях да свабоды”. Я ганаруся тым, што побач з маім прозвішчам у выбарчым бюлетэні было напісана: “Палітычны аглядальнік “Народнай Волі”.

Я зараз не за кратамі, але там застаюцца не толькі іншыя палітвязні, але і тысячы незаконна асуджаных. Іхнія правы груба парушаюцца, яны знаходзяцца ў нечалавечых умовах, іх пазбаўляюць спатканняў, званкоў і перадач проста таму, што нейкім вертухаям хочацца здзекавацца з людзей. “Народная Воля” для гэтых людзей — крыніца не толькі інфармацыі, але і надзеі на тое, што не ўсё безнадзейна ў грамадстве, калі вольнае слова ўсё ж існуе і прарываецца за краты. Ёсць у Беларусі і мужныя людзі, і смелыя журналісты, і барацьба за свабоду і правы чалавека.

Так што дзякуй, “Народная Воля”! Да сустрэчы ў рэдакцыі!

З любоўю і павагай —

Андрэй САННІКАЎ


Няма запісаў для адлюстравання