“Суд прыняў гэтае рашэнне на ўласную ініцыятыву. Быццам бы, паўсталі рознагалоссі: калі Сяргей быў у Мінску, псіхіятр выдаў яму выснову пра тое, што ён адэкватны, а ў псіхіятрычным аддзяленні калоніі “Віцьба-3” псіхіятр лічыць, што ў яго разлад здароўя”, – расказаў праваабронца Валянцін Стэфановіч. Нагадаем, што жонка Каваленкі – Алена – пасля ранейшых сустрэч з віцебскімі медыкамі мела адваротную інфармацыю: нібыта, ўрачы калоніі “Віцьба-3” прызналі Сяргея адэкватным.
Гэта, дарэчы, распаўсюджаная практыка яшчэ савецкіх часоў, калі дысідэнтаў, якія абвяшчалі галадоўкі ў турмах, адразу накіроўвалі ў псіхлячэбніцы. Савецкая сістэма не магла прыняць таго, што здаровы чалавек дзеля прынцыпаў гатовы рызыкаваць не толькі здароўем, але і жыццем. Падобна на тое, што не можа прыняць гэтага і сістэма беларуская.
Дзень наступнага судовага разбору справы Каваленкі не прызначаны.