Алесь Беляцкі: Зэкі рады, што базавая велічыня павялічылася

3

У лісце ад 2 красавіка Алесь Бяляцкі піша, што ўжо другі тыдзень як ён пераведзены ў 14-ты атрад выпраўленчай калоніі №2 Бабруйска: “Тут зноў іншая сітуацыя, чым у каранціне. Атрад працоўны, адпаведна і рэжым прыстасаваны да 1-й ці 2-й змены працы. Мінулы тыдзень была 1-я змена, значыць пад’ём быў у 5:30, а ў 6:10 мы ўжо ішлі на сняданак. Затым праверка, і ў 8:00 мы ўжо былі на “промцы”. На гэтай “промцы” ёсць “швейка” – швачны цэх. Вось туды я і хаджу. Напачатку мяне прызначылі ў вучні ўпакоўшчыка. Два дні я пахадзіў, ужо і пакаваць навучыўся рукавіцы. Засталося засвоіць упакоўку рабочых робаў, якія тут таксама шыюць, як раптам прыйшло іншае указанне – пасадзіць мяне за швачную машыну. Ну а мне дык што, за машыну дык за машыну. Адно, што адтуліну ў іголцы я ўжо бачу слаба… Сеў – першы раз у жыцці, паддаў газку і паехаў – пастрачыў, як сляпы кулямётчык. Страчу-страчу, а куды – ня бачу. У суботу ўжо сшываў нейкія працоўныя бярэты. Спадзяюся, што іхнія атрымальнікі ня будуць моцна мацюгацца на мяне”.

У вольны час, якога за ўсімі справамі застаецца не так шмат, Алесь піша лісты на волю і чытае. Напрыклад, выходнага дня хапае і на класічныя раманы, а “патрошку перад сном” – Марыну Цвятаеву, якую называе “вельмі літаратурнай паэткай”.

Аднак паэзія мяжуе з прозай жыцця: “Заўтра будзе першая мая тут атаварка. Ужо па новых мерках [паводле КВК РБ, які рэгламентуе правы асуджаных, ёсць магчымасць “штомесяц расходваць на набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці грашовыя сродкі з асабовых рахункаў у памеры пяці базавых велічынь”]. Базавая велічыня стала 100 тысячаў, і адзіныя, хто гэтаму, мабыць, рады, дык гэта зэкі…” З іроніяй пераходзячы ад “дробных бытавых праблемак” да “зацяжной вясны”, Алесь паглядае ў вакно: “На вуліцы мяце сухі сняжок і вецер ганяе па чорным асфальце белыя змейкі. У каранціне днямі тупалі па “лакалцы” на веснавым сонцы. А зараз – ізноў сонца няма ці яно рэдкае”.

З тугою па вясне і спадзяваннямі на лепшае Алесь Бяляцкі перадае прывітанне ўсім знаёмым. Ён кажа: “Да пабачэння”.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!