Беларусь дала свету шмат вядомых імён, але імя Барыса Кіта займае сярод іх адно з першых месц. Пералічэнне званняў вядомага навукоўца, сусветна вядомага ў галіне астранаўтыкі, матэматыкі, фізікі, хіміі, заслужанага прафесара Мэрылендскага ўніверсітэта (ЗША), акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, члена камітэта міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы, уладальніка медаля імя Оберста і так далей, і так далей заняло б палову паласы газеты. Сам жа Барыс Кіт заўсёды кажа: “Усё, што я зрабіў, — для Беларусі”.
Цяпер наш славуты зямляк жыве ў нямецкім Франкфурце-на-Майне. Неаднойчы ён казаў, што калі б застаўся ў Савецкім Саюзе, то яго жыццё скончылася б значна раней — у ГУЛАГу. Чалавек, які валодае шэрагам еўрапейскіх моў, беларускую называе сваёй роднай і кажа, што яна самая мілагучная з тых, якія ён чуў у сваім жыцці. На гэтай мове ён размаўляў у сваім дзяцінстве, якое прайшло ў гістарычных мясцінах Бацькаўшчыны — Карэлічах, Навагрудку, Міры. Пасля заканчэння фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта малады Барыс працаваў настаўнікам. У часы фашысцкай акупацыі ён, як і яго землякі, спазнаў усе цяжкасці вайны, нават трапіў у гестапа і ледзь уратаваўся.
Напрыканцы 40-х Барыс Кіт стаў грамадзянінам ЗША. Даследаванні Барыса Кіта прынеслі яму вядомасць і аўтарытэт не толькі ў навуковых колах. Пасады кіраўніка навуковай групы аддзела астранаўтыкі Міністэрства ваенна-паветраных сіл ЗША з 1958-га па 1963 год і старшага эксперта-даследчыка Дзяржінстытута сістэмнага аналізу міністэрстваў абароны і транспарту ЗША з 1968-га па 1972 год, а таксама ўдзел у засакрэчаных распрацоўках на доўгі час зрабілі немагчымымі яго кантакты з радзімай. Супрацоўнікі КДБ наведвалі тады яго бацьку і казалі, што яго сын Барыс можа смела ехаць у БССР, але ўсе разумелі, што рабіць гэтага нельга. Наш зямляк быў адным з куратараў першых савецка-амерыканскіх перамоў у галіне касманаўтыкі. Барыс Кіт прыгадваў: “Першая двухбаковая сустрэча паміж СССР і Амерыкай, на якой прысутнічала група савецкіх акадэмікаў і міністраў, адбылася ў 1960 годзе ў вашынгтонскім “Шэратон-Парк-Гатэль”. Абсалютна ніякай палітыкі там не было. Мы вялі выключна навуковую справу. Атмасфера была вельмі дружалюбнай, і я ганаруся, што быў старшынёй гэтага гістарычнага сходу”.
Доўгатэрміновым вынікам тых перамоў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай праграмы “Саюз”–“Апалон”.
Наш зямляк наведаў сваю радзіму на пачатку 90-х, калі Беларусь стала незалежнай. Ён стаў Ганаровым грамадзянінам Навагрудка і Ганаровым прафесарам Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У Навагрудскім музеі захоўваецца каля 600 экспанатаў, якія Барыс Кіт перадаў сваім землякам, — публікацыі, фотаздымкі, узнагароды…
Са 102-ім Днём народзінаў, Барыс Уладзіміравіч! Пажадаем моцнага здароўя нашаму славутаму суайчынніку!

Поделиться ссылкой: