Атмасфера вельмі напружаная, — гаворыць старшыня савета прадпрымальнікаў Кацярына Чыжык. — Сёння дзень скасавання дамоў. Гэта пры тым, што старыя дамовы падпісаны на тэрмін да 31 студзеня 2013 года. За квадратны метр мы павінны цяпер плаціць арэнду 1 мільён 188 тысяч рублёў. А гандлёвыя кропкі ў асноўным ад 10 да 20 квадратных метраў, ёсць і большыя. Вось і лічыце. За 24 квадратныя метры цяпер трэба заплаціць у месяц 28 мільёнаў рублёў, плюс 2 мільёны 200 тысяч рублёў падаткаў, а яшчэ камуналка каля мільёна… Мала таго, пры гэтым мы карыстаемся платнымі прыбіральнямі і плацім за гарачую ваду. Спрабуем дамовіцца да нейкага больш-менш прымальнага варыянта з адміністрацыямі “Паркінга”, але ўсё безвынікова.

Гандлёвым цэнтрам “Паркінг” валодаюць кампаніі “Альпійскія інвестыцыі” і “Паўночны Захад-інвест”. Менавіта з імі спрабуюць дамовіцца прадпрымальнікі. Цягам апошніх 12 месяцаў арэндная плата павышалася два разы. Цяперашняе павышэнне прадстаўнікі дробнага бізнесу, па іх выказванням, проста не пацягнуць. Але сустрэча прадстаўнікоў адміністрацый “Паркінга” з прадпрымальнікамі не дала ніякіх вынікаў. Чаму?

Намеснік дырэктара “Паўночны Захад-інвест” Леанід Карака сказаў “Народнай Волі”, што не мае жадання і паўнамоцтваў адказваць на гэтыя пытанні.

Нам сказалі, што ніхто зніжаць плату не будзе, — працягвае Кацярына Чыжык. — Каму не падабаецца — той можа сыходзіць адсюль. Але мы тут ад самага пачатку працуем, ужо 12 гадоў. Мы не хочам сыходзіць. Пайсці на новае месца сёння азначае спыніць свой бізнес.

Прадпрымальніца Ала Рашкевіч таксама абурана новымі расцэнкамі:

З-за крызісу мы і так згубілі 70 працэнтаў пакупнікоў. Я маю тут адносна невялікую плошчу. Але калі заплаціць такую арэндную плату, то праца стане проста нерэнтабельнай. Павысіць кошты на тавары? Тады зусім не будзе пакупнікоў.

Прадпрымальнікі запэўнілі, што 6 красавіка выйдуць на вуліцу і там будуць праводзіць свой сход, каб прыцягнуць да праблемы ўвагу ўлад і шырокай грамадскасці.

…Міжволі я прыгадала марозны дзень 1 сакавіка 2005 года — тады прадпрымальнікі абвясцілі агульнанацыянальны страйк. Галоўнай мэтай акцыі быў пратэст прадстаўнікоў дробнага бізнесу супраць увядзення падатку на даданую вартасць на тавары, што ўвозяцца з Расіі. І так здарылася, што за дзень да правядзення той акцыі, калі я рыхтавала матэрыял, я наведала менавіта “Паркінг”, таксама размаўляла з тутэйшымі прадпрымальнікамі, большасць з якіх складалі жанчыны. Усе выказваліся рашуча і запэўнівалі, што выйдуць на плошчу. На наступны дзень на плошчу выйшлі каля трох тысяч чалавек з некалькіх сотняў тысяч прадпрымальнікаў. Але колькі я ні ўглядалася ў твары, сваіх суразмоўцаў з “Паркінга” так і не заўважыла. Акрамя, можа, двух-трох чалавек…
Сёння стане вядома, ці выйдуць яны на вуліцу гэтым разам бараніць свае інтарэсы.

Поделиться ссылкой: