Алена КАВАЛЕНКА: “Вельмі хочацца верыць, што яны зробяць усё, каб мой муж застаўся жывы”

2

Нагадаем, што Сяргей лічыць свой арышт незаконным, таму яшчэ задоўга да пачатку суда — у снежні мінулага года — ён абвясціў галадоўку, якую трымае з 20-дзённым перапынкам.

Добраахвотна выходзіць з галадоўкі Каваленка па-ранейшаму адмаўляецца, патрабуючы адмены прыгавору і пераводу ў звычайную бальніцу. Тым часам з канца мінулага тыдня Каваленку пачалі карміць праз зонд, прымусова.

Учора з самага ранку жонка Сяргея Каваленкі Алена ў чарговы раз была ў калоніі.

— Да яго мяне не пусцілі, — расказала “Народнай Волі” Алена. — Медыкі спаслаліся на тое, што яму робяць кропельніцу з амінакіслотамі. Па іх словах, яе паставілі Сяргею ў дзевяць гадзін раніцы і разлічана яна на пяць гадзін. Але дактары па-ранейшаму баяцца за будучае Сяргея — ніякіх прагнозаў яны не даюць. Медыкі пацвярджаюць, што ён слабы: вага 46 кілаграмаў, ціск 90 на 60… Тым не менш Сяргей па-ранейшаму застаецца пад доглядам турэмных медыкаў, яны кажуць, што няма патрэбы пераводзіць яго ў цывільны шпіталь…

Пасля кропельніцы Алене Каваленка ўсё ж такі дазволілі ўбачыць мужа ў турме.

— Са слоў Сяргея вынікае, што прымусова карміць яго пачалі ў мінулы чацвер. Паколькі добраахвотна ён прымаць ежу адмаўляецца, яго прывязваюць да ложка і праз трубку, якая праведзена праз нос, уводзяць дзіцячыя сумесі і пюрэ. Выглядае муж знямоглым. Сказаў, што з чацвярга мінулага тыдня на працягу трох дзён яго не адвязвалі нават для таго, каб ён схадзіў у прыбіральню. Муж кажа, што пасля таго, як яго сталі прымусова карміць, яму моцна забалеў жывот, ён кашляе крывёй. Па яго словах, у яго моцная інтаксікацыя арганізма, не працуе падстраўнікавая залоза, акрамя таго, ён падхапіў прастуду.

Пры гэтым я бачу, што турэмныя медыкі сапраўды непакояцца за стан Сяргея. Яны спрабуюць рэальна дапамагчы яму. Вельмі хочацца верыць, што яны зробяць усё, каб мой муж застаўся жывы.


Няма запісаў для адлюстравання