За савецкім часам гэтае прадпрыемства было ледзь не адзіным на абсягах былога Саюза, дзе вырабляліся цяжкія шматфункцыянальныя станкі. Менавіта тут у 1977 годзе была выраблена і запушчана першая ў СССР аўтаматычная лінія балансіроўкі каленчатага вала.
У 1980-м упершыню ў Саюзе на “МЗОР” былі выпушчаны балансіровачныя аўтаматы для абароннай прамысловасці, а ў 1982 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю першы шматінструментальны апрацоўчы цэнтр з сістэмай лічбавага праграмнага кіравання.
…Сёння тэрыторыя ля прахадной завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі — своеасаблівы астравок СССР у беларускай сталіцы. Прадпрыемства так і не змяніла назву. Побач з прахадной Дошка гонару са здымкамі перадавікоў вытворчасці, побач — бюст правадыра ўсіх народаў Уладзіміра Леніна… Адзінае, што змянілася пасля развалу Саюза, — станкабудаўнічы завод пераўтварыўся ў адкрытае акцыянернае таварыства.
Трапіць на само прадпрыемства, каб на ўласныя вочы пабачыць, у якіх умовах зараз працуюць рабочыя, што іх хвалюе, якія праблемы існуюць, аказалася справай няпростай. На прахадной прадпрыемства карэспандэнту “Народнай Волі” патлумачылі, што без згоды намесніка генеральнага дырэктара па кадрах і ідэалогіі Аляксандра Ількевіча на завод патрапіць не ўдасца…
Я звязаўся з Аляксандрам Ількевічам, каб такі дазвол атрымаць. І пачуў: “Я з задавальненнем з вамі папрацую, але такія пытанні трэба вырашаць непасрэдна з генеральным дырэктарам прадпрыемства Віктарам Бутко”.
У прыёмнай дырэктара ветлівая сакратарка запісала нумар майго мабільнага тэлефона, паабяцаўшы, што абавязкова перадасць просьбу шэфу. Чаканне поспехам не ўвянчалася. “Дырэктара пакуль няма на месцы…” — толькі гэта я чуў у тэлефоннай слухаўцы. Заставалася адно — ізноў ісці на прахадную і, дачакаўшыся канца працоўнай змены, гутарыць з рабочымі.
Высветлілася, што на “МЗОР” працуюць у дзве змены. Зараз на прадпрыемстве працаўладкавана прыкладна 3500 чалавек.
Сёння на “МЗОР” вырабляюць цяжкія шматфункцыянальныя металарэжучыя, фрэзерныя, такарныя станкі… Загружанасць ёсць, людзі працуюць поўны працоўны тыдзень — заказы на прадукцыю “МЗОР” паступаюць і з Расіі, і з Латвіі, і з іншых краін…
Дарэчы, згодна з афіцыйнай інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага  камітэта Беларусі, сярэдняя налічаная зарплата рабочых  і служачых у лютым бягучага года склала 2.995.685 рублёў. Пагадзіцеся, грошы не такія вялікія, асабліва пры цяперашніх коштах на прадукты і камунальныя паслугі. У сваю чаргу прадстаўнікі беларускай апазіцыі няспынна сцвярджаюць пра тое, што “незадаволенасць працоўных масс расце” і вось хутка (ледзьве не заўтра) усё скончыцца сацыяльным выбухам. Тым не менш пратэстуючых рабочых на плошчах Беларусі як не было, так і няма. На прыкладзе сталічнага “МЗОР” можна з упэўненасцю сказаць — рабочых задавальняе ўзровень іх заробкаў.
“А што скардзіцца? Праца ёсць, заказы паступаюць, зарплату выплачваюць рэгулярна без затрымкі”, — прызнаецца токар Мікалай.
Пры гэтым мужчына ні пры якіх умовах не пагаджаецца назваць сваё прозвішча. “Разумееш, мы працуем па кантракце, навошта мне непрыемнасці… Але шчыра кажу, што зарплата на прадпрыемстве годная, такую працу яшчэ пашукаць трэба. Напрыклад, у мяне на рукі чыстымі выходзіць 4 мільёны, плюс штомесячная прэмія. Ёсць і большыя заробкі, ёсць крыху меншыя… Так што грэх скардзіцца. Логіка простая: чым больш працы — тым большая зараплата. А ў нас праца ёсць заўжды, заказы на нашу прадукцыю паступаюць пастаянна”.
Мікалай расказвае, што аддаў прадпрыемству больш за 30 гадоў жыцця: “Тут заўжды плацілі нармальна. А калі і ёсць нейкія нязручнасці, то можна і пацярпець…”
Што да нязручнасцяў, то рабочы наракае на наступнае: “Колькі памятаю, завод заўжды працаваў у дзве змены. Дык раней быў уласны аўтатранспарт, якім рабочых падвозілі на прадпрыемства і адвозілі дахаты. Зараз жа тыя, хто працуе ў другую змену, ездзяць на працу на ўласных машынах. А паколькі ў мяне няма аўто, дык прыходзіцца ў Лошыцу пасля другой змены пешкі дабірацца. Але і гэта не самае страшнае. І зараз, і зімой у цэхах вельмі холадна. Працуем, апрануўшы па дзве целагрэйкі, падчас вялікіх маразоў стаялі ў валёнках, сцены сырыя. Дарэчы, выдача целагрэек і валёнак нават прапісана ў нашых кантрактах. Калі з кіраўніцтвам сустрэцца ўдасца, запытайце: чаму рабочыя мёрзнуць? Але на мяне, прашу, не спасылайцеся…”

ЗВАНОК НА ЗАВОД

“У цэхах не можа быць халодна па вызначэнні…”
На «МЗОР» афіцыйна абверглі інфармацыю аб тым, што рабочыя на прадпрымстве замярзаюць.
“Хто вам такое сказаў? — здзівіліся пытанню ў аддзеле ідэалогіі прадпрыемства. — Рабочыя? Не, гэта не можа быць праўдай па вызначэнні. Ніякага холаду ў цэхах няма. На вуліцы ж амаль лета…”
Здавалася б, зняць усе  пытанні, крыватолкі і паведаміць інфармацыю аб тым, як працуе завод, у якіх умовах знаходзяцца рабочыя, можна было проста: дазволіўшы карэспандэнту “Народнай Волі” наведаць прадпрыемства і ўсё пабачыць на свае вочы. Але не…

Поделиться ссылкой: