Сяргея Каваленку пачалі прымусова карміць праз зонд дзіцячай сумессю

2

“Пасля таго як на мінулым тыдні Сяргея перавялі з мінскага СІЗА №1 у калонію Віцьба-3, яго стан значна пагоршыўся, — гаворыць Алена. — Гэта прызнаюць і турэмныя ўрачы. Яны ацэньваюць стан Сяргея як “бліжэй да цяжкага”. Муж важыць 45 кілаграмаў, ціск 90 на 60… Са слоў медыкаў, Сяргею ставяць кропельніцы з фізрастворам і вітамінамі. Акрамя таго, яго пачалі карміць праз зонд — даюць дзіцячую сумесь “Беллакт”. Мне сказалі, што ад нядзелі, 1 красавіка, яго кормяць гэтымі сумесямі шэсць разоў на дзень. Але самастойна есці муж па-ранейшаму адмаўляецца.
Я кожны дзень тэлефаную турэмным медыкам, бо мне патлумачылі, што, пакуль Сяргею робяць кропельніцы, убачыцца з ім не дазволяць ні мне, ні маці. Маўляў, ідзе лячэнне… Аб пераводзе Сяргея ў цывільны шпіталь размова па-ранейшаму не ідзе. Турэмныя медыкі не выключаюць такой магчымасці, але кажуць, што пакуль стан здароўя Сяргея ў іх пад кантролем, і яны спраўляюцца з сітуацыяй самі. Хаця для мяне відавочна, што рашэнне аб пераводзе мужа ў нармальную, цывільную бальніцу папросту замаруджваецца. Учора вечарам я размаўляла з турэмнымі медыкамі. Мне сказалі,  што ў Сяргея ўзніклі праблемы з ныркамі — яны апусціліся і зменшыліся ў памерах, іншымі словамі — усыхаюць. Паведамілі, што курс лячэння кропельніцамі будзе доўгатэрміновым, таму да канца гэтага тыдня ўбачыцца з мужам мне не дазволяць”.


Няма запісаў для адлюстравання