Дзень Волі – 2012. Анлайн-рэпартаж

13

Учора вечарам адбылася брутальная зачыстка у ДК МТЗ, дзе праходзіў канцэрт каля-анархічных гуртоў. Гэта можа быць звязана з сённяшнім мітынгам, бо анархісты з’яўляюцца аднымі з найбольш актыўных удзельнікаў вулічных акцый. 

12:00 Як паведамляе “Наша Ніва”, на форумах масава з’яўляюцца заклікі на шэсце не ісці, адзначаць у кавярнях. Аргументы за тое, каб не ісці, прыводзяцца самыя разнастайныя: інфармацыі пра свята было мала, апазіцыя слабая, шэсце ў бок Бангалора, яшчэ сто прычын. Каменты напісаныя па-беларуску і па-руску, але, як пад капірку, вывад усюды адзін: «не ідзіце», не адзначайце свята публічна. На думку нашых калегаў, гэта праява інфармацыйнай барацьбы з боку ўладаў. З заклікам да якой выступаў на апошніх семінарах для ідэалагічнай вертыкалі намеснік кіраўніка Адмністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў.

12:05 Па інфармацыі “Радыё Свабода”, затрыманні палітычных актывістаў адбыліся ў Полацку, Жодзіна і Гарадку. Затрыманы сябра “Еўрапейскай Беларусі” Віктар Калеснік, сябра АГП Юрась Сілкін і старшыня гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў. 

12:10 Дасюль назіраюцца перабоі з доступам да сайтаў svaboda.org і gazetaby.com, якія ўзніклі яшчэ раніцай.

12:15 Яшчэ ўчора БелСАТ перадаваў, што 25 сакавіка настаўнікаў прымушаюць выходзіць на працу. Тыя абураюцца: мала што нядзеля, дык у школах яшчэ і распачаліся вакацыі. Калі вы можаце пацвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю, пакінце, калі ласка, свой каментар.

12:20 Міліцыя пачала агароджваць месца для мітынгу ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор.

12:25 Мікраблогер bl1nk_by пакінуў у сваім твітэры такі запіс: “Припарковался между автозаков на Академии наук. Хорошее место для обеда”.

12:30 Гамяльчук Іван Марозька пытаецца ў твітэры: “А в Гомеле сегодня где-нибудь празднуют? А то автозак с ИВС выезжал, а где празднуют непонятно :)” Падкажыце чалавеку, калі ведаеце.

12:35 На чыгуначным мосце праз вуліцу Аэрадромную двое ананімных актывістаў вывесілі бел-чырвона-белы сцяг паўзверх рэкламы “Белаграпромбанку”, перадае Хартыя’97.

12:50 Праз хмары прабілася сонейка! 🙂

13:01 На прызначаным месцы правядзення мітынгу ўжо сабралася 100-150 чалавек.

13:02 Андрэй Гадунко піша ў твітэры: “З Днём Волі, панове. І, калі вы наркаман, то з днём маку вас!” Рэч у тым, што Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту сапраўды абвесціў 25 сакавіка “ДНЁМ МАКУ”.

13:07 Каля Акадэміі навук залуналі першыя бел-чырвона-белыя сцягі.

13:10 Калі дазваляе хуткасць інтэрнэту, упершыню святкаванне ўгодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску можна будзе пабачыць у рэжыме відэатрансляцыі на інтэрнэт-старонцы “Белсату”. Уласную відэатрансляцыю вядзе і “Наша Ніва”. 

13:15 Каля Акадэміі навук сабралася ўжо некалькі сотняў чалавек.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

13:20 Сонейка схавалася за хмарамі. Пайшоў дождж з мокрым снегам.

13:25 Заклікі незразумелага зместу сталі з’яўляцца на сайтах маладзёжных арганізацый. Так, на сайце Маладога фронта сёння з’явілася абвестка аб тым, што Малады фронт заклікае ўсіх беларусаў прыняць удзел у мірным мітынгу 25 сакавіка, які пачнецца а 18 гадзіне на пляцоўцы перад Акадэміяй навук. Наўрад ці Малады фронт ладзіць акцыю асобна ад іншых апазіцыйных структур. Хутчэй за ўсё, гэтая абвестка з шэрагу правакацый, якімі з раніцы запоўнена інтэрнэт-прастора. 

 13:28 Стала вядома, што станцыя метро “Акадэмія навук” зачынена быццам бы па тэхнічных прычынах. Тым не менш, людзей становіцца ўсё больш. З’явіўся адзін з арганізатараў мерапрыемства Уладзімір Колас. У рацыях міліцыянераў гучыць: “Дзейнічаем культурна, не паддаемся на правакацыі”.

13:30 Людзей з плакатамі, на якіх напісана “Лукашэнка — гэта тупік”, “Дзе мае 500 долараў?” і “Свабода палітвязням!”, не прапусцілі праз агароджу на месца правядзення мітынгу. Фота Уладзіміра Чудзянцова:

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

13:40 ГУУС Мінгарвыканкаму ў сваім твітэры піша, што на пляцоўцы перад Акадэміяй навук нібыта “сабрался ўсяго 300 чалавек і прытоку не назіраецца”. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Па ацэнках розных журналістаў, ужо сабралася не менш за 2 тысячы чалавек і людзі яшчэ падыходзяць. Арыентыровачна шэсце пачнецца ў 14.00, аб чым паведаміў Уладзімір Колас. Дарэчы, маладафронтаўцы, нягледзечы на правакацыйную абвестку на сваім сайце, у мерапрыемстве ўдзельнічаюць.

13:45 Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкаму выправіўся: “Але іх колькасць пакрысе павялічваецца”.

13:50 Напярэдадні Дня Волі ў розных месцах сталіцы з’явіліся здымкі святкавання ўгодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі мінулых гадоў, паведамляе сайт “Руху за свабоду”. Сёння шмат хто можа і хацеў бы паўдзельнічаць у вулічнай акцыі, але баіцца арыштаў і пераследу. Таму мэта “Народнай выставы” (гэта частка кампаніі “Страху няма!”) – нагадаць беларусам, што і мы можам жыць без страху, што былі часы, прычым зусім нядаўна, калі на вуліцы выходзілі дзясяткі тысяч чалавек.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

13:55 Яшчэ адзін твіт ад прэс-сакрата ГУУС Мінгарвыканкаму: “Оппозиция сознательно завышает до неприличия – вы же понимаете почему. Нам количество большой разницы не играет”.

13:57 Адзін з арганізатараў мерапрыемства Віктар Івашкевіч заклікаў, каб удзельнікі пачалі фарміраваць калону.

14:00 У першых шэрагах ідуць з транспарантам, на якім напісана “Дзень волі”. Пачалося шэсце.

14:05 У адпаведнасці з рэкамендацыямі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН для гарманізацыі міжнародных інфармацыйных сістэмаў стрэлкі гадзіннікаў пераводзяцца сёння ў свеце на гадзіну наперад. Valex Bujak піша ў твітэры: “Апроч Расіі і Беларусі. Вось вам і Дзень Волі”.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

14:06 На мерапрыемстве прысутнічаюць палітыкі Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Фядута, Сяргей Калякін, прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага Камітэта, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марыя Адамовіч… Калона рушыла ад пляцоўкі ля Акадэміі навук. Людзі скандзіруюць імёны кожнага з палітвязняў.

14:08 Наперадзе шэсця намеснік начальніка мінскай міліцыі Ігар Яўсееў і Хазалбек Атабекаў — камандзір спецыяльнай брыгады ўнутраных войскаў Уручча, уключаны днямі ў чорны спіс ЕС.

14:10 Калона выйшла на праезжую частку праспекта Незалежнасці, але людзі зварочваюць на тратуар. Наперадзе – жывы ланцуг спецназаўцаў. Тым часам, колькасць удзельнікаў акцыі стала павялічвацца. Да шэсця далучаюцца тыя, хто чакаў калону ў іншых месцах.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

14:25 Калона ідзе ўжо па вуліцы Сурганава да ўніверсама Рыга.  Усё праходзіць спакойна, без правакацый. Але стала вядома, што машыну з гукаўзмацняльнай  апаратурай не прапускаюць да месца правядзення мітынга. Моладзь, якая знаходзіцца ў першых шэрагах, ідзе вельмі хутка, таму калона не паспявае за імі.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

14:30  Віктар Івашкевіч паведаміў, што пакуль усе дамоўленасці, якія былі дасягнуты паміж арганізатарамі і супрацоўнікамі міліцыі, выконваюцца. Людзі працягваюць скандзіраваць лозунгі незалежнасці і ў падтрымку палітвязняў. Вадзіцелі машын, якія праязджаюць, сігналяць у знак салідарнасці з удзельнікамі.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

14:35 Калона расцягнулася, яе суправаджаюць спецназаўцы. Адзін з дэманстрантаў прыйшоў у галаву калоны з плакатам “Свабоду паміраючаму Сяргею Каваленку” з ягонымі фотаздымкамі.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

14:40 Мікраблогерка Абігель напісала ў твітэр: “Пошла купить игрушку и попала на День Воли. Внушительное количество народа! Машины сигналили, не сдержалась – захлопала :)” Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкаму піша ў твітэры пра 600-700 чалавек удзельнікаў. Як паведамляе наш карэспандэнт з месца падзеяў, колькасць удзельнікаў вагаецца паміж 2-3 тысячамі чалавек.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

14:50 Людзі падыйшлі да плошчы Бангалор. Навокал бачны ачапленні міліцыі.

 

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

14:51 Як паведамляюць арганізатары, машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай чамусьці накіравалі ў Савецкі РУУС.

14:52 Некаторыя пасля шэсця адмаўляюцца прымаць удзел у мітынгу і разыходзяцца. Сярод сабраўшыхся заўважаны прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, іх з задавальненнем здымае Беларускае тэлебачанне.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

15:00 Па словах Віктара Івашкевіча, арганізатары, каб арэндаваць гукаўзмацняльную апаратуру, заключылі дамову з Беларускім радыёперадаючым цэнтрам, якому заплацілі 670 тысяч рублёў. Апаратуру прывезлі, але адправілі ў райаддзел міліцыі. Міліцэйскае начальства абяцала з гэтым фактам разабрацца. Тым часам, арганізатары паведамілі, што, калі апаратуру не вернуць, то… думаеце, будуць рашуча патрабаваць яе вярнуць? Не, тады далейшы фармат мерапрыемства будзе такім: кароткі мітынг, без канцэрта.

 

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

15:05 Аказалася, што супрацоўнікі ДАІ дачапіліся да вадзіцеля, які вёз апаратуру. Сказалі, у яго, маўляў, нешта не ў парадку з дакументамі.

15:10 Пачаўся мітынг. Надвор’е зусім сапсавалася, шмат удзельнікаў акцыі сыходзяць з мерапрыемства.

15:15 “РИА Новости”, даючы ў твітэр спасылку на свой матэрыял пра святкаванне Дня Волі ў Минску, піша: “Свобода на день – тоже свобода”. Тым часам у Маскве праходзяць на Васільеўскім спуску затрыманыя 33 чалавекі з белымі стужкамі – за “несанкцыянаваныя гулянні”.

15:20 “Редакция NewsBelarus” жартуе: “Вчера не хватило билетов в ДК МТЗ, сегодня проспал День Воли 🙁 А я ведь даже отпуск на 15 дней взял :(((”

15:25 На мітынгу зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы зачытаў мастак Алесь Марачкін. Івонка Сурвіла павіншавала ўсіх беларусаў са святам і дадала, што сёння галоўны герой Беларусі – Сяргей Каваленка, які пакутуе ў турме за бел-чырвона-белы сцяг. Дарэчы, выступіла і жонка Сяргея Каваленкі, якая заклікала Аляксандра Лукашэнку праявіць міласэрнасць і вызваліць усіх палітзняволеных. Прысутныя віталі яе воплескамі.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

Спявак Зміцер Вайцюшкевіч заўважыў, што пра зялёна-чырвоны сцяг няма ніводнай песні, а бел-чырвона-белы сцяг узгадваецца ў многіх творах. І праспяваў адну з такіх песень.

15:35 Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у сваім выступе заклікаў людзей і надалей выходзіць на вулічныя акцыі, бо сёння як ніколі рэальна існуе пагроза страты краінай незалежнасці. Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што сёння трэба змагацца за сапраўдную Беларускую народную рэспубліку, якая можа стаць каланіяльнай.

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

Уладзімер Халіп сказаў, што Беларуь стала краінаў зэкаў, толькі ў ягонай сям’і двое палітзняволеных: дачка Ірына адседзела ў турме 3 месяцы, а зяць, экс-кандыдат у прэзідэнты сядзіць дагэтуль. Спадар Халіп узгадаў усіх палітвязняў, і асабліва Сяргея Каваленку, жыццё якога ў небяспецы.

15:40 Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Віталь Рымашэўскі заклікаў у знак салідарнасці з палітзняволенымі не прымаць удзел у парламенцкіх выбарах. “Адзіны правільны адказ уладзе ў гэтай сітуацыі – усенародны байкот”, – сказаў Рымашэўскі.

 

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

15:50 Мітынг скончыўся. У заключным слове Уладзімір Колас запрасіў усіх прысутных на наступныя акцыі, якія будзе ладзіць апазіцыя. “Прыходзьце самі і запрашайце сваіх сяброў, – сказаў Колас. – Можа, тады ўлада будзе больш прыслухоўвацца”.

 

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

Акцыі, прымеркаваныя да Дня Волі, прайшлі таксама ў блізкім і далёкім далёкім замежжы. У Парыжы:

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

І ў Маскве:

Дзень Волі - 2012. Анлайн-рэпартаж

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!