Чарнобыль грукае ў сэрцы

11

  Арганізатары – адукацыйны цэнтр з Дортмунда (Германія), Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Йаханеса Раў і іх беларускія партнёры – мяркуюць правезці гэтую экспазіцыю (на працягу года) па 25 гарадах Беларусі.

Варта нагадаць, што ўпершыню выстава дэманстравалася ў самой Германіі – у дортмундскай царкве Святога Пятра. Далей з экспазіцыяй азнаёміліся жыхары яшчэ 50-ці гарадоў Нямеччыны, больш за 40 тысяч немцаў наведалі “перасоўны Чарнобыль”. Нямецкая выстава – гэта не адно стэнды з фотаграфічнымі і тэкставымі дакументамі, відэаматэрыяламі ды іншай чарнобыльскай факталогіяй. Экспазіцыя не толькі і не столькі расказвае пра чарнобыльскую катастрофу, яе наступствах для ўсёй Еўропы, колькі пра міжнародны рух салідарнасці ў адносінах да найбольш пацярпелых падчас трагедыі і пасля яе.

Насамрэч – чытаецца выразна тымі, хто не страціў памяці і болю за даўнасцю гадоў – Чарнобыль усё яшчэ грукае ў сэрцы, не дае спакою, змушае гуртавацца ўсіх людзей добрай волі. Чарнобыль нарабіў шмат гора, але й страсянуў свядомасць людскую, абудзіў суперажыванне, жаданне дапамагчы тым, хто недзе далёка-далёка і ў той жа час вельмі блізка.

Людзі ў розных краінах адчулі раптам, што знаходзяцца ў адной лодцы…

Нездарма ў самым пачатку 90-х паўсюль у Еўропе пачалі стварацца чарнобыльскія ініцыятывы. Гуманітарныя, на грамадскіх пачатках. Яны дзейнічаюць і да гэтай пары, адкрываючы тым самым новую старонку ва ўзаемаадносінах простых людзей. У адной толькі Германіі праз 25 гадоў пасля Чарнобыля актыўна дзейнічаюць больш за 500 такіх ініцыятыў. А ў Еўропе іх амаль тысяча.

“Гэты ўнікальны агульнаеўрапейскі рух салідарнасці садзейнічаў стварэнню мастоў узаемаразумення, – упэўнены кіраўнік справамі Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Петэр Юнге-Вентруп. – Салідарны рух паспрыяў развіццю кантактаў і дазволіў ажыццяўляць праекты, якія рэалізуецца незалежна ад палітычнай кан’юнктуры”.

Прадстаўленая ў Мінску перасоўная экспазіцыя – гэта, безумоўна, і даніна павагі, удзячнасці тым людзям, якія коштам свайго здароўя і самога жыцця ратавалі ўсіх нас. Якраз гэта мела на ўвазе дырэктар (цяпер ужо былы) Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра д-р Астрыд Зам, калі замовіла надоечы пра маючую адбыцца выставу ў Мінску: “Падарожжа выстаўкі па Беларусі з’яўляецца нагодай, каб успомніць усіх ліквідатараў. Паралельна мы плануем запісаць іх успаміны, каб захаваць гэтыя сведчанні для будучыні. Ведаць пра лёс ліквідатараў – надзвычай важна для маладых людзей з пункту гледжання іх адказных адносін як да сябе, так і да тых, хто навокал”.

Неверагодна, але факт: доктара Астрыд Зам, гэтую цалкам адданую гуманітарнай справе жанчыну, не ўпусцілі на тэрыторыю Беларусі. Аказалася ў ліку неўязных, непажаданых, значыцца, асоб для беларускіх уладаў…

Падчас адкрыцця выставы была яшчэ адна прэзентацыя – кнігі, выдадзенай Дортмундскім адукацыйным цэнтрам пры садзейнічанні фонда “Меркатар” і пры рэдактарстве спадара Петэра Юнге-Вентрупа “Чарнобыль і еўрапейскі рух салідарнасці”. Вось што сказаў падчас прэзентацыі сам Петэр Юнге-Вентруп: “Чарнобыль павінен стаць для нас напамінам пра тое, што неабходна, нарэшце, распрацаваць такую мадэль развіцця грамадства і эканомікі, якая б не ставіла пад пагрозу жыццё нашых нашчадкаў. Для гэтага нам так неабходна актыўная культура памяці. У будучым у рабоце з культурай памяці павінны адсутнічаць усе межы паміж краінамі і партыямі. Прастора павінна застацца бяз межаў, таму мы і выдаем  гэтую кнігу на рускай мове…”

Выстава адкрыта для наведвання ўсімі, каму неабыякавая чарнобыльская тэма, каму тая бяда ўсё яшчэ грукае ў сэрца.

 

Чарнобыль грукае ў сэрцы

Чарнобыль грукае ў сэрцы

Чарнобыль грукае ў сэрцы

Чарнобыль грукае ў сэрцы

Чарнобыль грукае ў сэрцы

Чарнобыль грукае ў сэрцы


Няма запісаў для адлюстравання