Мы выйдзем шчыльнымі радамі

7

Ідэалы БНР — не толькі вялікая каштоўнасць, але і вялікая адказнасць. Сёння іх зноў спрабуюць замоўчваць ці фальсіфікаваць. Над нашым народам зноў навісла пагроза імперскай інкарпарацыі. Скарачаецца сфера ўжывання беларускай мовы, перайначваюцца гістарычныя факты, патаемна ад народа творацца маніпуляцыі з зямлёй і народнай маёмасцю, падвяргаюцца рэпрэсіям тыя, хто супраць гэтага пратэстуе.

Таму кожны, каму дарагія незалежнасць нашай Бацькаўшчыны, хто выступае за захаванне нацыянальнай адметнасці беларусаў і за дэмакратычны, еўрапейскі накірунак развіцця нашай краіны, мусіць прадэманстраваць сваю пазіцыю, далучыўшыся да святкавання Дня Волі 25 сакавіка 2012 года.
Безумоўна, такая падзея павінна была б адзначацца на дзяржаўным узроўні, у самым прэстыжным месцы сталіцы. Але мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, мусім самі зрабіць так, каб месца, дзе 25 сакавіка 2012 года будзе святкавацца чарговая гадавіна Беларускай Народнай Рэспублікі, увайшло ў гісторыю нашай незалежнай краіны. І дзеля гэтага нам усім у гэты дзень трэба быць разам.

Мінгарвыканкамам была задаволена заяўка на збор ля Акадэміі навук у 13.30, шэсце і мітынг на плошчы Бангалор з 15.00 да 17.00.
Да сустрэчы!
Жыве Беларусь!

Уладзімір КОЛАС,
старшыня Грамадскага камітэта па ўшанаванні Дня Волі 25 сакавіка 2012 г.

Выйдзем!

Нагадаем, Мінгарвыканкам афіцыйна дазволіў шэсце і мітынг, прымеркаваныя да чарговай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Гарадскія ўлады задаволілі заяўку арганізатараў мерапрыемства, дазволіўшы сабрацца людзям у нядзелю 25 сакавіка ля будынка Акадэміі навук у 13.30, адкуль калона пройдзе на плошчу Бангалор, дзе ў 15.00 распачнецца мітынг. Атрыманы дазвол таксама і на выкарыстанне падчас акцыі нацыянальна-гістарычнай сімволікі.

Старшыня аргкамітэта па правядзенні шэсця і мітынгу Уладзімір Колас сказаў на прэс-канферэнцыі, што не падтрымлівае тых, хто заклікае не прымаць удзел у святкаванні толькі з-за месца ягонага правядзення — плошчы Бангалор. “На маю думку, не важна, дзе збірацца, галоўнае — увогуле сабрацца і быць у гэты дзень разам”, — кажа Колас.

Дарэчы, у дзень правядзення акцыі — 25 Сакавіка на плошчы Бангалор будуць усталяваны шэсць рамак-металашукальнікаў — гэта будзе зроблена для бяспекі. Апрача таго, падчас шэсця і мітынгу за парадкам будзе назіраць спецыяльная дружына, складзеная з прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці.
Сябра аргкамітэта па святкаванні 25 Сакавіка Віктар Івашкевіч сказаў:

“Арганізатары дамагліся ўсяго, чаго маглі — атрымалі дазвол на правядзенне акцыі і гарантыі таго, што ніхто не будзе збіты ці кінуты “на суткі”. Цяпер няма ніякай праблемы самому купіць ці вырабіць бел-чырвона-белы сцяг і прыйсці на акцыю, тым больш што выкарыстанне нацыянальнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня” — дазволена. Па крайняй меры ў гэтым запэўнілі ў Мінгарвыканкаме.

Не мае сумневу, што трэба выходзіць на дазволеную акцыю ў Дзень Волі, і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. “Апошнія паўтара года палітыка, якую праводзяць улады Беларусі, жахлівая. Страта суверэнітэту Беларусі ў сённяшняй сітуацыі цалкам рэальная. Дзень Волі  — гэта абсалютна легальная магчымасць для ўсіх, каму неабыякавы лёс краіны, выйсці і сказаць: “Мы хочам жыць у незалежнай краіне, мы хочам, каб нашы дзеці гадаваліся ў свабоднай Беларусі, дзе няма палітвязняў, дзе ёсць павага да правоў чалавека. Выйсці на Дзень Волі павінен кожны, хто разумее, што незалежнасць і свабода Беларусі залежаць ад кожнага з нас”.

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!