Алена КАВАЛЕНКА: “Сяргей увесь жоўты…”

7

Зноў Сяргея бачыла жонка Алена. Зноў Сяргей заявіў, што спыняць галадоўку не збіраецца. Жанчына ўжо нават не хавае слёз і не ведае, што рабіць. Чаму хлопца, віна якога толькі ў тым, што вывесіў на навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сцяг, трэба трымаць за кратамі, як невядома якога злачынцу? Чаму яго нельга выпусціць хаця б пад дамашні арышт, каб у нармальных умовах аб стане яго здароўя маглі паклапаціцца медыкі? Навошта даводзіць чалавека да краю?.. Адказаў на гэтыя пытанні няма, негледзячы на тое, што самыя розныя людзі хадайнічаюць аб тым, каб мера стрымання Каваленку была зменена.

“Сяргей нават чуць не хоча пра спыненне галадоўкі, — расказала Алена. — Яшчэ раз сказаў мне, што пойдзе да канца… Выглядае ён проста жахліва… Ён увесь жоўты — рукі, твар, скура абсалютна жоўтага колеру… Відавочна, што ва ўнутраных органах распачаліся незваротныя працэсы. Я не медык, але калі ў чалавека няма нават слінавыдзялення, гэта, па-мойму, сведчыць пра страшнае. На спатканне ён спазніўся на пяць хвілін… Мяне нават супрацоўнік СІЗА папярэдзіў, што мужу цяжка хадзіць, чакайце… Сяргей прыйшоў і, каб перакінуць нагу праз лаўку, дапамагаў сабе рукой… Балюча было на гэта глядзець…”

Сяргей распавёў жонцы, што яму па-ранейшаму ставяць кропельніцы. Падчас гэтай працэдуры ў камеры знаходзяцца 8 супрацоўнікаў СІЗА, якія прывязваюць яго да ложка і толькі пасля гэтага ўводзяць лекі. Акрамя таго, яшчэ двое супрацоўнікаў спецустановы ўвесь час знаходзяцца перад камерай, дзе ён знаходзіцца. Паміж сабой ахоўнікі гучна размаўляюць, не даючы змучанаму і знясіленаму чалавеку спаць. Хаця не выключана, што Каваленка ўжо ў такім стане, калі арганізм успрымае ўсё абвострана.

“Я не ведаю, што можа быць далей, — гаворыць Алена. — Мне проста страшна пра гэта думаць. Я проста не ўяўляю, як ва ўмовах турмы можна вывесці чалавека з такой доўгатэрміновай галадоўкі. Яму тэрмінова неабходна лячэнне ў звычайнай бальніцы, неабходна спецыяльная дамашняя дыета. Але я не ведаю, як гэтага дабіцца…

Як Сяргея будуць лячыць у турме, мне пакуль невядома. Але здагадваюся, што сітуацыя са станам здароўя мужа крытычная. У медчасці СІЗА мне паведамілі, што далейшы лёс Сяргея будзе залежаць ад рашэння ўрача-рэаніматолага, які павінен бліжэйшым часам абследаваць мужа”.

Сёння, 23 сакавіка, на спатканне да Сяргея пойдзе ягоны брат Віталь. Няцяжка здагадацца, што родных ахвотна пускаюць на сустрэчы да Каваленкі, спадзеючыся на тое, што ім удасца неяк пераканаць Сяргея ў неабходнасці спыніць пратэст. Але падчас такіх сустрэч гаварыць пра якія-небудзь акцыі грамадскай падтрымкі галадоўшчыка, пра захады па ягоным вызваленні родным забаронена.


Няма запісаў для адлюстравання