У Вільні знайшлі анкету маладога Барыса Кіта

3

Знаходку зрабілі падчас вывучэння дакументаў, якія датуюцца 1918-1944 гадамі.

23 сакавіка ў Вільні адкрыецца выстава пад назвай «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка», прымеркаваная да Дня Волі. Яе арганізавалі Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы і Фундацыя імя Конрада Адэнаўэра (KAS). Наведвальнікі могуць азнаёміцца са знойдзенымі нядаўна гістарычнымі дакументамі.

Будуць экспанаваныя асабістыя дакументы заснавальнікаў першых беларускіх палітычных арганізацый, газет, нацыянальных музеяў і навуковых таварыстваў, а таксама дыпламатычныя пашпарты дзяржслужбоўцаў Беларускай Народнай Рэспублікі і гістарычныя матэрыялы на тэму найбуйнейшага сходу Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў Беларусі.

 Каардынатар выставы Юры Юркевіч кажа: «Даследаваўшы архіўныя матэрыялы, мы прыйшлі да высновы, што Беларуская Народная Рэспубліка, утвораная ў 1918 годзе па абвяшчэнні незалежнасці, мела нашмат больш трывалыя падмуркі дзяржаўнасці, чым тое лічылася раней».

Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца ў 11:00 у Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы. Пазней пераносная выстава адкрыецца ў навучальным корпусе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (вул. Валакупю 5) а 13-й гадзіне. Экспазіцыя будзе адчынена ў ЕГУ ад 23 сакавіка да 1 красавіка 2012 г. Плануецца прадставіць выставу і ў Беларусі.


Няма запісаў для адлюстравання