Едзем у Камарова

12

Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Йаханеса Рау (ММАЦ) і Дортмудскі міжнародны адукацыйны цэнтр выпраўляюцца заўтра (24 сакавіка) у інфармацыйна-адукацыйную  вандроўку па Міншчыне – у мясціны, дзе рэалізуюцца найбольш вядомыя беларуска-германскія гуманітарныя праекты ў рамках Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральным Урадам Германіі.

Але што чакае ў гэтай паездцы журналістаў і членаў апякунскага савета Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Йаханеса Рау? Уражанні. Па-першае, яны наведаюць аб’екты, якія выдатна зарэкамендавалі сябе ў якасці гуманітарных. Па-другое, мяркуюцца сустрэчы з цікавымі і неардынарнымі людзьмі. Нарэшце, вандроўка ранняй вясною – гэта проста цудоўна!

Падарожнікі наведаюць вёску для чарнобыльскіх перасяленцаў на возеры Нарач, аб’ект экалагічнага турызма “Камарова” і Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Надзея” на Вілейскім вадасховішчы.

Вёску для пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС “Дружная” (побач з возерам Нарач) пабудавала нямецкая дабрачынная арганізацыя “Heim-statt Shernobyl e.V” (“Дамы заместа Чарнобыля”) у 1997 годзе – па экалагічна бяспечнай тэхналогіі. У будоўлі бралі ўдзел як нямецкія, так і беларускія валанцёры.

А вось пасёлак Камарова ўзведзены ў рамках праекта адраджэння беларускай вёскі. Мэта задуманага і ажыццёўленага вельмі акрэсленая – спыніць, ці хаця б прыпыніць, працэс міграцыі сельскіх жыхароў у горад. Ідэя праекта зводзілася да стварэння ў Камарова сучаснай і разгалінаванай інфраструктуры – такой мадэлі сельскага гаспадарання, якая б цалкам задавальняла людзей, дазваляла ўстоліва развіваць сельскую гаспадарку. У Камарова адусюль едуць турысты, проста цікаўныя людзі.
 
Яшчэ адзін прыпынак – у Дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Надзея”. Гэты цэнтр – сумесны беларуска-германскі праект, скіраваны на рэабілітацыю і аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі. Але не толькі медычнымі працэдурамі абмяжоўваецца дзейнасць тамтэйшых спецыялістаў – тут, апроч усяго, гадуюцца дзеткі з акрэслена-пазітыўнай жыццёвай пазіцыяй. Пра тое ведаюць у многіх кутках Беларусі – нехта пераказваў, недзе вычыталі. Але лепш адзін раз убачыць, чым сто пачуць. То збіраймася ў дарогу.


Няма запісаў для адлюстравання