Інцыдэнт адбыўся 12 лістапада 2011 года ў міліцыі Фрунзенскага раёна, куды хлопца выклікалі нібыта па справах ваенкамата. Там міліцыянеры запатрабавалі, каб ён прайшоў працэдуру дактыласкапіі.

23-гадовы Філіп Кірдун з’яўляецца вернікам-баптыстам. Ён раней у пісьмовым выглядзе тлумачыў, што па сваіх рэлігійных перакананнях не хоча здаваць адбіткі пальцаў.

Філіп распавёў «Народнай Волі», што супрацоўнікі міліцыі Аляксандар Бірчанка і Сяргей Доўнар спачатку пагражалі яму фізычнай расправай, а потым перайшлі ад слоў да «справы» і пачалі яго збіваць. Хлопца закавалі ў кайданкі, паставілі на так званую «ластаўку» і гвалтам знялі адбіткі пальцаў. Філіп Кірдун распавёў, што катаванні доўжыліся з дзве гадзіны. Пасля гэтага яго змясцілі ў ізалятар.

Бацькі Філіпа знайшлі сына толькі на наступны дзень у пастарунку міліцыі. Яны выклікалі хуткую, на якой яго адвезлі ў шпіталь. Там яму апрацавалі раны, але не шпіталізавалі. Супрацоўнікі міліцыі адвезлі хлопца са шпіталя ў ізалятар на Акрэсціна.

На судзе Філіп даведаўся, што яго абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Справа выклікала рэзананс у асяродку вернікаў-баптыстаў. Яны ўважліва сачылі за ходам судовага працэсу.

Філіп на судзе казаў, што з’яўляецца вернікам-баптыстам і ніколі не ўжывае нецэнзурную лаянку. Больш за тое, ён не супраціўляўся міліцыянерам, бо лічыць іх прадстаўнікамі ўлады, а «любая ўлада ад Бога».

Нягледзячы на тое, што суддзя Людміла Лапо абвяшчала перапынак, каб атрымаць тлумачынні з міліцыі аб ужыванні спецсродкаў, яна фактычна апраўдала дзеянні міліцыянераў і пакарала Філіпа Кірдуна штрафам.

 Філіп Кірдун накіраваў скаргі ў вышэйшыя інстанцыі і сёння яго справу разгледзіць іншы суддзя – Наталля Каровіна.

Поделиться ссылкой: