Размова ішла не толькі і не столькі пра гістарычны аспект падзеі (ён дастаткова вывучаны і асэнсаваны як спецыялістамі – гісторыкамі, так і вялікаю часткай астатняга грамадства), колькі пра  суаднесенне палітычнай сітуацыі тае пары з днём сённяшнім. Падкрэслівалася, што суверэннасць цяперашняй Беларусі, яе незалежнасць грунтуецца менавіта на падмурку БНР – як бы не тужыліся асобныя дзеячы замоўчыць і прынізіць факт абвяшчэння і рэальнага існавання БНР. І праз тоўшчу дзесяцігоддзяў відавочна імкненне не адно інтэлектуальнай эліты тае пары, але і простых беларусаў – сфарміраваць дзяржаўнасць у краі і “займець свой пасад між народаў”. Пра тое сведчыць мноства фактаў, дакументаў. А тыя, што пакуль маладаследаваныя – яшчэ чакаюць поўнага раскрыцця і асэнсавання. Напрыклад (было закранута Аляксеем Каралём і айцом Леанідам Акаловічам), далёка не ўсё ведама і – як след – вывучаны эпізод пра згуртаванні беларускіх вайскоўцаў на румынскім фронце, якія спяшаліся патрапіць на радзіму і падтрымаць толькі што абвешчаную БНР… Малавывучаная, а галоўнае – не данесеная да цяперашняга пакалення людзей праўдзівая інфармацыя пра ўсе перыпетыі і складанасці ўнутрыпалітычнай барацьбы ў той час, пра знешнія пагрозы… Але і тое, што неаспрэчным гістарычным фактам з’яўляецца, дае падставу сцвярджаць: БНР – першая беларуская дзяржава, якая не толькі  займела ўсе дзяржаўныя атрыбыты і сімвалы, але і  атрымала міжнароднае прызнанне: ад УНР, Летувы, Эстоніі, Чэхаславаччыны і Фінляндыі – дэ-юрэ; ад Нямеччыны, Балгарыі і Турэччыны – дэ-факта. Улада беларускай дзяржавы распаўсюджвалася на частку тэрыторыі цяперашняй Беларусі з 25 сакавіка 1918 года да 28 красавіка 1919 года (з перапынкамі), а таксама ў часе Слуцкага збройнага чыну – да 31 снежня 1920 года. Былі прыняты дзяржаўныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Сталіцай абвяшчаўся горад Менск. Дзяржаўная і абавязковая мова – беларуская. Часовая канстытуцыя ад 11 кастрычніка 1918 года. Выдаваліся нават пашпарты грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі…

Як усё адбывалася. Тады…

Ужо 5 снежня 1917 году, адолеўшы ўсе перашкоды і рознагалоссі ваеннага часу, беларускі народ арганізаваў у Менску Першы Ўсебеларускі кангрэс, на які сабралася 1872 дэлегаты з усіх этнічных беларускіх абшараў — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Ніводнаму з паняволеных народаў былой імперыі гэткага прадстаўнічага з’езду ў той час склікаць не ўдалося. Нават на Другі Ўсерасейскі з’езд Саветаў, якім так ганарылася потым бальшавіцкая ўлада, сабралася толькі 649 дэлегатаў. Старшынёй з’езду быў абраны прафесар Ян Серада, ганаровым старшынёй – акадэмік Яўхім Карскі. На з’ездзе быў агучаны лозунг «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!» Усебеларускі кангрэс абвясціў сябе найвышэйшым органам улады Беларусі і не прызнаў легітымнасць бальшавіцкай улады. Аднак з’езд не паспеў давесці сваю працу да канца. Новыя бальшавіцкія ўладары так спалохаліся нацыянальнага самавызначэння беларусаў, што на разгон з’езду кінулі ўзброеных салдат з кулямётамі і бронетэхнікай. Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду вельмі позна зразумелі, што над з’ездам навісла пагроза гвалтоўнага разгону з боку бальшавіцкага Аблвыканкамзаху. Яшчэ ў пачатку снежня 1917 года з дэлегатаў Усебеларускага кангрэсу сфарміравалася Ваенная камісія, у якую ўвайшлі каля 100 чалавек, у тым ліку два генэралы — Кіпрыян Кандратовіч і Алексіеўскі (камандзір Свеабарскай фартэцыі, якая падпарадкоўвалася Петраградскаму гарнізону). Дзесьці ў сярэдзіне снежня Ваенная камісія накіравала свайго прадстаўніка – Васіля Русака – у Оршу, каб той дамовіўся з камандзірам кавалерыйскага эскадрону, прыхільнікам Вялікай Беларускай Рады ротмістрам Якубенем. Для тайнай перадыслакацыі эскадрона ў Менск для забеспячэння аховы Ўсебеларускага кангрэсу. Але гэты крок быў запозненым…

У ноч з 17 на 18 снежня 1917 года (паводле старога стылю) бальшавікі з’езд разагналі. Дэлегаты не змаглі супрацьстаяць узброеным бальшавікам. Але той з’езд, адбіваючыся ад бальшавіцкіх пагромшчыкаў, паспеў прагаласаваць за самавызначэнне Беларусі. Абраная дэлегатамі Рада Ўсебеларускага кангрэса атрымала ўсе юрыдычныя і маральныя паўнамоцтвы на далейшую пабудову дзяржавы. І ў адпаведнасьці з гэтым, у далейшым (25 сакавіка 1918 года) Выканкам Рады Ўсебеларускага кангрэсу абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку. Працэдура гэта была юрыдычна бездакорнай. Але ж тады, у снежні 1917 года, на загад бальшавіцкага Аблвыканкамзаху пад кіраўніцтвам камісара М. Крывашэіна быў разагнаны Першы Ўсебеларускі кангрэс. Ужо 18 снежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага кангрэса, у складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і вырашылі падпарадкаваць сабе Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі са свайго складу больш мабільны кіраўнічы орган — Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага кангрэса. Ён зрабіўся юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належыла Першаму Ўсебеларускаму кангрэсу. Выканкам Усебеларускага кангрэса атрымаў даручэнне: як толькі будзе магчымым, узяць уладу на Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да гэтага вырашальнага моманту.

9 снежня 1917 года паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай пачаліся мірныя перамовы, якія былі сарваныя па віне Льва Троцкага. Нямецкае камандаванне аддало сваім войскам загад пачаць 18 лютага 1918 году наступленне, і гэта рэзка абвастрыла сітуацыю на Заходнім фронце. Нямецкія войскі хутка набліжаліся да Гомеля і Менска. У такіх умовах кіраўніцтва Аблвыканкамзаху і СНК Заходняй вобласці мусілі спешна эвакуіравацца ў Смаленск

Абвяшчэнне…

20 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага з’езда сфарміраваў Першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят). Спачатку ва ўрад на чале з Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасля іх колькаьць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, склад першага ўраду БНР быў наступны:

Язэп Варонка — старшыня (прэм’ер-міністр) і народны сакратар (міністр) міжнародных спраў, Іван Макрэеў — унутраных справаў, Аркадзь Смоліч — асветы, Яўхім Бялевіч — справядлівасці, Янка Серада — народнай гаспадаркі, В. Рэдзька — шляхоў зносін, Тамаш Грыб — земляробства, Палута Бадунова — апекі, А. Карач — пошты і тэлеграфу, Пётра Крэчэўскі — кантролю, Г. Белкінд — фінансаў, Павал Злобін — расейскіх справаў, Майсей Гутман — «першы таварыш» (першы намеснік) старшыні і сакратар габрэйскіх спраў, Канстанцін Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых спраў, Лявон Заяц — загадчык спраў Народнага Сакратарыяту.

У далейшым склад першага ўраду мяняўся, у тым ліку і з-за таго, што ў красавіку ў знак пратэсту супраць прыняцця 3-й устаўной граматы падалі ў адстаўку Макрэеў, Злобін, Белкінд.

Выканкам Усебеларускага кангрэсу вырашыў узяць уладу ў свае рукі. 21 лютага 1918 года ён звярнуўся да народа Беларусі з Першай устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкамам Усебеларускага кангрэса – да адкрыцця Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойма – усе функцыі новай улады ўсклаў на створаны першы беларускі ўрад — Народны Сакратарыят Усебеларускага кангрэса, старшынёй якога стаў адзін з лідэраў БСГ Язэп Варонка.

Пры канцы лютага 1918 года ў Менск, дзе знаходзіўся Выканкам Усебеларускага кангрэса, прыйшлі войскі кайзераўскай Нямеччыны. Першае, што зрабілі немцы, калі ўвайшлі ў Менск 21 лютага, — раззброілі менскую беларускую вайсковую дружыну; забралі касу Народнага Сакратарыята, сарвалі з яго будынка бел-чырвона-белы сцяг, выгналі службоўцаў. Беларускія лідэры былі папярэджаны, што акупацыйныя ўлады не дапусцяць у Беларусі сур’ёзнай палітычнай дзейнасці.

3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея склала з Нямеччынай Берасцейскую мірную дамову, паводле якой землі, што ляжалі на захад ад лініі ДзвінскСвянцяныПружаны і належалі раней Расеі, перадаваліся Нямеччыне і Аўстра-Вугоршчыне. Апошнія і вырашалі лёс гэтых зямель. Тым часам была прынята Другая ўстаўчая грамата, якая зяўлялася канстытуцыйнай. У ёй гаварылася пра ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) ў межах рассялення і колькаснай перавагі беларусаў. Заканадаўчую ўладу БНР атрымала Рада БНР. Рада аб’яўлялася заканадаўчым органам да склікання Ўсебеларускага Ўстаноўчага Сойму. Выканаўчую ўладу БНР атрымаў Народны Сакратарыят БНР (Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц і іншыя). Нямеччына да фарміравання дзяржаўных інстытутаў БНР ніякага дачынення не мела.

8 сакавіка Рада БНР запрасіла ў свой склад прадстаўнікоў расейскіх сацыялістычных партыяў (сярод якіх былі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Беларусі — расейцы, палякі, габрэі, украінцы, летувісы), а трохі пазней — і Віленскай Беларускай рады (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі), якая дзейнічала ў Вільні пад назвай Беларускага Народнага Камітэту з моманта акупацыі заходняй часткі Беларусі.

У адказ на Берасцейскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, 25 сакавіка, пасля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасьці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі, большасцю галасоў была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, у якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Берасцейская мірная дамова касавалася. Афіцыйнай мова зрабілася беларуская, а сталіцай новай дзяржавы — места Менск.

Бальшавікі абвясцілі, што стварэнне БНР — спроба буржуазна-абшарніцкіх колаў адарваць Беларусь ад Савецкай Расеі. Паводле дамоўленасці са сваімі хаўруснікамі, расейскімі бальшавікамі ў Берасьці, немцы абавязаліся не прызнаваць новых дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай Імперыі. Немцы, якія былі хаўруснікамі бальшавіцкай Савецкай Расеі, разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят БНР. У гэткіх умовах Рада БНР звярнулася да нямецкага імператара з тэлеграмай, у якой дзякавала за вызваленне Беларусі, прасіла дапамагчы ў стварэнні яе дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Нямецкай Імперыяй. Тэлеграма выклікала ў БНР востры палітычны крызіс. Рада БНР і БСГ раскалоліся, утварыліся новыя партыі. Але Нямеччына не прызнала БНР і зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць стварэнню нацыянальнага войска Беларусі. Таму рэальнай улады Народны Сакратарыят БНР не атрымаў і працягваў сваё існаваньне толькі фармальна. Аднак нямецкая адміністрацыя не перашкаджала чальцам БНР самастойна вырашаць шэраг культурніцкіх і адукацыйных пытаньняў.

Эміграцыя….

Пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Нямеччыне (1918 год) Савецкі ўрад дэнансаваў Берасцейскую мірную дамову і паслаў Чырвоную Армію на захад. 10 снежня 1918 года войскі занялі Менск. Менскі Савет аб’явіў аб аднаўленні Савецкай улады. Да сярэдзіны лютага 1919 года амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноў усталявалася ўлада бальшавікоў.

Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) на чале з Аляксандрам Чарвяковым прапанаваў пераўтварэнне Заходняй вобласці ў аўтаномную рэспубліку ў складзе РСФСР. Прапанову Белнацкама падтрымалі беларускія секцыі РКП(б), якія аб’ядноўвалі беларусаў-камуністаў на чале са Зміцерам Жылуновічам. Бальшавіцкае кіраўніцтва прыслухалася да патрабаванняў нацыянальных секцый ЦК РКП(б) і пайшло насустрач, прыняўшы рашэньне аб стварэнні БССР.

30 снежня 1918 года ў Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), на якой вырашылася пытанне аб утварэнні БССР і КПБ. Было прынята рашэнне аб стварэнні самастойнай сацыялістычнай рэспублікі і перайменаванні РКП(б) у КПБ. ЦК КПБ узначалілі Аляксандр Мяснікоў (Мясьнікян) і Вільгельм Кнорын (Кнорыньш), урад БССР — Зміцер Жылуновіч. 1 студзеня 1919 году быў абнародаваны Маніфест урада Беларусі, які абвясціў утварэнне БССР. Уся ўлада аб’яўлялася толькі за Саветамі, сталіцай прызнаны Менск. Пачалася падрыхтоўка да І зьезда Саветаў, каб заканадаўча аформіць стварэнне новай дзяржавы.

Між тым ад 5 студзеня 1919 года Рада і ўрад БНР пачынаюць дзейнічаць на эміграцыі. Спачатку ў Летуве, потым у Празе. У нашыя дні Рада БНР працягвае сваю дзейнасць у эміграцыі. Старшынёй Рады з’яўляецца Івонка Сурвіла

Кожны год – 25 сакавіка – дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі святкуецца часткай беларусаў – як Дзень Волі. І так будзе заўсёды – выкрасліць з памяці беларусаў гэтую падзею ніяк нельга, бо яна асноватворная для ўсяе нацыі.

Да 94-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі (фота)

Да 94-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі (фота)

Да 94-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі (фота)

Да 94-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі (фота)

Да 94-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі (фота)

Да 94-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі (фота)

Фота аўтара



Поделиться ссылкой: