Сяргей Каваленка: “Уратаваць мяне ад смерці можа толькі народ…”

4

Нагадаем, Сяргей Каваленка — той самы чалавек, які нажыў праблемы з законам за тое, што вывесіў на навагодняй ёлцы ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг, — галадае не першы месяц. Трапіўшы за краты ў снежні мінулага года, ён адразу абвясціў галадоўку. Праз 30 дзён знаходжання ў Віцебскім СІЗА Сяргея пагрозамі змяшчэння ў псіхіятрычную клініку ўгаварылі галадоўку спыніць. Але за тыдзень да судовага пасяджэння, а дакладней, 8 лютага бягучага года, Каваленка зноў пачаў галадаць… Падчас суда на яго без болю было немагчыма глядзець.

Жонка Сяргея, Алена Каваленка, не змагла ўгаварыць мужа адмовіцца ад такой формы выказвання пратэсту, якая пагражае ягонаму жыццю. У размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” жанчына трымалася з апошніх сіл, але ў яе словах адчуваліся адчай і крыўда. Алена кажа, што ўратаваць Сяргея ад смерці можа толькі магутная грамадская салідарнасць, якой, на вялікі жаль, пакуль няма.

Як на галадоўку Сяргея за гэты час адрэагавала грамадзянская супольнасць? — задаецца пытаннем  Алена. —  За выключэннем вывешвання ў ягоную падтрымку бел-чырвона-белых сцягоў — ніяк. Мне сорамна за абыякавасць беларускага грамадства, за раўнадушша людзей. За кратамі памірае чалавек! Памірае не за сябе, а за краіну, за яе будучыню, за нашу годнасць, за наш нацыянальны сцяг. Мне балюча бачыць, як ён памірае, і сорамна за ўсіх нас, за тое, што падобнае дапусцілі. І проста не ведаю, што рабіць у гэтай сітуацыі. Напэўна, трэба ўсім нам, усім неабыякавым людзям выходзіць на плошчу, мітынгаваць, патрабаваць… Але замоўчваць сітуацыю нельга!”

Сяргей Каваленка — не дзівак-адзіночка, а сябра партыі КХП–БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазьняк. Члены партыі не аднойчы заяўлялі, што менавіта яны з’яўляюцца самымі паслядоўнымі, самымі непрымірымымі, самымі шчырымі барацьбітамі за беларушчыну і справядлівасць у нашай краіне. Што яны робяць для ўратавання свайго паплечніка?

Я вельмі хацеў бы расказаць пра гучныя акцыі з боку партыйцаў, якія прымусілі б беларускія ўлады павярнуцца тварам да праблемы з Сяргеем Каваленкам, але расказваць няма чаго. Чаму?

Нейкі недарэчны адказ на гэтае пытанне ў размове з карэспандэнтам “Народнай Волі” даў намеснік старшыні КХП–БНФ Юрась Беленькі.Мы калі плануем акцыі, то не будзем гаварыць пра гэта нікому…” — сказаў ён.

Сапраўды, ніхто з партыйцаў не агучваў заклік правесці, скажам, эстафетную галадоўку ў  падтрымку Сяргея Каваленкі, як гэта было ў 2006 годзе, калі галадаў экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін… Ці пачаць нейкія іншыя акцыі грамадскай нязгоды з судовай расправай над чалавекам усяго толькі за тое, што ён вывесіў сцяг. Затое Юрась Беленькі паведаміў, што пазаўчора быў у Генеральнай пракуратуры, дзе перадаў дзяжурнаму пракурору трэцюю па ліку партыйную заяву.

У заяве напісана, што быў здзейснены замах на жыццё Сяргея Каваленкі, — гаворыць Беленькі. — Гэта вынікае з наступнага: пасля таго, як у віцебскім СІЗА яго ўгаварылі спыніць галадоўку, яму адразу далі вялікую колькасць ежы. Любы медык ведае, што гэта магло скончыцца лятальна ці як мінімум падарваць здароўе. Што і адбылося. Сяргей стаў пачуваць сябе кепска і зразумеў, што гэта была спроба калі не забіць, дык моцна падарваць ягонае здароўе…

У заяве таксама нагадваецца, што паводле дзеючага заканадаўства любая службовая асоба ў выпадку, калі існуе пагроза жыццю чалавека, павінна прымаць дзеянні па ліквідацыі гэтай пагрозы ў межах сваёй кампетэнцыі. Відавочна, што работнікі пракуратуры ніякіх  такіх дзеянняў не зрабілі. У заяве мы напісалі, што ацэньваем дзеянні ўсіх службовых асоб, датычных да справы Сяргея Каваленкі, як скіраваныя на тое, каб пазбавіць жыцця Сяргея Каваленку”.

Дзве папярэднія заявы КХП–БНФ адносна сітуацыі вакол Сяргея Каваленкі ніякай рэакцыі з боку Генпракуратуры не выклікалі, але Юрась Беленькі не губляе надзеі, што захады, скіраваныя на ўратаванне Каваленкі, усё ж такі будуць зроблены. “Фактычна адбываецца забойства  Каваленкі, — гаворыць Беленькі. —  Зрабіўшы такую рэзкую заяву на адрас Генпракуратуры, мы разлічваем, што будуць дзеянні, якія сведчылі  б пра тое, што гэтыя людзі не хочуць браць на сябе кроў… Бо калі ўлады хочуць забіць Каваленку, то яны павінны зразумець, што возьмуць на сябе кроў невінаватага чалавека…”

Свае прапановы па ўратаванні Сяргея Каваленкі днямі агучыў палітык Віктар Івашкевіч. Ён адзначыў, што беларускі рэжым разумее толькі сілу, і заклікаў урады еўрапейскіх краін спыніць набыццё беларускіх нафтапрадуктаў і транспарціроўку іх па тэрыторыі Еўропы. “Зразумела, што Лукашэнка па добрай волі нікога не адпусціць, — упэўнены Івашкевіч. — Значыць, трэба прымусіць яго гэта зрабіць. Прымусіць Лукашэнку выпусціь з-за кратаў палітзняволеных, а ў першую чаргу — Сяргея Каваленку, могуць толькі рэальныя эканамічныя санкцыі — такія як адмова еўрапейскіх краін ад пакупкі і транспарціроўкі беларускіх нафтапрадуктаў па тэрыторыі Еўропы”.

Звярнулася да еўрапейскіх палітыкаў і маці Каваленкі Лідзія Уладзіміраўна, якая ўчора бачылася з сынам у СІЗА:

Я як маці звяртаюся да кіраўнікоў еўрапейскіх краін. Дапамажыце ўратаваць сына. Лік ідзе не на дні, бо я нават не ведаю, ці дажыве Сяргей да заўтра, — сказала жанчына, выйшаўшы з СІЗА. — Мне балюча глядзець на сына. Ён выглядае вельмі дрэнна. Такое адчуванне, што яго хочуць забіць у турме… Рукі сталі тонкімі-тонкімі, скура абвісла… Ён сказаў, што апошні раз яго ўзважвалі на мінулым тыдні — ён важыў каля 50 кілаграмаў. Ягоная тэмпература перад спатканнем была 37,2.

Ён вельмі слабы, яму баліць страўнік, праблемы з селязёнкай, апусцілася нырка. Сяргей прызнаўся, што яму балюча спаць на ўласных костках.  Яму цяжка ўздымацца, хадзіць. Сёння ён адмовіцца ад прагулкі. У сына правалы ў памяці — падчас спаткання Сяргей некалькі разоў страчваў прытомнасць… Але сказаў, што адмаўляцца ад галадоўкі не збіраецца.

Я не маю маральнага права адгаворваць сына ад галадоўкі. Ён невінаваты чалавек і павінен быць на волі, а не ў турме. Сяргей просіць не пісаць яму лістоў з заклікам спыніць галадоўку. Ён сказаў, што яго можа вызваліць і ўратаваць ад смерці толькі народ… І дадаў: “Калі трэба будзе памерці — я памру…”

АД РЭДАКЦЫІ

“…Уратаваць ад смерці можа толькі народ”. Так, народ — галоўная сіла ў краіне. Але хто звярнуўся да рабочых Мінскага трактарнага завода? Хто звярнуўся да салігорскіх шахцёраў? Хто папрасіў дапамогі ў гомельскіх машынабудаўнікоў? У рэшце рэшт: а дзе сіла той жа партыі Зянона Пазьняка? Калі вас тысяча-дзве чалавек, чаму не можаце, згуртаваўшыся, прад’явіць патрабаванні ўладам, ратуючы жыццё свайму паплечніку Сяргею Каваленку? Дзе салідарнасць іншых партый — Калякіна, Шушкевіча, Лябедзькі, Янукевіча і іншых? Дзе практычныя дзеянні сябраў руху “За свабоду”, які ўзначальвае небезвядомы спадар Мілінкевіч? А кампанія “Гавары праўду!” Някляева — гэта толькі гаварыльня? А што, ніякай сілы няма ў той інтэлігенцыі, якую ўзначальвае Колас?

Цывілізаваны свет мае велізарны вопыт барацьбы за правы чалавека, за жыццё на зямлі. Ён, вядома ж, не абмяжоўваецца толькі падачай заяў у пракуратуру ці зваротамі да замежных краін з просьбай ужыць эканамічныя санкцыі. Дарэчы, ці параіўся наконт апошняга той жа спадар Івашкевіч з рабочымі Мінскага трактарнага завода? Не. А трэба было б параіцца.

Сітуацыя, якая стварылася вакол жыцця Сяргея Каваленкі, высвечвае многія аспекты беларускай рэчаіснасці. Гэта экзамен для ўсіх нас. Лік ужо ідзе не на месяцы, не на тыдні, а літаральна на дні, гадзіны.


Няма запісаў для адлюстравання