Жана Літвіна раніцай павінна была выляцець у Варшаву з Нацыянальнога аэрапорта “Мінск”. Але не выпусцілі. Такі вось своеасаблівы “падарунак” у Дзень Канстытуцыі.

– Ведаючы пра “чорныя” спісы, свой прыход у аэрапорт я пачала з размовы з памежнымі службамі, – распавяла Жана Мікалаеўна. – І адразу ж лёгка было высвятлена, што я таксама ўваходжу ў спіс асобаў, якім абмежаваны выезд з краіны. На маё пытанне, хто прымаў гэтае рашэнне і на якой падставе, патлумачылі, што звычайна гэта робіць міліцыя. Параілі звярнуцца ў рэгіянальны аддзел Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі і авікампанію “Белавія”, каб кампенсавала кошт майго квітка. На гэтым паважлівая размова з памежнікамі і скончылася. У пашпарт паставілі адзнаку: “У выездзе адмоўлена”. Па горкай іроніі гэта адбылося акурат у Дзень Канстытуцыі, артыкул 30-ты якой гарантуе грамадзянам краіны свабоду перамяшчэння. Адным словам, спіс пашыраецца, але колькі там чалавек акажацца і, хто канкрэтна, сказаць складана. Канфлікт паглыбляецца, і можна ўжо нават гаварыць аб супрацьстаянні. З аднаго боку Еўрасаюз пашырыў санкцыі, з другога — афіцыйны Мінск дэманструе сваю пазіцыю, звязаную з абмежаваннем выезду з краіны людзей, якіх улада, магчыма, лічыць дэструктыўнымі элементамі. Думаю, пашырэнне спісу шмат у чым будзе залежаць ад падзеяў міжнародага ўзроўню. Для нас знакавым днём можа стацца 23 сакавіка, калі Савет міністраў ЕС разгледзіць “беларускае пытанне”.

Па словах Жаны Літвіной, у суадноснасці з заканадаўствам яна будзе дамагацца інфармацыі пра тое, хто зрабіў яе невыязной і на якой падставе, каб аднавіць права, якое гарантавана Канстытуцыяй. Акрамя таго ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звернецца ў Генеральную пракаратуру з патрабаваннем зрабіць захады па аднаўленні законнасці.

Жана Літвіна: Пашырэнне спісу шмат у чым будзе залежаць ад падзей міжнародага ўзроўню

Жана Літвіна: Пашырэнне спісу шмат у чым будзе залежаць ад падзей міжнародага ўзроўню

Фота Генадзя Кеснера



Поделиться ссылкой: