Лідзія Каваленка: «Ужо застаюцца не дні, а лічаныя хвіліны»

5

Спатканне доўжылася паўтары гадзіны, падчас якіх Лідзія Каваленка даведалася, што ў сына на целе практычна не засталося мускулятуры. Каб Сяргей не падаў на шпацыры, яго падтрымліваюць іншыя вязні. Гаворыць Лідзія Каваленка: «Я з ім размаўляла — ён ужо траціць прытомнасць, ранкам ляжаў — не мог падняцца, галаву клаў на рукі пры мне — яму дрэнна, ён ужо не можа трымацца. Ён дрэнна бачыць, дрэнна чуе, пячонка, ныркі, жывот баліць, а твар пакрыты толькі скуркаю зморшчанаю. Яго забіваюць у турме і чакаюць ягонай смерці. Ужо застаюцца не дні, а лічаныя хвіліны. Не ведаю, хто чыніць злачынства над маім сынам і хто за гэтым стаіць. Буду абвяшчаць галадоўку і стаяць каля турмы дзень і ноч — няхай аддаюць сыночка».

Паводле Лідзіі Каваленкі, Сяргей па-ранейшаму не мае намеру адмаўляцца ад галадоўкі, не лічыць сябе ні ў чым вінаватым, не давярае турэмным лекарам і перакананы, што яго хочуць забіць. Праз маці ён таксама паведаміў, што хоча пабачыцца са сваімі дзецьмі, якіх вельмі любіць, і заклікае грамадзкіх актывістаў падтрымаць яго: прыходзіць да сценаў турмы з бел-чырвона-белымі сцягамі. Жонка Сяргея, Алена Каваленка, кажа, што толькі агульнымі намаганнямі ёсць шанец выратаваць Сяргею жыццё:

«Чакаю, што хтосці дапаможа. Мо той Папа Рымскі, калі да яго дойдзе зварот Івонкі Сурвілы выратаваць Сяргея. Бо ён не скончыць галадоўку. Яго несправядліва асудзілі, яго несправядліва трымаюць, яго не шпіталізуюць. А ён сам ужо не здольны спыніць гэтую галадоўку».

Юры Беленькі, намеснік старшыні КХП БНФ — партыі, актывістам якой з’яўляецца Сяргей Каваленка, — гэтак каментуе сітуацыю:

«Сітуацыя, калі чалавек несправядліва асуджаны, а цяпер на парозе смерці, сведчыць, што ў начальніка цяперашняга рэжыму такая субстанцыя, як сумленне, цалкам адсутнічае. Таму неабходна знайсці мэханізмы, каб прымусіць яго зрабіць крокі па выратаванні Сяргея».

Лідзія Каваленка таксама паведаміла, што праз адваката будзе звяртацца да ўладаў, каб Сяргея тэрмінова шпіталізавалі ў цывільны шпіталь.

Віцебскі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка абвясціў галадоўку 19 снежня, потым рабіў перапынак, а бесперапынна трымае яе ад 8 лютага. Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і 1 месяц калоніі агульнага рэжыму за парушэнне ўмоў так званай «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешванне ў цэнтры Віцебску на навагодняй ёлцы бел-чырвона-белага сцяга. Такім чынам ён пратэстуе супраць прысуду. Паводле стану на 12 сакавіка Сяргей Каваленка важыў 51 кілаграм, тэмпэратура цела была 35,2 градуса.


Няма запісаў для адлюстравання