Ваяр!

10

Дзірка ў календары

Маршал Іван Ігнатавіч Якубоўскі нічым не мог пакрыўдзіць сучасны беларускі ўладны рэжым па той простай прычыне, што памёр больш як 35 гадоў таму, калі цяперашнія паркетныя генералы яшчэ і марыць не маглі аб штанах з шырокімі чырвонымі лампасамі. І тады не зусім зразумела, з якой-такой нагоды праігнараваны стогадовы юбілей знакамітага военачальніка. Для Беларусі гэта тытанічная асоба ў армейскай сферы. Ён адзін з двух беларусаў, маршалаў Савецкага Саюза, двойчы Герой, і абедзве залатыя зоркі заслужаны ў бранятанкавых бітвах.

Гістарычная даведка

Высокае званне, пасля якога павышэннем мог быць толькі тытул генералісімуса, мелі чатыры беларусы. Першым маршалам Савецкага Саюза стаў Васіль Данілавіч Сакалоўскі, потым яго ўзроўню дасягнуў Якубоўскі. Сцяпану Акімавічу Красоўскаму і Івану Іванавічу Пстыгу прысвоілі званне маршалаў авіяцыі, адпаведнае генералу арміі. Для дакладнасці варта падкрэсліць, што Пстыга быў беларусам, але нарадзіўся ў Башкірыі.

Калі адмаўляюць у адпаведным ушанаванні сусветна вядомаму пісьменніку Васілю Быкаву, калі не жадаюць павіншаваць з 80-годдзем народнага паэта Ніла Гілевіча — прыкра, але хоць разумееш: яны раззлавалі ўладу свабодалюбівымі поглядамі, смеласцю казаць горкую праўду ў вочы тым, у чыіх руках гэтая ўлада.

Як жа маршал трапіў у гэты сумны пералік?

Для простых віншаванняў вялікіх сродкаў не трэба. Шлюць жа словы захаплення самым розным расійскім артыстам, спявачкам, танцоркам, усе сувязі каторых з нашай краінай вымяраюцца грашыма, якія яны ўмеюць заграбаць у свае кішэні падчас гастроляў.

Калі б нешта падобнае здарылася ў савецкія часы, то некаторым гаспадарам кабінетаў прыйшлося б пакідаць іх з рэчамі. Уявіце сабе маштаб скандалу: застаўся незаўважаным (варыянты: забытым, праігнараваным) стогадовы юбілей ураджэнца не Хакасіі, не Чачні, не Якуціі, а Беларусі — маршала Савецкага Саюза Івана Ігнатавіча Якубоўскага. Зразумела, што славуты военачальнік не дажыў да нашых дзён, але ж памяць пра такога чалавека не павінна знікнуць! Тым больш што ідэолагі часта паўтараюць, бы заклінанні, словы пра патрыятызм, гераізм, памяць, пра тое, што ніхто не забыты… І нават дагаварыліся да таго, што гісторыя Беларусі пачынаецца з Вялікай Айчыннай вайны.

Выходзіць, траскатня гэта.

Пачнём з таго, што ў нашай краіне выдаецца толькі адзін каляндар, як некалі пісалі, грамадска-палітычнага, гістарычнага зместу. Яго назва “Родны край”, аддрукаваны ён на казённыя грошы.

І якая ганьба выдаўцам — у гэтым календары не знайшлося нават трох радкоў пра юбілей Якубоўскага.

Дзіркі ў календары ад правалаў у памяці, ад прабелаў у адукацыі альбо ад нелюбові да роднай гісторыі, зямлі, нацыі?

На старонках афіцыйных выданняў таксама не ўдалося прачытаць згадку пра юбілей маршала. Напярэдадні і ў дні юбілею ў каляндарных рубрыках пералічвалі шахаў і каралёў, замежных спевакоў, маракоў, каго заўгодна…

І тут дзірка.

Заставалася вялікае спадзяванне, што хоць найбліжэйшыя землякі Івана Якубоўскага маюць лепшую памяць і з годнасцю паставяцца да юбілею.

Як ні прыкра, але раённую газету “Горацкі веснік“ падзея не зацікавіла. На яе сайце не знайшлося нават прозвішча маршала-юбіляра.

І калі б не публікацыя на сайце gorki.info (раней бы яго назвалі нефармальным, разлічаны ён на жыхароў Горацкага, Мсціслаўскага і Дрыбінскага раёнаў), то землякі маршала ў вачах прыхільнікаў ягонага ваеннага таленту выглядалі б зусім кепска.

Сайт gorki.info змясціў кнігу Уладзіміра Ліўшыца, створаную спецыяльна да юбілею. Калі б не высілкі кандыдата філасофскіх навук, краязнаўцы, былога супрацоўніка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (цяпер ён пражывае ў Ізраілі), то сораму было б не абрацца. Сораму перад кім? Перад сабой, у першую чаргу, канешне.

А што ж раённыя ўлады? Яны цяпер заняты падрыхтоўкай да чарговага фестывалю “Дажынкі”, найвялікшай падзеяй лічаць візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Горкі, асэнсоўваюць яго вынікі і пішуць новыя планы ў святле ўказанняў… Нібыта з прыездам новага старшыні райвыканкама гісторыя раёна пачала новы адлік. Не да юбілею маршала, як бачыце.

Любімы і легендарны

Дакладна ведаю, што памяць пра славутага земляка ў Горацкім раёне не губляюць. Упершыню трапіўшы ў Горкі, я наслухаўся апавяданняў пра Івана Ігнатавіча Якубоўскага. Так здарылася, што мне пашчасціла пасябраваць з маладымі тады хлопцамі, кіраўнікамі калгаса “Звязда” Уладзімірам Ткачовым, Міхаілам Казючыцам і Валерыем Баграцовым. На землях калгаса і тулілася невялікая вёска Зайцава, дзе нарадзіўся ў 1912 годзе будучы маршал.

Калгас быў невялікім і не меў светлых перспектыў, яго збіраліся далучыць да вучэбнай гаспадаркі акадэміі, а вёска тым больш пачынала паміраць.

Калі аднойчы ў раён спецыяльна прыехаў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў, каб наведаць родныя мясціны славутага военачальніка, то ў Зайцава яго не давезлі. Дарога кепская, у адным месцы мост разламаўся, карацей, глядзець няма чаго. Паказалі Пятру Міронавічу новую ферму ў суседняй вёсцы, і ён паабяцаў пазваніць маршалу ў Маскву, перадаць вестку з родных мясцін.

Для горацкіх людзей Іван Якубоўскі стаў былінным героем. Перадаюцца з вуснаў у вусны расповеды пра тое, як, пасвячы коней па начах, юнакі з вёскі Зайцава спаборнічалі ў сіле, спрыце, кемлівасці. То Іван заўсёды і ва ўсім перамагаў.

З павагай землякі ўспамінаюць бацьку маршала Ігната, селяніна, небагатага, вечнага змагара за пакрыўджаных. Было тое ці не было, але раскажуць і такое. Даўней у беларускіх вёсках вялізным дэфіцытам быў шыфер. Як водзіцца, раёну выдзялялі нейкі фонд, а чыноўнікі размяркоўвалі. Ігнат хадайнічаў за ўсіх вяскоўцаў. “Каму шыфер патрэбны?” — пыталіся чыноўнікі ў бацькі маршала. Ён адказваў: “Мне”.

Ну як адмовіш?

Прыязджае ў Горкі сам маршал. Чыноўнікі, паміж іншым, яго папрасілі: скажыце, калі ласка, бацьку, няхай не просіць так часта.

Іван Ігнатавіч нібыта бацьку і кажа: мо паменей прасі. “Не твая, Іване, справа, — адказвае Ігнат сыну, — ты там камандуеш у Германіі сваімі — і камандуй, а ў мае справы не ўмешвайся”.

Калі высокага госця землякі (з начальнікаў, зразумела) праводзілі да Мінска, то ён запрашаў іх да сябе ў нумар гатэля і частаваў. Прычым прасіў сваіх падначаленых, каб ніякіх афіцыянтаў і блізка не было. Любіў паламаць каўбасу і хлеб рукамі (па-франтавому), наліць што-небудзь моцнае ў шклянкі і выпіць за родную зямлю.

За свайго чалавека? Ніколі!

Цяпер цяжка дакапацца, што было праўдай, а што прыдумана. І ў гэтым няма ніякага гора. Іван Якубоўскі сапраўды вялікі герой, яго аўтарытэт не прынізіш ніякімі негеройскімі дэталямі.

Адзін з вяскоўцаў, які некалі пасвіў коней разам з Іванам, хваліўся перад сваімі: “Малайчына Іван, пра нашых не забывае. Паехаў мой сын да маршала ў Маскву пагасціць, дык ён яго частаваў з самых вялікіх бакалаў. А потым на службу (сын быў ваенным) прыходзіць указ аб узнагароджанні госця ордэнам Чырвонага Сцяга”.

Вяскоўцы слухалі і верылі: мо і сапраўды так.

Але байцы гэтай веры няма. Родны пляменнік Івана Ігнатавіча, сын Алены, сястры маршала, Максім Максімавіч Якубоўскі падчас падрыхтоўкі публікацыі распавёў, што ягоны славуты дзядзька не цярпеў аніякіх паслабленняў для сваякоў. “Будзеш добра служыць — заўважаць!” — казаў ён пры сустрэчы.

Максім Максімавіч сваю ваенную кар’еру будаваў самастойна. З дзядзькам у сталым узросце бачыўся адзін раз, у ягонай маскоўскай кватэры. Было гэта пасля заканчэння ваеннай акадэміі імя маршала Говарава. Гаспадар распытваў пра родныя мясціны, пра калгас, пра сваякоў.

Высокая пасада не дазваляла часта бываць на радзіме, сустракацца са сваякамі. Іван Ігнатавіч любіў запрашаць блізкіх сваякоў да сябе ў госці. Маці Максіма Максімавіча Алена Ігнатаўна гасцявала ў сям’і брата-маршала, адпачывала, лячылася ў маскоўскіх дактароў.

Успамінае генерал Варэнікаў

«Внешне он выглядел весьма внушительно. Здоровенный, как Антей, налитый физической силой до предела, а черты лица, как у тяжелого танка. Сидит, кулаки — двухпудовые гири — на стол, и всем своим видом подавляет все, что находится вокруг, — мебель, обстановку. И собеседники становятся игрушечными.

Эта его особенная красота (особенно когда он был в маршальском мундире) некоторых приблизительно равных ему военачальников и государственных деятелей раздражала. Подавляющее же большинство им восхищалось, тем более когда знакомились с ним поближе.

Внешне он был кремень, а душа у него — добрая, щедрая, душа настоящего человека.

Была у Ивана Игнатьевича одна особенная черта. Он почему-то во время отвлеченных от службы рассуждений немножко впадал в своеобразную меланхолию. О птицах он знал много, видимо, с детства был наблюдательным и к тому же перечитал гору книг о пернатых. И мог говорить о них часами, если слушали внимательно, а он это прекрасно чувствовал. Тогда он весь, всей своей махиной, отдавался рассказу о какой-нибудь маленькой пташке, о ее поведении, характере, о возможности приручить. Разбирал ее по перышкам. Даже не верилось, что он, маршал, об этом говорит.

Но когда Иван Игнатьевич, будучи главкомом группы советских войск в Германии, занимался воспитательной работой, тем более когда она касалась кого-то персонально, то он совершенно преображался.

Помахивая пальцем перед лицом собеседника, как поленом, он втолковывал ему понятия, что такое хорошо и что такое плохо, так, как этого не мог сделать никто”.

Другое месца пасля Маргелава

У некалькіх друкаваных крыніцах знайшоў цікавае сцвярджэнне, нібыта маршал Іван Якубоўскі займае другое месца пасля генерала Васіля Маргелава, вядомага камандуючага дэсантнымі войскамі, па колькасці ваеннага фальклору, легенд, баек, прымавак.

Дарэчы, у некалькіх месцах Маргелава называюць таксама ўраджэнцам Беларусі, што няпраўда. Нарадзіўся ён у Днепрапятроўску, а ў 1931 годзе скончыў Аб’яднаную Беларускую ваенную школу, што і спарадзіла блытаніну.

Дык вось, месцы ў фальклорным рэйтынгу расстаўляюць, а за кошт чаго ён, Якубоўскі, стаў такім, не знойдзеш. Біяграфіі военачальнікаў, у тым ліку і Івана Ігнатавіча, выкананы ў строгім савецка-прапагандысцкім стылі, за якім цяжка разглядзець чалавека.

Пытаюся ў свайго сябра, афіцэра Уладзіміра Грыбанава, які ў свой час служыў у Германіі, ці памяталі там у афіцэрскім асяроддзі былога камандуючага, ці расказвалі нейкія легенды. Адну байку Уладзімір узгадаў, яна, дарэчы, у нечым пераклікаецца з успамінамі Варэнікава.

Калі Івану Ігнатавічу даводзілася выхоўваць афіцэра, што перабраў у выпіўцы, то ён любіў паўтараць: “Меры не ведаеш! Усе мы ў вашым узросце, бывала, прымалі на грудзі. Не без таго. Выпіў грамаў чатырыста-пяцьсот ідзі ў клуб, патанцуй, чаго валочышся дахаты скандаліць?!

У гэтай байцы няма нічога абразлівага. І яна таксама падкрэслівае неверагодную сілу і вынослівасць славутага военачальніка.

У дадатак да ўспамінаў пра любоў да пярнатых варта ўзгадаць і любоў Івана Ігнатавіча да лесу, да прыроды. Яго жонка Зінаіда Фёдараўна, ураджэнка Аршанскага раёна, успамінала, што, дзе б ім ні даводзілася пражываць, усюды: у Германіі, у Львове, у Падмаскоўі — Іван Ігнатавіч каля дома заўсёды высаджваў тры бярозкі і даглядаў іх.

Так здарылася, што салдат тэрміновай службы Валакіцін з Горацкага раёна трапіў у каманду, якая абслугоўвала маршальскія дачы. Ён расказваў, што маршал дасканала цікавіўся, як правільна абразаць пладовыя дрэвы. Вельмі любіў антонаўку.

Прыезд маршала на радзіму

Міхаіл Казючыц: “Вёска Зайцава і была невялікай, а зараз там засталіся тры хаціны. Я застаў родную сястру маршала Алену Ігнатаўну, пляменнікаў Аркадзя і Аксану. Аксана працавала санітаркай у медпункце, Аркадзь трактарыстам. На вялікую дапамогу з боку калгаса яны ніколі не прэтэндавалі, не хацелі выдзяляцца. Мо калі дроў прасілі, калі трактар, машыну — і усё. Калі б наш тагачасны старшыня калгаса Мяжэнін быў кемлівым, то можна было б выкарыстаць армейскую сілу ў развіцці калгаса, вёсак. Хаця і так грэх скардзіцца. Па калгасным запыце з войск прыйшлі тры новыя аўтамабілі, два, як іх звалі “козлікі”, будаўнічыя матэрыялы. А потым маршал запрашае сястру ў госці, маўляў, няхай старшыня калгаса прывязе ў Маскву. А ў старшыні калгаса няма часу. У маршала ёсць, а ў старшыні няма!

Алена працавала ў паляводстве, на ферме.

У час нашай працы ў калгасе Іван Ігнатавіч прыязджаў на радзіму разам з Пятром Міронавічам Машэравым на адкрыццё музея польска-савецкага братэрства ў пасёлку Леніна. Візіт быў афіцыйным. Новы старшыня калгаса Уладзімір Ткачоў падвёў да высокага госця сястру Алену, сама яна пасаромелася б. Маршал абняў яе, пацалаваў і запрасіў прыязджаць у Маскву, бо ў той момант яму з першым сакратаром ЦК трэба было некуды неадкладна ехаць.

У той вечар Алена Ігнатаўна частавала нас у сваёй хаце рознымі прысмакамі, якія брат прывёз для яе з Масквы.

Татарскі казус

У газеце “Ватаным Татарстан” быў надрукаваны артыкул, змест якога не мог не здзівіць. У ім сцвярджаецца, што маршал Іван Якубоўскі нарадзіўся ў татарскай вёсцы і з’яўляецца нацыянальным героем Татарстана. А да беларусаў яго далучылі таму, што маршальская жонка родам з вёскі Зайцава Горацкага раёна. А калі б яшчэ псеўдадаследчыкі ведалі, як “адсвяткавалі” ў Горацкім раёне стогадовы юбілей героя, то іх прэтэнзіі набылі б яшчэ большую сілу.

І толькі камуністы не забыліся

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што памяць маршала Івана Якубоўскага была ўшанавана ў Фрунзенскім раёне Мінска стараннямі арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. У сталіцы ёсць вуліца імя Якубоўскага, на ёй усталяваны бюст двойчы героя. У дзень стогадовага юбілею сюды прыйшлі прадстаўнікі ЦК КПБ, адміністрацыі Фрунзенскага раёна, ветэраны вайны. Прысутнічаў на кароткай урачыстасці і пляменнік маршала Максім Якубоўскі з сынам.

Мітынг у вызначаны час не пачыналі, арганізатары чакалі дэлегацыю ваенных. Яна з’явілася, але пазней, калі пачаўся мітынг. Ветэраны засталіся незадаволенымі такой непавагай.

У заключэнне застаецца дадаць, што Іван Ігнатавіч завяршыў удзел у Вялікай Айчыннай вайне ў званні генерал-маёра. У пасляваенны час ён займаў пасады камандуючага Кіеўскай ваеннай акругай, галоўнакамандуючага групай савецкіх войск у Германіі, першага намесніка міністра абароны СССР, галоўнакамандуючага войскамі краін Варшаўскага дагавору. Памёр І.І.Якубоўскі ва ўзросце 64 год. Пахаваны каля Крамлёўскай сцяны.



Няма запісаў для адлюстравання