Мітрапаліт Іларыён супраць “апостала аб’яднання”

9

Так, сёння газета “Звязда” друкуе адказы на пытанні журналістаў старшыні аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата мітрапаліта Валакаламскага Іларыена, які прама заявіў: “Павінен сказаць, што мы з трывогай пачулі пра планы некаторых рэлігійных структур перанесці ў Беларусь астанкі Іасафата Кунцэвіча — асобы вельмі супярэчлівай. Я адкрыта казаў і ў размове з дзяржаўным сакратаром Ватыкана кардыналам Бертанэ, і са старшынём Папскай рады па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству кардыналам Кохам, што такога роду акцыя ніяк не будзе спрыяць кансалідацыі беларускага насельніцтва і не выкліча сімпатый да каталіцкай царквы. Наадварот, яна можа выклікаць у памяці старыя раны, нанесеныя ў тую эпоху, калі праваслаўныя і каталікі знаходзіліся на гэтых землях у стане варожасці. Я заклікаў кіраўніцтва Каталіцкай царквы ўстрымацца ад гэтай акцыі”.

Іасафат Кунцэвіч (свецкае імя Іван) — вялікалітоўскі царкоўны і палітычны дзеяч, архіепіскап Полацкі, каталіцкай царквой прылічаны да святых.

Нарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай праваслаўнай школе. Каля 1599 прыняў унію і пад уплывам езуітаў стаў яе гарачым прыхільнікам. Пасля прыняцця манаства ў 1604 уступіў у Базыльянскі ордэн і быў накіраваны ў Віленскі Траецкі манастыр. У канцы 1608 ці ў пачатку 1609 пасвечаны ў святары. Блізка сышоўся з Я. Руцкім (пазней віленскім мітрапалітам), разам з якім вёў гарачыя спрэчкі з праваслаўнымі. У 1617 годзе быў прызначаны епіскапам віцебскім і адначасова каад’ютарам да полацкага архіепіскапа Гедэона Бральніцкага, чалавека старога і слабага. Пасля яго смерці стаў полацкім архіепіскапам.

У Полацк І. Кунцэвіч прыбыў са спецыяльнай місіяй — падняць справу ўніі ў Полацкай архіепархіі. З запалам выконваў даручаную яму місію, не спыняючыся перад гвалтоўнымі метадамі ўвядзення уніі, але, як сведчаць гісторыкі, жыхары Полацка не супраціўлялася ўніі, даволі пакорна прынялі І. Кунцэвіча, арганізавала яму ўрачыстую сустрэчу. Напачатку спакойна прыняў яго і Віцебск, але вялікай прыхільнасці да уніі тут не было. А вось жыхары Магілёва, дзе было праваслаўнае брацтва, зачынілі гарадскія брамы, калі Кунцэвіч з атрадам пад’ехаў да горада, і былі гатовыя да абароны. Нядобра сустрэлі І. Кунцэвіча і ў Оршы, адкуль ён накіраваўся ў Віцебск, дзе таксама пачаў ганенні на праваслаўных. Віцебляне 13.11.1623 забілі І. Кунцэвіча, а яго цела кінулі ў Заходнюю Дзвіну. За забойства І. Кунцэвіча 19 ўдзельнікам выступлення адсеклі галовы, каля 100 з тых, што паспелі збегчы, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю, а іх маёмасць была канфіскаваная. Віцебск быў пазбаўлены ўсіх раней наданых правоў самакіравання, ратуша разбураная, з цэркваў знятыя званы. Папа рымскі Урбан VIII ухваліў гэтыя жорсткія меры караля Жыгімонта Вазы. І. Кунцэвіч быў абвешчаны пакутнікам, а ў 1867 папа Пій IX прылічыў яго да святых.

Праз год пасля пахавання ў Полацкім Сафійскім саборы, астанкі Іасафата Кунцэвіча былі выняты з зямлі для ўрачыстага адпявання і змешчаныя ў сярэбраную раку. Пасля, падчас вайны Польшчы з царом Аляксеем Міхайлавічам, рака была вывезена з Полацка уніятамі і з вялікай помпай былі прывезена ў Рым. Зараз яна знаходзіцца ў базыліцы святога Пятра побач з рэліквіямі Бацькоў Царквы. Папа Іаан Павел II праслаўляў Іасафата Кунцэвіча як “апостала аб’яднання”. Але Руская царква ўсяляк дыскрэдытавала унію і нават памяць аб ёй. І да сення свайго стаўлення да яе не змяніла. Таму многае з таго, што гавораць пра Іасафата Кунцэвіча прадстаўнікі РПЦ, а таксама рускія і некаторыя беларускія гісторыкі трэба ўспрымаць крытычна.


Няма запісаў для адлюстравання