“Народная Воля” раней распавядала пра канфлікт паміж жыхарамі мікрараёна і адміністрацыяй Першамайскага раёна, які цягнецца ад 2005 года. У двары некалькіх дамоў, паміж якімі і так нешмат прасторы, вырашылі пабудаваць 19-ціпавярховы дом. Яшчэ адзін дом запланавалі пабудаваць на месцы дзіцячай пляцоўцы. Гэта пры тым, што ў мікрараёне і без таго колькасць насельніцтва на квадратны кіламетр перавышае дазволеныя нормы. У адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і ў Савеце міністраў знаходзяцца звароты жыхароў раёна. Адказу яшчэ няма. 

Калі сёння на месца запланаванага будаўніцтва прыехалі будаўнікі, жыхары пачалі тэлефанаваць сваім суседзям. Людзі хутка зрабілі расцяжкі: “Будаўніцтву – НЕ”. Адну замацавалі на балконе, другую – у тарцы жылога дома. Каля прарабскага вагончыка сабраўся натоўп прыкладна з два дзесятка чалавек. “Іншыя на працы. Усё здарылася днём, але мы вечарам збярэмся і выпрацуем далейшую тактыку”, — патлумачылі прысутныя журналістам.

“Мы просім вас нічога не рабіць, пакуль мы не атрымаем адказы з адміністрацыі прэзідэнта і Саўміна”, — звярнуліся людзі да прараба Дзмітрыя Смольскага.

Той тлумачыў, што яго задача ўсталяваць агароджу, падрыхтаваць пляцоўку і толькі пасля гэтага можна будзе распачынаць будаўніцтва. Людзі абураліся. Жанчына, якая прадставілася Таццянай не магла стрымаць слёз: “Мы будзем стаяць тут дзень і ноч! Нічога ў вас не атрымаецца! Колькі можна здзеквацца з народа?! Чаму прычапіліся менавіта да гэтага месца?! Больш няма дзе пабудаваць дамы для спецназаўцаў?! Мы паставім тут намёты. Няхай яны нас збіваюць, яны прывычныя біць мірных жыхароў! Усе гэта ведаюць! Толькі жыцця ім тут не будзе за кошт нашага здароўя”.

На месцы будаўніцтва з’явіўся іншы прараб, які адказвае за будаўніцтва дома. Зрабіў званок і хутка на месцы сходу з’явіліся міліцыянеры. Прыехала так званая група дакументавання. Людзей пачалі здымаць на відэа як удзельнікаў акцыі. Жарсці накаляліся. Нарэшце трактар з канструкцыямі для плоту з’ехаў. Мужчыны вырашылі, што гэта манеўр, каб супакоіць людзей на нейкі час, а потым вярнуцца ў большым складзе будаўнікоў і хутка ўсталяваць агароджу. Адзін з міліцыянераў сарваў расцяжку і занёс яе ў машыну. “Нічога! Мы ўначы завесім усе балконы! Усе не паздымаеце!”, — крычалі з натоўпу.

На сходзе вырашылі наладзіць дзяжурствы, каб магчыма было мабілізаваць усіх у тым выпадку, калі на пляцоўцы зноў з’явяцца будаўнікі.

“Будзем ставіць намёты! Будзем стаяць дзень і ноч!”

“Будзем ставіць намёты! Будзем стаяць дзень і ноч!”

“Будзем ставіць намёты! Будзем стаяць дзень і ноч!”



Поделиться ссылкой: