У 1989 годзе на першым з’ездзе БНФ Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асвячаў палітычнае мерапрыемства. Пры ўчорашняй сустрэчы з Сяргеем Каваленкам, сябрам партыі КХП БНФ, пастар Сабіла адмыслова нагадаў пра гэтую падзею. Паводле пастара, ён працытаваў галадоўніку тое месца з Бібліі, дзе патлумачана, дзеля чаго можна ахвяраваць целам:

«„У ахвяру, якая ўгодна Богу“ — вось для якой ахвяры. І для „разумнага служэння вашага“. Значыць, гэта ахвяра не смяротная, гэта такая ахвяра, калі даводзіцца табе недзе недаесці — недаеж на справе сваёй, недаспаць — недаспі на справе сваёй, ахвяруй. Але гэтая мая размова яму не спадабалася, ён мяне перапыніў і сказаў, што спыніць галадоўку, толькі калі адменяць прысуд і ён вернецца ў сям’ю».

Айцец Эрнст Сабіла за савецкім часам больш як 10 гадоў адбыў у лагерах за свае рэлігійныя погляды. Ён кажа, што шмат бачыў галадоўнікаў, у тым ліку і такіх, якія ішлі да канца. Пастар паабяцаў маліцца за маральны стан Сяргея Каваленкі. Фізычны стан галадоўніка айцец Сабіла ацэньвае гэтак:

«Што тычыцца ягонага здароўя, відаць, што чалавек змардаваны. Медычных дадзеных у яго я не пытаўся, але відаць, што чалавек знясілены. Хоць ён і прыйшоў сам і сышоў сам, але ён вельмі схуднелы, бачна ягоная цялесная слабасць. Гэта вынік дзеянняў уладаў».

7 сакавіка Сяргея Каваленку аглядалі ў 9-й клінічнай бальніцы. Там Каваленку прапанавалі стацыянарнае лячэньне, але з умовай, што ён адмовіцца ад галадоўкі. Вядома, што Сяргей Каваленка не прыняў гэтага ультыматуму і яго вярнулі на «Валадарку». 9 сакавіка намеснік старшыні партыі КХП БНФ Юрась Беленькі звярнуўся ў пракуратуру з просьбай абавязаць адміністрацыю «Валадаркі» пакласці Сяргея Каваленку ў цывільны шпіталь без умоваў.

«Такога чалавека абавязкова трэба класці ў шпіталь. Якія яшчэ ўмовы да чалавека ў такім фізычным стане? Толькі шпіталь».

Паводле апошніх звестак, Сяргей Каваленка важыў 55 кілаграмаў, у яго пачаліся праблемы з ныркамі, ён горш бачыць і чуе. Жонка Сяргея Алена Каваленка спрабавала перадаць мужу ў турму адмысловую медычную прыладу для прамывання страўніка, але ёй не дазволілі. «Сказалі, што такія прылады ёсьць у турэмным шпіталі і там могуць зрабіць прамыванне страўніка ў любы момант», — паведаміла Алена. Ці прапанавалі гэтую працэдуру Сяргею Каваленку цяпер?

«Пра гэта мне невядома, прапанавалі ці не. Буду прасіць адваката наведаць яго ў нядзелю, а сама буду прасіць дазволу на будучым тыдні».

Сяргей Каваленка галадуе з перапынкам ад сярэдзіны сьнежня. Актывісту прысудзілі 2 гады і месяц зняволеньня за парушэнне адбыцьця пакараньня хатняй «хіміяй» за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы.

Поделиться ссылкой: