Раней, 21 лютага, пасол па асобых даручэннях МЗС Чэхіі Петэр Марэш на прэс-канферэнцыі ў Мінску казаў, што міністр замежных спраў Мартынаў будзе запрошаны ў Прагу пры выкананні адпаведных умоў.
Пры гэтым ён не стаў удакладняць, а толькі паведаміў: “Абодва бакі ведаюць, што трэба зрабіць, каб гэта адбылося”.
Ён адзначыў, што для Чэхіі важна, каб Беларусь працягвала свой удзел ва “Усходнім партнёрстве”. “Беларусь – гэта еўрапейская краіна, яна была з Еўропай амаль усю сваю гісторыю, а цяпер кідаецца паміж Усходам і Захадам. У цяперашняй сітуацыі складаней за ўсё знайсці баланс. Лягчэй было б кінуць Беларусь у ізаляцыі, але мы гэтага не хочам”, — сказаў Петэр Марэш.
Наконт адносінаў паміж Еўропай і Беларуссю Петэр Марэш заявіў: “Выйсці з гэтага тупіка можна толькі намаганнямі двух бакоў, і нам здаецца, што наша рука для супрацоўніцтва ўжо працягнута, чакаем цяпер рукі Мінска”.
На цяперашнюю сустрэчу беларускі бок быў запрошаны на ўзроўні намесніка міністраў, але ніводны прадстаўнік МЗС у Прагу не прыехаў.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных патлумачыў толькі: “Мы прынялі рашэнне не прымаць удзелу ў дадзеным мерапрыемстве. Удавацца ў дэталі не маем намеру”.
На сустрэчы будзе прысутнічаць прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштон і еўракамісар Штэфан Фюле.
Праская сустрэча адбываецца на тле дыпламатычнага канфлікта паміж Мінскам і Бруселем.