Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

4

Традыцыйнае лыжнае шоў у Раўбічах павінна было адшугаць у суботу, але перанеслі на нядзелю. Магчыма, сіноптыкі паабяцалі больш прыдатнае для ўдзельнікаў надвор’е, а можа яшчэ якая прычына – ніхто дакладна не патлумачыў.  Як бы там ні было, а “прэзідэнцкая гонка” (і так у народзе клічуць гэтае дзейства) пачалася ў дакладна вызначаны час, пры аптымальным для лыжнікаў, а значыць і для балельшчыкаў надвор’і: лёгкі сівер, скрыпучы снег і каляровая таўпень у атачэнні загараджальных плоцікаў і людзей ў чорным абмундзіраванні. Акурат як і на мінулагодняй “Мінскай лыжні”. Праўда, цяпер у раскладзе спаборніцтваў было істотнае новаўвядзенне: каманда Аляксандра Рыгоравіча выступала як бы па-за конкурсам, то бок не змагалася на роўных з астатнімі камандамі. Выступіла ці то з паказальным нумарам, ці то дзеля захавання прэстыжу спартыўнага мерапрыемства. Але пра гэта крышку ніжэй, а пакуль усё па-парадку.

Ад самага ранку ў Раўбічы цугам пацягнуліся аўтобусы з народам. Тыя аўтобусы вышнураваліся ўздоўж абочыны ад самае Аколіцы. І было іх столькі, што і не палічыш – можа паўсотні, мо і болей. Калі хто прыпёрся на сваім аўто, то прыйшлося ладкаваць жалезнага “каня” чорт ведае дзе. А далей усе пешкі валакліся на той стадыён. Некаторыя не міналі (сам назіраў) краму і атаварваліся там “гарачым” пітвом. Трое хлапцоў проста завярнулі ў двор і на вачах гаспадара лёгка асушылі паўлітровец. Але на самой “Мінскай лыжні” ніводнага “пад мухай” не было відаць. Умеюць жа!

Але вось і стадыён. На ўваходзе чорныя “рамкі” і спецыяльна-прызначаныя людзі: усіх, значыцца, праз тыя рамкі прапускаюць, ды яшчэ абмацаюць, каб, барані божа, нічога такога ў кішэнях. Прыстройваюся паміж балельшчыкамі, на сцягаг якіх лунаюць знаёмыя брэндавыя словы – “Крыніца” і “Слодыч”. Пытаюся ў дзяўчат, добраахвотна ці пад прымусам яны сюды прыехалі. Хлопцы рагочуць, дзяўчаты пасміхаюцца, маўляў, а то ні ведаеш, дзядзечка… Адна далікатна, па-дыпламатычнаму, ледзь не шэптам так і кажа: “у нас усё робіцца на добраахвотна-прымусовых пачатках: калі не хочаш праблем на рабоце, то мусіш і лыжы палюбіць”… Тым часам балельшчыкі з Маторнага завода выкрыкваюць нешта сваё, бадзёрачы ўсю калону.

Урэшце рэшт трапляю на стадыён, дзе вядомы ўсім каментатар галосіць, зрываючыся на хрыпату і на такую экспрэсію, што хоць вушы затыкай.

Што кінулася ў вочы?

Па-першае, трыбуны з балельшчыкамі настолькі далёка ад лыжных трас, што не разбярэш – дзе той старт, а дзе фініш. Па-другое, на кожным кроку – чалавек з рацыяй і ў чорным. Фатаграфаваць вядомую асобу – а ні-ні! Зробіш крок за чырвоную стужку ці плоцік, каб “зафотаць” лідара нацыі – асадзі назад! Затое лахва прылашчанай браціі –  і “фотай” з любой пазіцыі, і тусуйся сярод “генерал-губернатараў” ды розных іншых там стаераў і спрынтараў.

Але вернемся да саміх гонак. Усіх цікавіла (ва ўсялякім разе тых, хто прыехаў не адно піва папіць ды шашлыком закусіць), хто ж пераможа ў лыжнай эстафеце два з паловаю на брата. Ну, дзесяць кіламетраў на чатырох ганцоў з кожнай вобласці… Спачатку ў лідэры выбіліся падначаленыя Барыса Батуры, губернатара сталічнай вобласці. Такую, значыцца, фору паднеслі трое эстафетнікаў свайму босу, што яму заставалася адно не ўпасці на трасе – і перамога, лічы, у кішэні. Сказаць праўду, я так перажываў за нашу Мінскую губернію ў асобе спадара Батуры, што ледзьве не страціў прытомнасць… Ад нервовасці нават цыгарэту запаліў. Але ўсё дарэмна: на апошнім этапе эстафеты Барыс Батура перакрэсліў усе мае надзеі… Нават шкода стала гэтага чалавека, бачачы, як ён ледзьве слізгае тымі лыжамі па снезе. Яно, канечне, відаць, што чалавек і з характарам байцоўскім, і з сілаю волі… Але што зробіш, калі дыхалка ўжо не маладзецкая і ногі нібы з ваты?.. Карацей, сталічная вобласць, то бок лыжная яе каманда, абрынулася ў выніку з лідэрства ажно… на трэцяе места.

А першае, як і прадбачылі лыжнёвыя спяцы, заняў Канстанцін Сумар (губернатар Брэсцкай вобласці) і ягоная каманда. Кажуць, ён змалку сябруе з лыжамі, і наогул займаецца спортам не дзеля праформы, а дзеля здароўечка. Магілёўскія нібыта занялі другое месца, а чацвёртае дасталося віцебскім мальцам.

Пакуль спаборнічалі сілавікі, узнагароджвалі абласных зборнікаў. З тае прычыны, што цяпер каманда Аляксандра Рыгоравіча выступіла па-за конкурсам (відаць, надакучыла ёй перамагаць з года ў год), то ўсе лаўры дасталіся брэсцкім хлопцам. Натуральна, уручаў кубкі, медалі і заплечнікі з падарункамі сам прэзідэнт. І вось тут якраз і здарылася алаверды… У перакладзе з арабскай (калі хто ні ведае) слова “алаверды”перакладаецца так: Allah –  па-нашаму Бог, а другая частка Verdi – даў. Вось і атрымліваецца, што спачатку Бог даў, а пасля ўжо і Богу аддзячылі. Па-іншаму кажучы, спадар Сумар ад імя ўсіх ганцоў выказаў, па-першае, падзяку свайму прэзідэнту, бо той вельмі ўжо моцна апякуецца фізкультурай і спортам; па-другое, ад імя стаяўшых на п’едэстале прэзідэнт таксама быў уганараваны падарункам. Той падарунак-заплечнік з невядомым змесцівам Аляксандр Рыгоравіч адразу перадаў свайму малодшанькаму сыну Колі… На тым усё і закончылася. Народ паціху стаў разыходзіцца: зразумець можна, бо каму якая радасць,  хто з тых сілавікоў прыімчаў на фініш першым.

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

 

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Мінская лыжня – 2012: усё як заўжды, але з алаверды (фота)

Фота аўтара


Няма запісаў для адлюстравання