Жыхары Уручча-2 звярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў

2

Людзі выступаюць супраць будаўніцтва некалькіх дамоў, якія запланавана будаваць ў рамках так званага ўшчыльнення забудовы.  Людзі пішуць, што пратэст аргументаваны не тым, што “падабаецца, не падабаецца”, а будаўнічымі нормамі і беларускім заканадаўствам. Яны ўказваюць, што цяперашняя забудова мікрараёна ў два разы вышэй за норму. Адсюль праблемы з паркоўкай, наведваннем паліклінікі, уладкаваннем у дзіцячы садок і г.д.

Яны нагадваюць, што 8 гадоў адбываецца ліставанне з чыноўнікамі, а мясцовая ўлада ігнаруе меркаванне людзей, хаця сродкі дзяржаўнай прапаганды ўвесь час кажуць, што Беларусь – гэта краіна для народа. Жыхары мікрараёна пішуць, што лічаць сябе часткай народа і таму будуць адстойваць свае правы, згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Падпісанты, а іх больш за 3 000 чалавек, просяць ўмяшацца ў канфлікт да таго, як сітуацыя выйдзе з-пад кантролю, бо ўжо “сёння раённая адміністрацыя сутыкае “лбамі” членаў утвораных ЖСПК і тых, хто ўжо жыве ў мікрараёне больш за 20 гадоў”.

 Нагадаем: канфлікт паміж жыхарамі мікрараёна і чыноўнікамі Мінгарвыканкама цягнецца ад 2005 году. Людзі праводзілі сходы, пісалі лісты чыноўнікам, самі выклікалі экспертаў і заключэнне спецыялістаў накіроўвалі  ў адпаведныя інстанцыі. Днямі ім паведамілі, што, нягледзячы на ўсе пратэсты, дамы, у якіх пераважна будуць жыць сем’і спецназаўцаў, будуць пабудаваныя.


Няма запісаў для адлюстравання