Радуйся, што далі паганяць шары з зоркай

3

Павел Богдан з Гродна мае свой більярдны клуб “Сваяк”. Мясцовыя більярдысты часта  сюды наведваюцца – пакатаць шары і проста расслабіцца. Надоечы ў  “Сваяк” зазірнуў (хто б вы думалі!) сам… Грыгорый Лепс – знакаміты расійскі спявак. Зорка, можна сказаць, першай велічыні. Ну, любіць Лепс більярд, нават свае кіі цягае па гастролях. Ведаючы тое, ягоныя прамоўтары і арганізатары канцэртаў ў Гродна (агенцтва ”Нью Эйдж”) парупіліся, каб неяк услужыць свайму “патрону” і знакамітасці – арганізавалі для яго “расслабуху”. А дырэктару “Сваяка” паабяцалі фота на памяць з Лепсам і два білеты на канцэрт. Павел, натуральна, не ляснуўся тварам у гразь – нават сукно перацягнуў на більярдным стале, выклаўшы за мадэрнізацыю два з паловаю мільёна рублёў. І стаў чакаць “зорку”. Той, канечне, не прамінуў забіць, як кажуць, “сваяка” у лузу… Прыехаў у суправаджэнні аховы і сваіх “шасцёрак”. Натуральна, Павел Богдан захацеў прыблізіцца да “яго светласці”, пазнаёміцца, прапанаваць згуляць партыю. Хацеў быў пачаставаць спевака ягоным любімым чорнай гарбатай на мёдзе…

Але тут здарыўся першы аблом: прамоўтар вельмі нават недвухсэнсоўна выскаліўся, маўляў, хто ты такі, каб набліжацца да “усясветнае” зоркі расійскай эстрады?! Куды прэшся, правінцыяльная мыш, такую тваю!?.. Ну, і ўсё такое рознае… Але Павел Богдан – які-ніякі, але гаспадар клуба: не лыкам, як кажуць, шыты,  і ніякая не мыш, бо не прывык ламаць спіну перад розным там, хай сабе і з Масквы. Карацей кажучы, згуляў-такі партыю з Лепсам, не спужаўся прамоўтара, які паспрабаваў было пужаць… спецназам. Праўда, прайграў… Але гульня на тое і гульня, што нехта выйграе, а нехта – міма лузы… Затое якое задавальненне – пакатаць шары з “зоркай”.

Назаўтра  выправіўся Павел за абяцанымі білетамі на канцэрт. Але тут – яшчэ адзін аблом. У касе сказалі, як адрэзалі: для вас ніякіх білетаў няма… Не адыходзячы ад акенца, звоніць наш більярдны дырэктар у агенцтва “Нью Эйдж”, галоўнаму чалавечку гэтай канторы: так, маўляў, і так, дзе абяцаныя білеты, чаму так па-свінску са мною абышліся, спадар Дзяніс Мацяс? А той і кажа: вы, даражэнькі, быццам неадэкватна сябе вялі з мега-зоркай, таму – ніякіх білетаў…

І тут Павел  Богдан сцяміў, што яго па-просту, а галоўнае па-хамску, надурылі як самага апошняга лоха… Пытанне толькі – хто канкрэтна: прамоўтары, свае з агенцтва ці сам Грышка Лепс? Білеты на Лепса дарагія – да мільёна рублёў, але не думаецца, што спявак такі скупярдзяй, што не мог аджыліць тыя пару квіткоў. Значыцца, ягонае атачэнне, а можа і мясцовыя хапугі: не такі Лепс дурань, каб выстаўляцца ёлупнем, бо маральнае аблічча для папулярнага спевака пакуль што не пусты гук… Як бы там не было, але рэпутацыі Лепса нанесены ўдар. Яшчэ некалькі такіх момантаў (калі “сваякі” не праходзяць у лузу), і партыя можа быць прайграна. Што не кажыце, а ў більярда і шоў-бізнеса правілы вельмі падобныя.


Няма запісаў для адлюстравання