“Ну не верыць народ Беларускаму тэлебачанню! Людзі ў магазіны ходзяць, бачаць, як кошты растуць, як заробкі абясцэньваюцца. Бадай адзіны законны сродак, каб прыцягнуць увагу ўлады да ўсеагульнай галечы, — гэта пікетаванне, — гаворыць старшыня Брэсцкай раённай арганізаці партыі “Справядлівы свет” Анатоль Новік. — Праўда, за тры гады ніводны з такіх пікетаў дазволены не быў”.

Апошняя спроба прыцягнуць увагу да рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця ў Брэсцкім рэгіёне была зроблена на пачатку месяца. “Згодна з законам, заяўкі на правядзенне пікетаў падаюцца ў мясцовыя органы ўлады за 15 дзён да правядзення мерапрыемства, — працягвае Анатоль Новік. — Меркавалася, што пікеты пройдуць 18 лютага. Мы выбралі тры населеныя пункты — вёскі Страдзеч і Знаменка і пасёлак Дамачава ў Брэсцкім раёне. Як і мае быць, накіравалі факсы з заяўкай на правядзенне пікетавання ў пасялковыя саветы яшчэ 3 лютага. Потым нашы актывісты наведалі пасялковыя саветы, у кампетэнцыі якіх вырашэнне гэтых пытанняў, упэўніліся, што заявы нашы зарэгістраваныя. І сталі чакаць…”

Адказы прыйшлі. Ва ўсіх выпадках розныя. Але ніводны пікет дазволены так і не быў. “Прычыны адмовы сапраўды анекдатычныя, — гаворыць Анатоль Новік. — Правядзенне пікета ў вёсцы Знаменка было забаронена таму, што заяўнік не пазначыў дату свайго нараджэння. З пасялковага савета, у які ўваходзіць вёска Страдзеч, прыйшоў увогуле маразматычны адказ: нам рэкамендавалі спачатку заключыць дамову з міліцыяй на ахову парадку пры правядзенні пікета, хаця праваахоўнікі ў сваю чаргу адказваюць, што пакуль няма дазволу на пікет, то ім ахоўваць няма чаго, няма прадмета дамовы…

Што тычыцца Дамачава, то там фармальнай падставай для адмовы стала тое, што быццам бы тэрміны падачы заяўкі былі няправільнымі. Заўважу, што на бланку, які быў пададзены, стаіць дата 2 лютага, а зарэгістравана заява была 3 лютага — якраз за 15 дзён да пікета. Аднак і ў тым, што заяўка была аформлена на дзень раней, чыноўнікі ўгледзелі парушэнне…”

Анатоль Новік лічыць, што чыноўнікі наўмысна забараняюць пікеты сацыяльна-эканамічнай скіраванасці. “Я на сто працэнтаў упэўнены, што чыноўнікі на месцах кіруюцца павілам: забараняць усё, што можа хоць неяк ускалыхнуць грамадства, — гаворыць ён. — Наступным разам не здзіўлюся, калі адмова ў правядзенні пікета будзе абгрунтавана тым, што заява занесена ў сельсавет не з таго ўваходу… Чыноўнікам выгадна, каб людзі сядзелі як мышы пад венікам і маўчалі, каб не пратэставалі супраць галечы і жабрацтва. Забарона пратэстаў — гэта такі прымус да шчасця. І ён сведчыць толькі пра адно: улада зараз знаходзіцца ў апазіцыі да народа”.

Нагадаем, што Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду пікетаў, сходаў і мітынгаў. Таму, нягледзячы на адмовы ў правядзенні пікетаў, сябры Брэсцкай абласной арганізацыі партыі “Справядлівы свет” будуць дамагацца рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права аб свабодзе пікетавання. Плануецца, што ў сакавіку ва ўладныя структуры Брэстчыны будзе перададзена яшчэ 15 заявак на пікетаванне.

Поделиться ссылкой: