На думку лінгвістаў, з прыкладна сямі тысячаў моваў свету да канца стагоддзя можа знікнуць палова. Беларуская мова таксама знаходзіцца сярод тых моваў, якім пагражае знікненне. Паводле складальнікаў атласу «Мовы свету ў небяспецы»  яна мае статус  «vulnerable», што літаральна азначае  «ранімая» і  «уразлівая», у сэнсе яе слабасці і безабароннасці. Такі ж самы статус мае, напрыклад, тувінская мова. Статус мог бы быць і горшы, бо колькасць актыўных карыстальнікаў у чатыры мільёны чалавек – яўна празмерна аптымістычная лічба. Пры такой колькасці носьбітаў мовы мы б штодзённа чулі яе навакол сябе. Але, на жаль, часцей за ўсё яе можна пачуць хіба што ў мёртвых запісах у грамадскім транспарце. А каб пачуць жывую гаворку, асабліва  ў сталіцы, трэба пабегаць ды пашукаць. 

Нашым сайтам была распачатая дыскусійная размова пра лёс беларускай мовы, да якой мы заклікаем актыўней далучацца ўсіх зацікаўленых. Дарэчы, як піша сайт generation.by, папулярызацыі занядбаных і чэзлых моваў добра спрыяе інтэрнэт. Не толькі інструмент глабалізацыі, але і  «глакалізацыі» таксама, у аснове якой ляжыць ідэя дэцэнтралізаванага і разнастайнага свету. 

Калі вы сваім уласным прыкладам садзейнічаеце моўнай і культурнай разнастайнасці, падзяліцеся, калі ласка, з іншымі чытачамі, якім чынам вы гэта робіце. Магчыма, ваш прыклад стане для іх прыцягальным.

Як вы правялі Міжнародны дзень роднай мовы?

 

Поделиться ссылкой: