У новы будынак на вуліцы Энгельса клініка пераехала на пачатку лютага, калі сюды завезлі новае медыцынскае абсталяванне, новую мэблю і бальніца змагла прыняць першых пацыентаў.

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

Звонку — сучасныя карпусы са шклянымі фасадамі. А што ўнутры?

— Без белага халата і зменнага абутку ў нас да пацыентаў не пускаюць, — даносяцца мне наўздагон словы гардэробшчыцы. Атрымаўшы ў яе “экіпіроўку”, на ліфце венгерскай (а не магілёўскай) вытворчасці ўзнімаюся на трэці паверх — у тэрапеўтычнае аддзяленне. У прасторным холе на мяккіх канапах уладкаваліся пацыенты з наведвальнікамі. У палаты, якія месцяцца злева і справа ад хола, могуць трапіць толькі блізкія ляжачых хворых — і толькі з дазволу загадчыка аддзялення. Але журналісту дазваляецца зазірнуць і туды, куды ўваход забаронены,

— экскурсію па новай, сучаснай клініцы праводзіць намеснік галоўнага ўрача Іван Кунаш.

— Палаты ў нас толькі двух- і трохмясцовыя,  — пачынае аповед Іван Іванавіч. — Па пяць і шэсць чалавек мы не кладзём, але і аднамесных апартаментаў таксама няма. Некаторыя палаты перагароджаны спецыяльнай шырмай, якую пры неабходнасці можна адсунуць. Зроблена гэта для таго, каб пацыента, якому зрабілася дрэнна, тэрмінова можна было б  забраць з палаты. У некаторых  палатах ёсць тэлевізары і халадзільнікі. Але часцей  халадзільнікі знаходзяцца на пастах медыцынскіх сясцёр.

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

Што тычыцца бальнічнага харчавання, то пацыенты не скардзяцца, наадварот, жартуюць: “А ці не з прэзідэнцкай клінікі нам ежу прывезлі?” Я ўдакладніў: за якасць прыгатавання страў для пацыентаў бальніцы №2 адказвае дзяржаўнае прадпрыемства “Вітамін”.

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

Знаёмства з новай клінікай працягваецца. Звяртаю ўвагу на тое, што ў калідорах няма пацыентаў. На ўласным досведзе ведаю — перанаселенасць некаторых бальніц жахлівая; калі з прыёмнага аддзялення пацыент трапляе адразу ў палату, то яму вельмі пашчасціла. Сам быў вымушаны чакаць аперацыі ў калідоры на кушэтцы, на бальнічны ложак трапіў толькі пасля таго, як хірургі зрабілі сваю справу.

— У нас пакуль вялікага наплыву хворых няма. Дэфіцыт месцаў назіраецца толькі ў кардыялогіі, — заўважае Іван Кунаш.
Дарэчы, з пераездам у новыя карпусы 2-я мінская бальніца займела і новыя аддзяленні. Дакладней — на яе базе адкрыўся Мінскі гарадскі кардыялагічны цэнтр. А што да самой бальніцы, то кардыялагічных аддзяленняў у ёй — два. Таксама працуюць аддзяленні экстраннай і гнойнай хірургіі, аддзяленне неўралогіі, пульманалогіі, гастраэнтэралогіі, аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі, рэўматалагічнае аддзяленне. Клініка мае чатыры аперацыйныя.

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

— Асаблівы гонар — гэта нашы кадры і суперсучаснае медыцынскае абсталяванне, — кажа Іван Іванавіч. — Прычым усе апараты — новыя, беларускай і замежнай вытворчасці. Напрыклад, магнітна-рэзанансную і камп’ютарную тамаграфію спецыялісты робяць на абсталяванні фірм Philips і Toshiba. Тамаграфія дазваляе рабіць дакладную дыягностыку. Заўважу, што падчас праходжання працэдуры пацыент знаходзіцца пад поўным кантролем доктара. На манітор падаецца відэа, якое дазваляе адсочваць ход працэдуры.  Вынікі абследавання па бальнічнай камп’ютарнай сетцы перадаюцца ў аддзяленне, дзе ляжыць пацыент. Па жаданні іх можна запісаць на камп’ютарны дыск. У ідэале мы думаем цалкам перайсці на электронныя гісторыі хваробы пацыентаў.

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

Увогуле, у кожным аддзяленні клінікі — адмысловае сучаснае абсталяванне. У кардыялогіі — ангеограф, які дазваляе вывучаць функцыянальны стан крывяносных сасудаў у арганізме чалавека, новыя электракардыёграфы. У дыягнастычным аддзяленні — самыя сучасныя апараты ультрагукавога даследавання, неўралагічнае аддзяленне, якое разлічана на 30 чалавек, таксама абсталявана найсучаснейшай тэхнікай. Тут жа зала з трэнажорамі, дзе пацыенты праходзяць курс ЛФК.

А вось у фізіятэрапеўтычным аддзяленні карэспандэнту “Народнай Волі” прапанавалі… прыняць ванну.
— Гэта спецыяльныя ванны ўкраінскай вытворчасці, — пахваліліся ўрачы аддзялення. — “Водную” тэрапію прапісваем пацыентам, якія маюць праблемы з пазваночнікам, ціскам.

2-я Клінічная: погляд знутры (фота)

Тут жа ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні пацыенты маюць магчымасць прайсці курсы святлотэрапіі — лячэння святлом, іглаўколваннем, а таксама лазерам. Між іншым, прыборы лазератэрапіі — беларускай вытворчасці з амаль паэтычнай назвай “Экстрасэнс”.

— Усё гэтае высокакласнае абсталяванне даступна не толькі пацыентам бальніцы, — гаворыць Іван Кунаш. — У нас працуе кабінет платных паслуг. Любы жадаючы можа прыйсці і абследавацца. Пакуль трымаюцца старыя расцэнкі. Адным з самых запатрабаваных накірункаў з’яўляюцца кардыялагічныя абследаванні. Дык вось кансультацыя кардыёлага, праходжанне электракардыяграмы і УЗІ сэрца каштуе зараз прыблізна 80 тысяч рублёў. Праўда, кошты з часам падрастуць, зараз вылічваюцца новыя кошты на платныя паслугі…

Што і казаць, мінчане займелі яшчэ адну цудоўную клініку. Не толькі ж высокім начальнікам лячыцца ў найлепшых умовах.

Фота аўтара



Поделиться ссылкой: