Сяргей ЗАКОННІКАЎ: “Адраджаць мову і культуру трэба не з тэлебачання, а з універсітэтаў і школ!”

12

Плануецца ўжо ў сакавіку запусіць тэлеканал у тэставым рэжыме. Чакаецца, што ўжо ў кастрычніку ён увойдзе ў абавязковы пакет кабельных аператараў.

Анансуецца, што на тэлеканале будзе прадстаўлена дакументалістыка, гістарычныя фільмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубляваныя на беларускую мову, ток-шоу культуралагічнага плану, рэлігійныя праграмы, праграмы для дзяцей, школьнікаў.

Стварыць тэлеканал мяркуецца без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

«Гэта тая ніша, якая цяпер не запоўнена. З запускам «Беларусь-3» канал «Беларусь-2» стане канчаткова спартова-забаўляльным, а «Беларусь-1» — універсальным каналам, — цытуюць Давыдзьку СМI. — У перспектыве ў абавязковы пакет кабельных аператараў увойдзе яшчэ і кругласутачны інфармацыйна-аналітычны канал «Беларусь-24.

Па меркаванню Давыдзькі, беларуская нацыянальная культура мае патрэбу ў папулярызацыі, і тэлеканал «Беларусь-3» будзе гэтаму спрыяць. 

Ацаніць новую ініцыятыву “Народная Воля” прапанавала вядомаму паэту і публіцысту Сяргею Законнікаву.

— Мне пакуль не зразумела, адкуль возьмуць грошы на стварэнне новага тэлеканала, калі не з бюджэта, то хто будзе фінансаваць тэлеканал, плаціць заробкі тым, хто там працуе? — агучвае свае думкі Сяргей Іванавіч. – Але сутнасць, канешне, нават не ў гэтым.

Мова — гэта грунт культуры. І мяне нікто не пераканае, што можна на іншай мове рабіць беларускую культуру. Сёння ў нашай краіне няма ніводнага сапраўднага нацыянальнага ўніверсітэта, які б працаваў на роднай мове.

Няма школ, бо нават вясковыя школы сёння не беларускамоўныя па той прычыне, што ў нас няма кадраў, якія б маглі выкладаць розныя прадметы на беларускай мове.

Тое, што было напрацавана ў чарговы этап нашага адраджэння, які прыйшоўся на канец 80 — пачатак 90 гадоў, — згубілася, бо трэба пастаянна працаваць у гэтым накірунку, падпітваць. Пасля гэтага ў нас пачаўся адкат і ўвагі на падрыхтоўку кадраў і ўсё тое, што звязана з беларускасцю, не было.

Таму вось такая штука атрымліваецца ў маіх развагах: з аднаго боку, я вітаю стварэнне беларускамоўнага канала. Але якія вынікі могуць быць, калі ў нас няма ўсяго таго, пра што я казаў вышэй?

На маю думку, трэба пачынаць так, як пачыналі чэхі – з нацыянальных універсітэтаў і школ, якія працавалі на сваёй мове. І ў іх адбылося чэшскае нацыянальнае адраджэнне і мова заняла годнае месца ў жыцці краіны. У нас жа гэтага пакуль і блізка няма! А тое, што робіцца – гэта такое марафетнае ўсе, на мой погляд…

Таму я за тое, каб у комплексе вырашаць пытанні адраджэння і папулярызацыі беларускай мовы. Бо калі рабіць паасобку, то ніякага эфекта не будзе…


Няма запісаў для адлюстравання