Усё пачалося пасля таго, як людзі даведаліся аб будаўніцтве двух шматпавярховікаў на месцы дзіцячай пляцоўкі. Жыхароў мікрараёна абурыла, што будаўніцтва збіраюцца рабіць у перанаселеным раёне. Людзі аб’ядналіся, сабралі подпісы пад зваротамі ў адміністрацыю, правялі сходы, самі звярнуліся да розных экспертаў. Летась жыхары ўздыхнулі з палёгкай: іх запэўнілі што ніякага будаўніцтва не будзе. Людзі паверылі, што нарэшце перамаглі.

Але 15 лютага раптам патэлефанавалі з выканкама старшыні ініцыятыўнай групы Валянціне Малюцінай і паведамілі, што зноў усё вяртаецца на зыходную пазіцыю.

Актавая зала падзелена на дзве часткі. Адну займаюць жыхары мікрараёну, другую – спецназаўцы, таму, што большасць кватэраў у тых дамах, якія запланавана пабудаваць, будзе належыць менавіта ім. Людзі пачалі абурацца: “Чаму мы даведаліся толькі пад вечар аб тым, што будзе сход?! Чаму гэтыя людзі сюды прыехалі арганізавана, калі яны не з’яўляюцца жыхарамі мікрараёна?!” Між тым, згодна з планам, у пабудаваных дамах будуць жыць і некалькі сем’яў, якія даўно стаяць у чарзе на атрыманне жылля. Атрымліваецца, што у канфрантацыю паміж уладамі і жыхарамі мікрараёна ўцягнуты і трэці бок – забудоўшчыкі.

Жарсці накаляліся. Жыхары нагадвалі прадстаўнікам адміністрацыі, што было ўжо восем абмеркаванняў і на ўсіх людзі былі супраць будаўніцтва. Прыводзілі як аргумент нормы, згодна з якімі нельга, каб на адным гектары пражывалі больш за 245 чалавек, а тут і без таго іх колькасць больш у два разы. Замест прадугледжаных нормамі 7 000 жыхароў, на гэтай тэрыторыі жывуць каля 15 000. 

Людзі запытвалі, чаму лепш не пабудуюць паліклініку, бо немагчыма з-за чэргаў трапіць на прыём. Казалі, што ў дзіцячым садку бракуе месцаў… Жарсці кіпелі больш за дзве гадзіны. Сход скончыўся. А людзі ўсё пыталіся, чаму нікога не цікавіць думка грамадскасці. На ганку школы жанчыны і спецназаўцы на развітанне “абмяняліся ласкамі”. Што далей? Хутчэй за ўсё гэтая гісторыя будзе мець працяг. Прынамсі, сёння для “упрыгожвання тэрыторыі” прыгналі бульдозеры і пачалі пілаваць дрэвы.

Поделиться ссылкой: