Дзе схаваўся Курманбек (фота)

3

Пайшла пагалоска, быццам былы прэзідэнт Кыргызстана купіў пад Мінскам элітны дом-сядзібу, і што харомы тыя цягнуць ледзь не на 2 мільёны долараў… А яшчэ паведамілі, што рыэлтары, якія ў курсе справы, адмовіліся паведамляць падрабязнасці, бо асцерагаюцца за свой бізнес, Бакіева, маўляў, апякае сам Лукашэнка, то якое трасцы шукаць прыгодаў – можна і ў скулу атрымаць. Няма дурных, разумеюць, што да чаго…

Карацей, купіў, то хай сабе і жыве – нуворышамі не здзівіш цяперачы ні беднага кыргыза, ні роўнага яму па “багацці” беларуса. Але ж цікавіцца народ, тэлефануе, просіць падрабязнасцяў – пакажы ім той дом Бакіева, і ледзь не самога Курманбека “сфотай”, ды яшчэ інтэрв’ю ў яго вазьмі… З радасцю б, шаноўныя, але ніяк не выгарае – былы прэзідэнт, па-нашаму кажучы, схаваўся ў бульбе, амаль што на нелегальным становішчы, проста носа не выказвае. А чаму? Халера яго ведае… Мо надакучыла публічнасць, мо асцерагаецца цяперашняга кыргызскага правасуддзя – яно ж абвясціла яго ў міжнародны вышук. А можа яму проста цікавей поруч з маладой жонкай і дзеткамі, чым адбрыквацца ад розных даставучых “барзапісцаў”. 

Дзе схаваўся  Курманбек (фота)

Як  бы там ні было, але  вашу цікаўнасць мушу-такі задаволіць – хоць у нейкай ступені, бо народ, як ні круці, мае права ўсё  ведаць…

Баялі, што апошнія два  гады сям’я Курманбека Бакіева жыла ў  адным з санаторыяў Бярэзінскага біясфернага запаведніка – у месцы наколькі прыгожым, настолькі і бязлюдным. Верагодна, дапякло беглага экс-прэзідэнта і яго сям’ю тое бязлюддзе, захацелася бліжэй да цывілізацыі.

Раўбічы, калісці звычайная вёска, у апошнія гады сталася ледзь не беларускім Куршавелем. Тут усё ў наяўнасці: выдатная інфраструктура, прыгажэйшыя лясістыя пагоркі, два вадасховішчы, а да сталіцы – рукой падаць… Паблізу ўсе, можна сказаць, выгоды: знакаміты Алімпійскі комплекс, культурна-аздараўленчы цэнтр з рознымі лазнямі, кортамі і басейнамі… Жыві не хачу! Ажно самому захацелася ў тыя Раўбічы. Ну хоць надзівіцца хараству, бо ёсцека ж нагода. А ўсё дзякуючы Курманбеку Бакіеву, каб не ён, то калі б яшчэ выправіўся туды? Кідаюся ў свой “тарантас” і кірую проста ў бок трох лыжных трамплінаў. А раптам мясцовыя падкажуць, дзе тая Курманбекаўская сядзіба…

Праз  якія паўгадзіны –  на месцы. Прыгажосць наўкол – невыказная: засыпаныя бялюткім снегам пагоркі, срэбны іней на кучаравых  соснах, дымок над  комінамі вясковых хат… Але мяне цікавяць не хаты, а дом у тры паверхі коштам у два мільёны долараў. Трэба ж вам яго паказаць… Спыняюся насупраць двара, у якім варушацца рабочыя. Здароўкаемся, пытаюся ў хлопцаў: ці не ведаеце, дзе тут атабарыўся былы прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў? Тыя вочы вытарашчылі, маўляў, першы раз чуем… Адзін і кажа: «Мы проста рабацягі, папытай, дружа, у нашага Мікалая – ён вартаўніком у гаспадара» . Але і вартаўнік (назваўся Пётрам) толькі плячыма сцепануў: «Не ведаю, не чуў, – кажа, – тут шмат багаценькіх. Праедзь далей, туды, дзе катэджы ўсёй гэтай… навалачы».

Дзе схаваўся  Курманбек (фота)

 І што рабіць? Фатаграфую прыгожы дом праз вуліцу. На высачэзным плоце абвестка: “Прадаецца…”  Раптам з варот  выязджае джып, кіроўца  просіць мяне ад’ехацца, бо не размінуцца. Ну, і ў яго пытаю, ці вядома яму пра Курманбека. Мужчына ахвотна адказвае: “Канечне, вядома – з інтэрнэта. Але хай бы лепш мой купіў, чым за два мільёны”. А за свой колькі просіце?. “За траціну ад Бакіеўскай сумы, – адказвае, – купляйце, і суседства з экс-прэзідэнтам забяспечана, – ці то ў жарт, ці то ўсур’ёз кідае напаследак гаспадар ладнай сядзібы. На ўсялякі выпадак фатаграфую ягоны дом з рэквізітамі на плоце – а раптам разбагацею на старасці гадоў…

Кірую далей, пятляючы па вулках катэджных Раўбічаў і выглядваючы  дом на два мільёны. Школьная, Спартыўная, Архангельская –  не пасёлак, а жыллёва-камунальны Інтэрнацыянал… Якая ж бедная, проста хілая фантазія ў  тых, хто напрыдумляў  назвы гэтых вуліц. Затое дамы зусім не хілыя – адна, двух, трохпавярховыя… І лімузіны ля ўваходаў, у адрозненне ад назваў вуліцаў, таксама не расійскай зборкі-склёпкі, а нямецкай ды японскай.

Дзе схаваўся  Курманбек (фота)

Нарэшце, аб’ехаўшы чужыя ўладанні і страціўшы надзею (дапытваў усіх, каго сустракаў) пабачыць дом Бакіева, мушу паварочваць назад. Ад усяе вандроўкі адна радасць – надыхаўся свежым марозным паветрам ды пабачыў, у якіх харомах “новыя” беларусы жывуць. А вось Бакіеўскага катэджа, роўна як і яго асабіста, так і не адшукаў – ці то канспірацыя на ўзроўні, ці то проста дзень няўдалы. А яшчэ здалося вось што: дамы ў беларускім Куршавелі хоць і ладныя, але на два мільёны наўрад які пацягне… Хаця, калі грошай багата ды халяўных, то за два можна і халупу купіць – па дабраце душы, так бы мовіць… Прэзыдэнты, як вядома, беднымі не бываюць, дармо, што кленчаць пра свае чыстыя рукі: то ў іхных  гаражах заржавелыя “масквічы” з “запарожцамі”, то нерухомасці аніякай, то яшчэ якая нішчымніца… А на самой справе – сотні мільёнаў “бабла” параспіхвана ў афшорных закуточках, ці ў калег на другім канцы свету…

Эдыль Байсалаў, колішні кіраўнік выканаўчага камітэта Часовага ўраду Кыргызстана, неяк сказаў, што пара мільёнаў долараў для Бакіева – гэта мізэр. Па ягоных звестках, сям’я былога лідэра кыргызскага народа акумулявала на рахунках і ў нерухомасці сотні мільёнаў долараў. І таму рашэнне ўкінуць у абарот беларускай эканомікі некалькі мільёнаў – своеасаблівая падзяка за цёплы прыём у Беларусі.

«У тым, што ён паспеў вывезці грошы, мы ніколі не сумняваліся, – упэўнены ён, – 2 мільёны ці 1 мільён 700 тысяч долараў для сям’і Бакіевых — гэта проста драбніца. У іх сотні мільёнаў долараў,  як у выглядзе ліквіднага капіталу, так і ў выглядзе нерухомасьці. Але мы адразу ж заявілі, што ня хочам псаваць адносіны з беларускай дзяржавай, з народам Беларусі і канфліктаваць з-за нейкіх прэзідзентаў. Мы дакладна ведаем, у якім стане знаходзіцца народ Беларусі, і таму звычайныя беларусы тут абсалютна ні пры чым. Сяброўства дыктатараў ні ў якім разе не павінна перашкаджаць сяброўству народаў Кыргызстану і Беларусі. Пры гэтым цалкам зразумелая пазіцыя спадара Лукашэнкі ў гэтым пытанні. Так, мы паважаем права Рэспублікі Беларусь даваць прытулак, гэта суверэннае права, і мы не можам прыцягваць Беларусь да адказнасці за гэта. Але мы бачым, што гісторыя мяняецца, усё цячэ, і, магчыма, Курманбеку Бакіеву вельмі нават хутка давядзецца шукаць сабе новае месца прытулку. Хачу сказаць шчыра: мы вельмі гэтага жадаем».

Ужо на выездзе з Раўбічаў прыпыніўся, каб сфатаграфаваць адзін найпрыгажэйшы  дом… А тут –  ні адтуль ні адсюль – насустрач сталага веку жанчына, па-усяму тутэйшая. Значыцца, павінна ведаць пра ўсё… Назвалася Таццянай Іванаўнай Волах.

«Сапраўды, – пацвярджае маю здагадку жанчына, – жыву тут сорак гадоў. Але не скажу, – прызнаецца яна, – што скрозь усё і пра ўсіх ведаю. А чаму? Цяперачы ў Раўбічах чужых болей, чым сваіх. Тыя, што ў хатах жывуць – тых ведаю, а што ў вялізных дамах, то – халера іх ведае. От гойсаюць на машынах – не прайсці ўлетку. Але мне ўсё роўна, хай сабе жывуць, абы не заміналі…»

Дзе схаваўся  Курманбек (фота)

На  тым і разышліся: Таццяна Іванаўна звярнула ў вулку, а я навастрыўся  ў бок сталіцы.

Фота аўтара.


Няма запісаў для адлюстравання