Пракуратура высветліла, што на Міншчыне не ахоўваюць гістарычную спадчыну

7

Пракуратура патрабуе прыцягнуць да адказнасці тых службовых асобаў, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства ў справе забеспячэння захоўвання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, ажыццяўлення рэстаўрацыйных прац на найбольш важных аб’ектах гістарычнай спадчыны.

Праверкі паказалі, што ў Бярэзінскім, Чэрвеньскім, Уздзенскім, Лагойскім і некаторых іншых раёнах не распрацаваныя праграмы па ахове гістарычнай спадчыны. Не вядзецца кантроль за выкананнем работ.

Не распрацаваны ніводны праект зонаў аховы сядзібы “Ігнацічы” ў Калініне, паркавага комплекса ў Сёмкава, сядзібы Прушынскага ў Каралішчавічах, паркавага комплекса ў Новым Полі. 

У Лагойскім раёне з 69 аб’ектаў толькі на 9 усталяваныя ахоўныя дошкі. У Бярэзінскім раёне дошак няма ні на адным з 30 аб’ектаў. Такая ж сітуацыя ў Пухавіцкім, Чэрвеньскім, Мінскім і шэрагу іншых раёнаў.

У аддзеле культуры Мінскага райвыканкама пашпарты ёсць толькі на 42 аб’екта з 98. Апроч таго, адсутнічае праектная дакументацыя зон аховы на аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны з рэжымамі іх утрымання і выкарыстання.

Калі пракуроры абследавалі рэшткі сядзібна-паркавага комплекса “Пукава” сярэдзіны ХІХ стагоддзя што ў Сунаях Капыльскага раёна, высветлілася, што філіял “Лакнея” “Прыорлізінгу” не выканаў неабходныя мерапрыемствы, каб захаваць аб’ект спадчыны: дамы ў кепскім стане, рамонт не рабіўся, унутры смецце, уваход даступны для ўсіх жадаючых. Маладыя дрэвы разбураюць фундамент гістарычнага будынку. Каля яго бытавыя адкіды.  І гэта не адзінкавы прыклад.


Няма запісаў для адлюстравання