Нагадаем, выбух у інтэрнаце вайсковага гарадка паблізу вёскі Малінаўка Лагойскага раёна адбыўся 8 лютага. Пацярпелі чатыры чалавекі, якіх з траўмамі рознай ступені цяжкасці даставілі ў мясцовую бальніцу. Адзін чалавек загінуў. Лагойскі райвыканкам абнародаваў прозвішчы тых, хто пацярпеў найбольш сур’ёзна. Гэта пераважна маладыя людзі: Уладзімір Маняк, 1987 года нараджэння, Дзмітрый Ісаеў, 1988 г.н., Павел Нямшон, 1976 г.н., і Ларыса Домрачава, 1961 года нараджэння.

Зараз па факце здарэння працягваецца разбіральніцтва. Асноўная версія — выбух газу.
Адразу пасля надзвычайнага здарэння пацярпелыя, якія засталіся без даху над галавой, былі заселены ў санаторый “Рудня”, што пад Лагойскам. З самага пачатку паведамлялася, што тут яны будуць заставацца да канца тыдня. Тыдзень прайшоў…

Як паведаміў карэспандэнту “Народнай Волі” намеснік начальніка аздараўленчага комплексу “Трактар” (якому падпарадкаваны санаторый “Рудня”) Канстанцін Рыбчык, у “Рудні” заставаліся 16 чалавек, пацярпелых ад выбуху. “Пакуль гэтыя людзі тут, — сказаў Рыбчык. — Шчыра кажучы, я не ведаю, калі і куды іх будуць перасяляць…”

Па інфармацыі лагойскай раёнкі “Родны край”, людзей, пацярпелых ад выбуху, з часам збіраюцца перасяліць у гатэль “Алімп”. І, як паведамляе выданне, зараз прапрацоўваецца пытанне аб рамонце інтэрната, дзе прагрымеў выбух. Праўда, газавыя пліты мяркуецца замяніць электрычнымі…

Дарэчы, вядома, што пацярпелым ад выбуху ў інтэрнаце выплацілі першую кампенсацыю — па 2 мільёны рублёў на сям’ю — на прадметы першай неабходнасці. Сям’я загінуўшага атрымала 4 мільёны. Чыноўнікі абяцаюць, што гэта толькі першыя выплаты. Дадатковая фінансавая дапамога будзе выдаткавана пасля таго, як спецыяльна створаная камісія выявіць урон ад выбуху.

Як паведамілі “Народнай Волі” ў Лагойскім раённым выканаўчым камітэце, праблемай аказання дапамогі і вырашэння жыллёвага пытання для пацярпелых ад выбуху займаецца старшыня Лагойскага савета дэпутатаў Пётр Вабішчэвіч.



Поделиться ссылкой: